Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Астане скрытыкаваў Эўразійскі эканамічны саюз


Пратакольнае фота на сустэрэчы ў Астане

Пратакольнае фота на сустэрэчы ў Астане

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Эўразійскім эканамічным саюзе колькасьць выключэньняў і абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі не зьмянілася. Яна дасягае шасьцісот, нягледзячы на зьмену назвы абʼяднаньня.

«Варта пазбавіцца ад унутраных выключэньняў і абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі. Як бы наша абʼяднаньне ні эвалюцыянавала (спачатку Мытны саюз, затым Адзіная эканамічная прастора, і, нарэшце, Эўразійскі эканамічны саюз), колькасьць гэтых выключэньняў і абмежаваньняў не зьмянілася. Так і засталася на ўзроўні шасьці сотняў», — заявіў кіраўнік Беларусі ў Астане на пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады.

«Роўныя эканамічныя ўмовы для дзяржаў — удзельніц ЭАЭС і безбарʼернае асяродзьдзе дагэтуль ня створаныя. Больш за тое, пасьля падпісаньня дамовы аб ЕАЭС унутраны гандлёвы абарот саюзу толькі падае. У 2012 і 2013 гадах ён быў на ўзроўні 65 млрд даляраў, у 2015 годзе — усяго 45 млрд. Мабыць, ня ўсе пазыцыі дамовы адпавядаюць сучаснай сытуацыі ў эканоміцы і нашым чаканьням», — цытуе БелТА Лукашэнку.

Паводле Лукашэнкі, дагэтуль няма мэханізму функцыянаваньня ЭАЭС ва ўмовах, калі адна зь дзяржаў-сяброў прымяняе аднабаковыя меры абароны рынку адносна трэціх краін.

Аляксандар Лукашэнка заклікаў пачаць рэалізацыю прынятых у верасьні мінулага году Асноўных напрамкаў прамысловага супрацоўніцтва. Яны тычацца ўзгодненай падтрымкі нацыянальных вытворцаў і разьвіцьця экспарту.

Таксама ў ЭАЭС зацьверджана канцэпцыя фармаваньня агульнага рынку электраэнэргіі. На пасяджэньні ў Астане разгледжаны аналягічныя пляны па газе, нафце і нафтапрадуктах. Аднак, паводле кіраўніка Беларусі, «ад канцэпцыяў да іх увасабленьня ў жыцьцё шлях часам бывае вельмі доўгі».

Разам з гэтым, сказаў Лукашэнка, даўно абмяркоўваецца пытаньне аб стварэньні адзінага рынку лекавых сродкаў і мэдычных вырабаў:

«Аднак і тут далей за размовы справа не пайшла».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG