Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новы ролік ад «Мова Нанова»: шмат падтэкстаў і ніякіх правакацый.

Аб тым, што ў мяне няма пачуцьця гумару, мне даводзіцца чуць досыць часта. То адмаўляюся сьмяяцца са згвалтаваньня порназоркі, то не разумею, што сьмешнага ў показках пра бляндынак за стырном. На гэты раз абураюся роліку ад грамадзкай ініцыятывы «Мова Нанова».

Толькі праблемы з гумарам усё ж ня толькі ў мяне, але найперш у тых, хто ня ўмее жартаваць, нікога пры гэтым не абражаючы.

Па словах стваральнікаў відэа, ролік павінен паказаць, што «беларуская мова — мова модных, пасьпяховых і сучасных людзей». Падсумую: модныя, пасьпяховыя і сучасныя людзі дзеляцца на два тыпы: тыя, хто мыюць машыны ў кароткіх белых шортах, і тыя, хто з сальным позіркам за гэтым назірае.

Аўтары назвалі ролік правакацыйным і папрасілі нас усіх не шукаць «іншыя падтэксты». Але ўсё наадварот — правакацыі тут няма, а вось падтэкстаў вельмі шмат.

І радаснае мыцьцё машыны сьпевака, і пахабная настаўніца — гэта зашораны традыцыйны дамастроеўскі дыскурс.

Каб прыдумаць штосьці больш банальна-традыцыйна-патрыярхальнае, трэба было моцна пастарацца, але я веру ў тое, што розум чалавечы ня мае межаў. Хто ведае, магчыма наступным разам правакацыйным назавуць вобраз настаўніцы ў міні-спадніцы і з чырвоным гарсэтам. Але ж і аголеныя жаночыя ногі буйным плянам, і радаснае мыцьцё машыны сьпевака, і пахабная настаўніца — гэта зашораны традыцыйны дамастроеўскі дыскурс у абгортцы сэксуальнай рэвалюцыі.

Калі кажуць, што сэкс — добры інструмэнт продажаў, — гэта крывадушнасьць. Прадаюць на самой справе не з дапамогай сэксу як такога, а праз мужчынскі позірк на жаночае цела. Жанчына фактычна зводзіцца да сэксуальнага аб’екту і набору функцый, у якога няма ні ўласных жаданьняў, ні нават гіпатэтычнай магчымасьці іх займець. Калі кажуць, што абурэньне рэклямай, дзе дэманструецца аголенае жаночае цела (ці толькі грудзі альбо ногі, як гэта часта бывае) — гэта праявы ханжаства, дык таксама хлусяць. Праблема не ў адкрытай жаночай сэксуальнасьці, а ў тым, што да рэальнай сэксуальнасьці так справа і не дайшла, бо жанчыну чарговы раз зрабілі наборам функцый — абслужыць, задаволіць, улагодзіць.

Але нагадаю, мы павінны сьмяяцца. Патрабаваць сьмяяцца — гэта ўвогуле дужа распаўсюджаная стратэгія, бо сьмех нібыта дэманструе еднасьць і «свойскасьць» і разам з тым прыхоўвае розныя маніпуляцыі. Сьмешнага нельга баяцца, але можна ненавідзець і прыніжаць. І калі прыніжаная асоба абурыцца, заўжды можна абвінаваціць яе ў адсутнасьці пачуцьця гумару. І яшчэ раз пасьмяяцца.

Нельга «разбачыць» матрыцу і нельга перастаць заўважаць сэксісцкі гумар, калі аднойчы наладзісься на хвалю. Няма аніякай правакацыйнасьці ці арыгінальнасьці ў тым, каб апісваць жанчын стэрэатыпамі, якімі нас апісвалі яшчэ ў часы татальнай непісьменнасьці.

Зьвярнуць увагу на неэтычнасьць жарту часта лічыцца чымсьці непрыстойным.

У здаровым грамадзтве сэксуальная аб’ектывацыя не павінна ўспрымацца большасьцю як штосьці звычайнае і нармальнае, але зь лекамі для грамадзтва ў нас, як вядома, праблемы. Зрэшты, ня толькі ў нас. Сэксісцкі гумар — адзін з галоўных духоўных пастулатаў чалавецтва. Зьвярнуць увагу на неэтычнасьць жарту часта лічыцца чымсьці непрыстойным і нават ганебным. Нібыта сьмех знаходзіцца па-за сыстэмай этычных каардынат, і калі пасьля прапановы забараніць жанчынам атрымліваць вышэйшую адукацыю засьмяяцца, то ўсё ўстане на свае месцы.

Рабіць правакацыі і зьдзіўляць ў Беларусі вельмі проста.

Францускі філёзаф Жан Бадрыяр пісаў, што мы жывем у сьвеце «пасьля оргіі», і нічым нас ужо нібыта не зьдзівіць. Але рабіць правакацыі і зьдзіўляць ў Беларусі вельмі проста — агульны дыскурс дужа кансэрватыўны, і відэа, у якім напаўаголеныя мужчыны, сэксуальна выгінаючыся, мылі б машыну Паліне Рэспубліцы, было б сапраўды правакацыйным. Але такога відэа няма і найбліжэйшым часам наўрад ці будзе, бо мужчынская пасьпяховасьць неяк не вымяраецца вымытымі машынамі і колькасьцю абслужаных жанчын. І гэта, кажуць, нават не сьмешна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG