Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цёця Яня, Арнольд С. і Сяргей Параджанаў


Я, канешне, усьведамляла, што цёця Яня ня будзе жыць вечна.

Але ўсё роўна адкладала і адкладала размову аб ейным трагічным юнацкім каханьні. Між іншым, гэта самая цікавая і сумная гісторыя пра каханьне з усіх, што я чула ад людзей. У той дзень, калі я падумала, што во як добра зьвязваецца гісторыя цёці Яніны з наведваньнем выставы, прысьвечанай кінастужцы Сяргея Параджанава «Цені забытых продкаў» аб трагічным жа каханьні, цёця памерла. А выстава праходзіла ў Кіеве. І я была тады ў сакавіцкім Кіеве, на паэтычным фэстывалі. Выступала ў той дзень, калі цёця памерла. Я выразна чытала ўласныя вершы і нават не здагадвалася, што цёці ўжо няма на сьвеце. Я думала ў тыя дні, як слаўна перапляту паміж сабою гуцульскую парачку, герояў фільму «Цені забытых продкаў» Івана з Марычкай, і закаханых дзяўчыну і хлопца зь беларускай вёскі, Яніну і Арнольда.

*

Вярнуўшыся з Кіеву, яшчэ не даехаўшы да Смаргоні, пачула па тэлефоне ад сяброўкі:

— Твая цёця памерла, якая ў атэлье працавала. Вось цяпер чытаю рубрыку «Спачуваньні» ў раёнцы... Спачуваю!

*

Для мяне гэта быў удар у першую чаргу, як па пісьменнаму чалавеку, скажу праўду. А ўжо потым па пляменьніцкіх пачуцьцях. У першую чаргу я дзіка пашкадавала, што так і не спыталася пра Арнольда. Не магла паверыць, што цёцінага спакойнага голасу больш не пачую ніколі. Мне нават сьнілася, быццам шукаю цёцю і вось-вось знайду. Іду за ёй з пакоя ў пакой, але кожны раз, як наганяю, цёця хаваецца за паваротам і ціха сьмяецца адтуль ласкавым сьмехам. Я ня бачу цёцю, толькі край шаўковага даўгога шлафрока памаранчовага колеру літаральна з-пад носа зьнікае. Ледзь чутнае шамаценьне ўсё далей і цішэй. Але не сьпяшаюся, я чамусьці ўпэўнена, што абавязкова даганю. І дарма. Цяжка, наогул, прызвычаіцца да думкі, што больш не зайду да цёці ў чыстую, заўсёды духмяную ад печыва хату. Але каб трапіць у сярэдзіну, трэба было доўга грукацца ў акенца кухні. Цёця ня надта чула і павольна соўгалася. Сабака брахаў, рваўся з ланцуга. Цёця нарэшце прыходзіла адчыняць з дальняга пакоя, дзе тэлевізар. У нязьменнай хустачцы і акулярах, якія моцна павялічвалі вочы. Вялікія дзіцячыя вочы выказвалі адно — любоў. І разьвітваючыся, у апошнія гады цёця нязьменна цалавала ў вусны. Гэта было так міла. Ідзеш і асьцярожна пасьміхаесься ўсю зваротную дарогу, каб ня спудзіць адчуваньне пацалунку. Нібы вуснаў ледзь крануўся нябачны матылёк, такі бываў ўспамін пра мяккі бледна-ружовы пацалунак.

*

Цёця Іра, наймалодшая зь сясьцёр, расказвала, што і за дзень да сьмерці Яня папрасіла да яе нахіліцца. Іра нахілілася, старэйшая сястра Яня абхапіла за шыю слабой рукой і пацалавала на разьвітаньне ў самыя вусны. Гэта быў апошні пацалунак. Я першы раз тады заплакала па цёці Яні, з-за таго апошняга пацалунку. Але хутка справіўшыся с жалобнай пяшчотай да нябожчыцы, папрасіла Іру заадно расказаць, што яна памятае пра каханьне цёці Яні і Арнольда.

— Мама твая помня лепей, — спрабуе адмовіцца цёця.

— Мама помніць сваё, вы сваё.

— Таня, я помню, што дружылі ані. Любіла ана яго. Патом, как увезьлі іх сям’ю ў Ташкент, ён аттуда ўцёк. І да нас вярнуўся. Да Яні. Як хто прыйдзе, то пратался за печ. Думаеш, можна пра гэта расказваць? — раптам спалохана пытаецца цёця Іра.

— Канешне, можна! Сталін даўно памёр, — адказваю няўпэўнена, цёцін страх пужае мяне. Страх заразны. Але выгляду не паказваю.

— Іх за што саслалі? — пытаюся, ня гледзячы на тое, што ведаю прычыну. Ад мамы я даўно ня раз чула. Але ведаю і тое, што нават на самыя простыя пытаньні кожны мае свой адказ.

— Як кулакоў. Нашы тожэ маць с атцом спалі адзетыя, — высілкам волі зьмяняючы спалоханы тон на апавядальны, працягвае цёця.

— Звычайна ноччу забіралі?

— Канешна.

— А чаму?

— Зачэм, каб хто відзеў.

— Вы помніце, які быў Арнольд?

— На від сьветлы. Невысокага росту такі. Харошага васьпітанія.

— І доўга яны сустракаліся перад тым, як забралі яго?

— Яны ж рабілі разам. Оба партныя былі. Але мама лепей табе раскажа.

*

Яня і Арнольд. 1950 г.

Яня і Арнольд. 1950 г.


Ну мама дык мама. Відаць без мамы і тут не абысціся, а так хацелася. Маму два разы прасіць не трэба:

— Арнольд Страшынскі рабіў у атэлье вмесьце зь Яняй. В арцелі «Красный пішчэвік».

— Яны зьбіраліся пажаніцца?

— Да! Да! Такая любов была, божа мой!

— Цёця Яня знала, што сям’ю Арнольда забяруць?

— Канешна, не знала! Я знала адна, што ноччу гэтай будуць вывазіць. Я работала в Райдораддзеле. Раённы дарожны аддзел. Тады ж не было асфальта. Брук быў, гравійныя дарогі. Гэтым усім занімаўся аддзел. Частная ж собственнасьць была, лошадзі, і каждаму дзеравенскаму давалі сколька дней атработаць на дароге. Што пользуюцца дарогай. Вазіць гравій, гэта ўсё. І нешта на рабоце ішоў разгавор, я услышала, што такое мерапрыяціе намечана. Што будуць ноччу вывазіць. Парційцы ехалі з паліцэйскімі і забіралі эціх людзей. Памагалі грузіць там, што ўзяць у целегу.

— Ты магла б папярэдзіць, і Арнольд бы ўцёк.

— Я слышала, што будуць ноччу вывазіць, а каго, я ж не знала. Утрам Яня ішла ўжо на работу, і на целеге ехаў Арнольд, бацька, матка і брат.

— Яна ўбачыла, як іх вязлі на вакзал?

— Вязьлі па цэнтральнай дароге. Па гэтай Савецкай вуліцы. А яна ішла на работу. І ўвідзела вот это. Як на вакзал ехалі.

— Куды іх выслалі?

— У Ташкент дзе-та там в сьцепі. А можа праз паўгода ён зьбежаў. Патом прыйшоў да нас ноччу. А тада ўжо аттуда паступіла сюды ў НКВД, што пабег зрабіў. Значыт, началі сьледзіць. Што дзе-та должен тут паявіцца. А тады наш татусь тапіў баню і ўвідзеў цыгарэты. Акуркі. У вёске ніхто не курыў цыгарэты. Татусь гаварыт: «Я понял, сьледят за нім, дзежурат». А днём, есьлі відзіць, што хто-та ідзе, дык Арнольд за крэданс, такі буфет, пратаўся за двер.

— Жыў у вас?

— Не жыў, прыходзіў. Цёткі ж у яго ў Сукневічах былі. У нас такое абшчэніе зь німі было, мы на фэст да іх хадзілі, на абед посьле фэста... І напісалі ім, што еьслі Арнольд прыйдзе, яму нічога не будзе. Напісалі так і так, плоха кончыцца ўсё роўна, і што яны ў НКВД знаюць, дзе ён. Канешна, ну куды ты дзенешся. Усё роўна ж дамой явішся. І пайшоў здацца. Яму 25 лет лагерэй далі. Недзе там у Сібір адправілі. А ўсё жэ па нацыянальнасьці дакументы былі ў яго — паляк. «Красны крэст» всё жэ сыграў бальшую роль! І цяпер іграе. Кажэцца там, ай «Красный крэст» — мурня гэта, ерунда. А вот не ерунда! Паляк, і ўсё. Пераправіў «Красны крэст» яго ў Польшу.

— А раскажы, як вы паехалі з дзядзей Меткам да Арнольда ў Польшчу.

*

Дзядзя Метэк — стрыечны брат мамы па бацькавай лініі.

*

— Гэта была наша первая паездка зь Яней за граніцу. Яня была ўжо замужам. А я не, не замужам. Яня расказала Метку, што быў кавалер, судзілі. Метэк спрасіў: «Ты знаеш, дзе ён жыве?» Яня гаварыт: «Горад Ловіч, 88 км ад Варшавы». Мы з Яняй, як прыехалі, Метэк ўзяў одпуск на 10 дней. І служэбны аўтамабіль з шафёрам.

— Кім ён рабіў, што свой шафёр?

— Ён быў главнакамандуюшчы ваенна-ваздушных сіл Варшавы. Генеральская должнасьць!

— Ня Польчшы?

— А можа і Польшчы. Патаму што яго камандзіравалі на павышэніе кваліфікацыі ў Піцер. І тады зь Піцера ён прыязджаў да нас ў Перавозы. Пашла ужэ сьвязь между намі і польскай раднёй. Божа, як ён тады первы раз у Перавозы прышоў! Знаеш, малады, у ваеннай форме красавец, лакавыя сапагі, перчаткі, выпраўка гэта. Я рабіла ў банку. На Вікторыіі Сінкевіч тады быў банк. Ён, як зайшоў у банк, і быў начфін із вайсковай часьці ў банк прыйшоўшы. Дык начфін проста такі мізер проціў Метка. Мне дажэ жалка стала яго. Метэк, як зайшоў, чэраз бар’ер усе: «Божа, божа, які красівы!» Ну красівы і вот... Дык узяў шафёра і утрам неяк Метэк гавора так: «Dziewczynki, pojechali w Łowicz!»

— Гэта было летам?

— Летам! Летам! Настаяшчае такое лета! Прыехалі па адрэсу. У Яні быў, цёткі Арнольда ёй далі. Там цёшча адкрыла. Пытаецца, нашто ён вам. Метэк кажа: «Czapki dla wojska chciałbym zamówić». Яна кажа, што ён з жонкай работае ў магазіне на плошчадзі, і можэце увідзець іх. Прыехалі, я вылезла із машыны. Яня ў машыне сядзела. А Метэк пайшоў у магазін. Я хаджу туды-сюды па брушчатке. Метэк вывеў Арнольда на вуліцу, і я віжу, як ў Яні за шклом аўтамабіля зьбялеў твар. А яны ідуць так да машыны. Я прэдстаўляю гэна ўсё. Увідзець Арнольду гэтаму Яню. А ён жа спрасіў: «Што хацелі вы?» А Метэк не сказаў сразу, а вывеў, і ідуць. Тожа вот, гаварыў, што пашыць для войска шапкі. Можа дагаварыцца выйсьці папрасіў. Ну і падводзя так во блізка. Прыастанаўліваюцца. А Метэк жэ такі. Умее. Арціст. Яня тады выйшла з машыны. Ну і ўвідзеліся. Пагаварылі. Тада пытаецца Арнольд: «Ці абедалі вы?» «Не, а дзе тут у вас рэстаран?» — Метэк пытаецца. А ён гаварыт: «Мінутку, я схаджу ў магазін». Наверна, дзеньгі ўзяў. Прышоў, і мы паехалі абедаць. Падашла к нам афіцыантка. Ты знаеш, ну такая старушэнца халёная! Вот панімеш, у нас старушкі такія рапушкі, а гэта прышла — выпраўка! Плацінавая галава аж зьзяе.

— Галівудзкая зорка.

— Ну да, галівудская. Метэк гаварыт: «Nam wódkę». Ана гаварыт, што панедзельнік, і нельзя сьпіртное. Постны дзень ці што. А Метэк просіт: «Pani, może do dzbanku?» Такая встрэча, ён кажа, хацелась бы па кілішку. «Dobrze! Ile?» — яна пытаецца. Вот не помню, скока ён заказаў. Не так, што каб напіцца, а для абеда. Прынясла яна выпіць, прынясла яды. Сядзелі, лэхалі, што прыходзіла ў галаву. Патом выпілі каву. Ну і расчытацца ўжо. Тут Арнольд дастае грошы, а Метэк аперадзіў. Арнольд тагда на афіцыантку гаварыт: «Proszę powtórzyć!» Яшчэ выпілі і паелі...

— Арнольд плаціў?

— Он заплаціў.

— Ці бачна было па іх, што захаваліся нейкія пачуцьці?

— Ну, панімаеш, яны ж не адні былі. Каб яны маглі встрэціцца назаўтра. Дзе-та какой-то рэстаран, вечарам. Каб абстановка... А то пры ўстрэчы мімалетнай... Ані былі не гатовы. Не маглі расслабіцца. Я панімаю, што цяжэло ім было, напражэніе такое. Усё ўзьвесіць не было вазможнасьці. А есьлі б вот встретіцца ешчо...

— То бок больш яны ня бачыліся?

— Не! Не! Гэта была первая і пасьледняя ўстрэча!

*

Значыцца, больш Яня з Арнольдам ня бачыліся. Але ставіць кропку мне не хацелася, а карцела паехаць у вёску Сукневічы, адкуль родам Арнольд, каб пашукаць ягоныя сьляды. Я дамовілася з прыяцелем, у якога аўтамабіль, што як толькі распагодзіцца, паедзем. Як назло кожны дзень дождж. У нядзелю, падняўшыся і ўбачыўшы шэрае неба за мокрым шклом акна, разумею, што калі дождж ня скончыцца, я ніколі не дапішу гісторыю каханьня, і яна загіне разам са мною, і нашто тады наогул жыць? Тэлефаную прыяцелю з аўтамабілем: «Калі сёньня ў Сукневічы не паедзем, мы ніколі туды не пападзем!» Прыяцель згадзіўся: «Паехалі!»

Вёсачка невялікая, але куды ісьці — думаю дарогай, я ж нікога там ня ведаю. Раптам на самым ўезьдзе бабуля ў ярка-валошкавай хустцы. Здалёк відаць. Я кажу: «Саша! Гэта знак, вёска сустракае нас». Сапраўды, іду да бабулі, дождж лупіць, а яна стаіць — не варухнецца. Да яе з аднаго боку сунецца такая ж сухенькая бабулька ў хустцы, і з другога. Разглядаюць зацікаўлена. Пытаюся пра Арнольда. Адна з бабуль кажа: «Пойдзем да Валодзі. Валодзя знае ўсё!» Валодзя ейны муж аказаўся. Мала таго — сябар Арнольда. Валодзя нібы чакаў пытаньня пра Арнольда, бо не пасьпела я дагаварыць, як пачаўся адказ:

— Арноля з майго года. З трыццатага. Ён у Польшчу зьехаў! А жыве ён ці не?

— Ня знаю.

— Ну можа і памёр... Тут у Сукневічах цёткі ягоныя жылі. Сто гадоў, як памярлі.

— Мама расказвала пра цётак.

— Хто мама?

— З Перавозаў. Янчуковіч. Палінаравы іх называлі. Таму што мамінага дзядулю звалі Апалінарый.

— Знаю Палінаравых! Іхная хата там у самага возера стаяла. Я там часта бываў на танцах. Як начнём гуляць, места ў хаце няма. Ужо такіх меншых — вооон! Было весела. Бедна, но весела. Арноль за Палінаравай адной ухажываў.

— Вот! За Яняй. За старэйшай.

— За Яняй? Жывая?

— Памярла. Напрыканцы красавіка.

— Цяпер, да?

*

Маецца на ўвазе — у гэтым годзе. У нас яшчэ кажуць — «сёлета».

*

— Цяпер. Перад Каталіцкай Пасхай.

— І Арноля зь сям’ёй вывозілі перад Пасхай. Перад Праваслаўнай. Я ў арміі быў. Пайшоў 1 апрэля 51-га года. І ў 51-м гаду іх вывазілі.

— А як вы помніце, вы ж ў войску былі?

— Мне пісьмо напісалі, што іх вывязлі. Мой брат служыў у МГБ ( Міністэрства Дзяржаўнай Бяспекі СССР: 1946-1953). У іх сначала быў атрад спецыальнага назначэнія. Тут МГБ прышла з гэтай... з Расеі, і тут за Вяльлёю яны стаялі ў балоце недзе. Яго забралі перавадным. Пераводзіць. Ён прыехаў ка мне. Тут за адной дзевушкай ухажывал немножка. І вот ён сказаў: «Скажы ім, што іх будуць вывозіць, хай рыхтуюцца».

— То бок яны маглі зьбегчы, а сталі проста зьбіраць рэчы ў дарогу, у ссылку?

— Нікуды яны не зьбеглі. А куды пабяжыш? На станцыю забралі іх і папёрлі. Арноля трошкі ён будта бы скрываўся.

— Бо ён уцёк да Яні з Ташкенту.


— Ясна... Я падазраваў што-та не то з Арнолям, бо нас усіх забралі хлопцаў у армію, а ён астаўся. А гэта ўжо іх зьбіраліся вывазіць, значыцца. Яны тут харашо жылі. У іх участак быў — 20 га. Двое лашадзей, карова. Малатарня свая. Цяпер гэта можа і невялікае хазяйства, а наперад было цэлае багацтва.

— Які ён быў?

— Харошы хлапец! Мы зь ім дружылі. Ён ка мне прыходзіў, я да яго.

— А як у Польшчу зьехаў, больш не вяртаўся?

— Не, не было. Не прыязджаў. Ён жа папаў скора да дзядзькі ў Амэрыку. Дзядзька ягоны дзяржаў рэстаран там. Тока не панравілася яму: «Не хачу ў Амэрыцы быць! Еду ў Польшчу да бацькі». Так было. Больш пра Арнолю не маю што казаць.

*

Уладзімір шчыра паціснуў руку на разьвітаньне працоўнай рукой чалавека, які ўсё жыцьцё «адрабіў жалезнадарожным рабочым»:

— Жэлаю вам удачна зьдзелаць работу, што вы пішаце!

*

Я стараюся. І яшчэ я думаю аб тым, што Параджанаў мог бы зьняць кіно пра Арнольда і Яню. І мама так казала, хоць ты кніжку пішы ці кіно здымай. Кіно з беларускім калярытам, і узбэцкім калярытам, і польскім. Яно было б ня горшае за «Цені». Паэт Васіль Герасімюк, які моцна ўразіў на паэтычным фэстывалі ў Кіеве і вершамі гуцульскімі, і сваёй магутнай, крыху паддатай асобай, пачуўшы, што я люблю гэты фільм і была на выставе, прысьвечанай «Ценям», аглаўшыў гарачым маналёгам. Страляючы ў мяне цыгарэту за цыгарэтай, Васіль махаў рукой з цыгарэтай так небясьпечна, што трэба было пільна сачыць за цьмяным агеньчыкам, каб не прапаліла паліто:

*

— Я тобі скажу про Параджанова! Параджанов це вірменин, який жив в Грузіі. Він знав цю стихію вірменів і стихію грузинів, але він нічого такого рівня, як «Тіні забутых прідків» не зняв.

— Як у Параджанава атрымалася адчуць украінскую душу?

— Я не знаю! Це йому Бог дал відчуття українців. Це дивовижно! Він не знав української мовы. Звідки це в нього? Це неможливо. Це є божественно. Трансцендентально. І він зробив цей фільм. Ніхто з хохлів свою націю не поважає. Я свою націю зневажаю. Ты подивися, що це за нація? Це гидка, страшна нація. А Параджанов він її вилищив. Я не знаю, де в нього те відчуття взялося? Я не був знайомий з Параджановым, але пив з Миколайчуком.

— Выканаўцам галоўнай ролі фільму?

— Так. Про Миколайчука крім мене ніхто тобі не скаже. Я пив з ним, але це не має значення — всі пили з Миколайчуком, але я його любив. Я Миколайчука любив. Він не просто гуцул... Що найсмішніше, він не є гуцул. Вот, але він більше гуцул, чим всі гуцулы разом взяті. Він мені сам казав: "Я гуцул більше ніж ти«.Тому що Миколайчук це наша совість. Тому що тепер все стало ясно, що всі крадуть безконечно. Миколайчук, він не мав ні копійки.

— Чысты?

— Так. Чистий-чистий. Миколайчук це є душа. Я з ним познайомився в 1970-ому році. Я молодий поет був, сидів з ним у Спілці письменників, я йому кажу: «Іване Васильовичу, де ты є гуцул?» А він каже: «Я гуцул більше ніж ти». І тепер вже пройшло много часу, і тепер я абсолютно впевнений, що він гуцул більше, ніж я. Щоб там хто мені не говорив, Боже мій, я думаю, Боже мій, Іване-Іване, ніхто з гуцулів краще не передав. От я тобі скажу — запам’ятай! От є Нагірна проповідь — то для мене Іван. Що б ты знала, я тобі чесно кажу. Не тому що я напився.

— Але вы б і цвярозы так сказалі?

— Так. Іван то є найвыщча істота і моя любов!

Ларыса Кадачнікава і Іван Мікалайчук у ролях Марычкі і Івана. 1964 г.

Ларыса Кадачнікава і Іван Мікалайчук у ролях Марычкі і Івана. 1964 г.


*

Дык я пра што, наогул? А пра каханьне. Пра тое, што верш Васіля Герасімюка «Карпацкія алені» ў выкананьні аўтара на разьвітальным фэстывальным вечары ўсю душу выкруціў навыварат безнадзейнай любоўнай тугой. Уласны, далёкі ад дасканаласьці, пераклад з украінскай прысьвячаецца цёці Яні, Арнольду С. і Сяргею Параджанаву:

*

Толькі погляд твой, погляд толькі твой
аддаляе мяне
ад схілу,
дзе аленяў цені падаюць на сьнег.

Як трубілі тут алені!
Ці затрубяць яшчэ ці не
затрубяць,
а толькі прамчацца па схіле з усіх
ног! — агнём па схіле, —
зь іскраў воўны,
з расколін нябёс — рагоў!

Тыя — у аблоках, тыя — над аблокамі,
а найбліжэйшыя — пад.
Глядзі на мяне,
бо хто акрамя цябе мяне аддзяліў
ад гары, дзе ў сьнягах алені імчацца, — рогі на сьпінах —
мой схіл, скіт.

Сьлед капытоў — узор імклівы
на зорнай сятчатцы сьнягоў —
накладваецца на ўзор дарог
маіх на схіле маім і чужых.
Глядзі на мяне,
бо хто, як не ты, мяне аддзяліў
ад тых, што ўсьляпую ў хмарах імчацца.
Што меў, я не захаваў
мой храм, грэх.

Разрастаюцца рогі з хмар —
раскіданых, раздрапежаных брам.
Храм
Чарнагоркі ў сьнягах
гордыя завіхраюць хрыбты.
Здаецца, ніколі не спыняцца.
Не затрубяць ні тут, ні там —
на паляне, куды не даехаць.
Не дыйсьці. Не дапаўзьці.

І калі прамільгнуць над вачыма
капыты апошняга зь іх,
тужліва згасае твой погляд.
І падступіць лес. І наблізіць схіл.
І ўпадзе твой цень. І ўпадзе мой цень
на разьбяны сьнег.
Тут затрубяць яшчэ. І зорка блісьне.
І паўстануць з магіл.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG