Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архітэктары Гітлер і Сталін як «прафэсійны і непрафэсійны вар’яты»


Будынак райхсканцылярыі ў Бэрліне, 1939.

Будынак райхсканцылярыі ў Бэрліне, 1939.

Чаму нацысцкі фюрэр быў «прафэсійным вар’ятам», а савецкі правадыр — непрафэсійным. Пра гэта піша Юры Векслер на сайце Расейскай службы Радыё Свабода

Мюнхэнскі архіў днямі апублікаваў дзьве тысячы дакумэнтаў і фатаграфій, якія адлюстроўваюць пляны Гітлера і яго «прыдворнага» архітэктара Альбэрта Шпэера па перабудове Мюнхэну, зь якога плянавалася стварыць сталіцу нацысцкага руху. Публікацыя супала па часе з выставай у Бэрліне, прысьвечанай архітэктуры комплексу партыйных зьездаў нацыстаў у Нюрнбэргу (уяўленьне пра гэтыя зьезды даў у свой час фільм Лені Рыфэншталь «Трыюмф волі»).

Спрэчкі аб тым, ці варта захоўваць пабудаванае пры нацызме, у Нямеччыне час ад часу ўзьнікаюць, але звычайна нічым не заканчваюцца. Тое з архітэктурнай спадчыны Трэцяга райху, што ацалела падчас вайны, захоўваецца і працягвае выклікаць цікавасьць і дыскусіі.

Тэрыторыя зьездаў нацысцкай партыі знаходзілася на паўднёвым усходзе Нюрнбэргу. Зьезды НСДАП праводзіліся там з 1933 па 1938 год. Тэрыторыя ахоплівае плошчу больш чым 11 квадратных кілямэтраў. На выставе ў Бэрліне яна прадстаўлена макетам і разнастайнымі дакумэнтамі. Выстава суправаджаецца лекцыямі гісторыкаў.

У канцы першага дзесяцігодзьдзя XXI стагодзьдзя тэрыторыя зьездаў была ператвораная ў музэй пад адкрытым небам. Базай для яго зьяўляецца Дакумэнтальны цэнтар. Ля кожнага са збудаваньняў, якія ўяўляюць гістарычны інтарэс, цяпер усталяваны стацыянарны музэйны стэнд з фатаздымкамі, якія паказваюць выгляд збудаваньня ў эпоху Трэцяга райху, — ці, калі плянаваны аб’ект ня быў пабудаваны, зь яго праектнымі замалёўкамі.

Тое, што два самыя магутныя таталітарныя рэжымы таго часу — гітлераўскі і сталінскі — у нагляднай агітацыі і прапагандзе вучыліся адзін у аднаго і збольшага адзін аднаго капіявалі, агульнавядома. Асабліва ярка гэта выявілася на выставе «Бэрлін — Масква» ў 1996 годзе. Існавала гэтае ўзаемнае падглядваньне і ў архітэктуры — і ўсё ж было нямала адрозьненьняў у падыходах і рэалізацыі. Кажа бэрлінскі гісторык архітэктуры Дзьмітры Хмяльніцкі:

— За савецкім часам было жудаснай крамолай наогул казаць пра падабенства сталінскай і нацысцкай архітэктуры. За гэта моцна пацярпеў вядомы гісторык архітэктуры Аляксандр Рабушын. Ён дзесьці на пачатку 1980-х меў неасьцярожнасьць параўнаць нямецкі павільён Шпэера на Сусьветнай выставе 1937 году з савецкім павільёнам — і пахваліць Шпэера, ва ўсякім разе, выказацца з ухвалай аб яго збудаваньні. Пасьля гэтага ён зьляцеў з усіх важных пасадаў, і кар’ера яго тады скончылася. Але сярод апазыцыйна настроенай публікі тых гадоў лічылася добрым тонам ведаць, што сталінская і нацысцкая архітэктуры вельмі падобныя.

На самай жа справе, калі ўсур’ёз, то падабенства гэта надзвычай павярхоўнае. Тое, што Гітлера цягнула да нэаклясыцызму, і тое, што Сталін выбіраў стылізацыю пад нэаклясыцызм як найбольш зручную форму для дэкарыраваньня ўласнага рэжыму, — гэта, вядома, не зусім выпадковасьць, бо людзей улады заўсёды цягне да пампэзнасьці. Але я нездарма сказаў, што Сталін абіраў. Цяжка судзіць, якія ў яго рэальна былі густы. Архітэктура, абраная ім для сябе асабіста, напрыклад для дачы, зусім іншая. А вось выбар стылю для ўсеагульнага агляду — гэта тое, чым ён шляхам дэкарыраваньня асяродзьдзя вырашыў сьвядома выхоўваць уласнае насельніцтва.

Адрозьненьні ж паміж архітэктурай двух рэжымаў гіганцкія. Пачаць з таго, што нацысцкая архітэктура была ў мастацкім сэнсе значна больш каштоўнай — зь вельмі важнай прычыны. Гітлера атачалі тыя, хто падзяляў яго погляды і быў гатовы ў прапанаваным кірунку працаваць. Там, вядома, было і нямала кар’ерыстаў, таму што людзі імкнуліся такім чынам выжыць. Але ўсё роўна гэта быў свабодны выбар, і сама нацысцкая архітэктура была вельмі разнастайнай, значна больш разнастайнай, чым сталінская. У ёй быў тып архітэктуры, якую ўвасабляў Шпэер пад патранажам Гітлера, пампэзная, але досыць сьціплая ў параўнаньні са сталінскімі ўзорамі архітэктуры. Гэта, так бы мовіць, нэаклясычная лінія. А быў, напрыклад, Эрнст Загебіль, архітэктар, які пабудаваў у Бэрліне два цалкам выдатныя будынкі, якія захаваліся і дагэтуль, выдатныя безадносна рэжыму, — гэта міністэрства паветранага флёту і аэрапорт Тэмпэльгоф, які да нэаклясыцызму дачыненьня практычна ня мае. Гэта хутчэй канструктывісцкая праца, хоць яна дзівіць сваімі гіганцкімі маштабамі.

Будынак міністэрства паветранага флёту Трэцяга райху займае цяпер фэдэральнае міністэрства фінансаў, а аэрапорт Тэмпэльгоф быў зачынены ў 2008 годзе — і далейшы лёс будынку і гіганцкіх плошчаў ня вырашаны канчаткова. Горад прапанаваў кінастудыі «Бабэльсбэрг» забраць будынак пад кінапавільён, але пытаньне пакуль у стадыі абмеркаваньня.

Быў і яшчэ адзін, вельмі спэцыфічны від нацысцкай архітэктуры. З пачаткам вайны і бамбаваньня нямецкіх гарадоў на загад Гітлера пачалі будаваць з жалезабэтону наземныя бамбасховішчы для насельніцтва, са сьценамі і стольлю таўшчынёй 3,5 мэтра. Кожнае — прыкладна на 3 тысячы чалавек. Яны захаваліся да гэтага часу.

Бамбасховішчы выратавалі шмат чалавечых жыцьцяў, але будынкі вакол з-за бамбаваньня разбураліся, у тым ліку, за рэдкім выключэньнем, і тыя, што былі пабудаваныя ўжо пры нацыстах. Пра адзін зь іх кажа Дзьмітры Хмяльніцкі:

— Жудасна шкада, што была зьнішчаная райхсканцылярыя Гітлера. Гэта быў сапраўды прыгожы, вельмі эфэктны будынак, калі меркаваць па фатаграфіях і праекце. Але ён быў аднапавярховы. Уявіць сабе ў Савецкім Саюзе ўрадавы будынак, які не ўзвышаецца над навакольнымі дамамі, немагчыма.

«Дурань» — гэта, дарэчы, тэрмін прафэсійны. У 50-я гады так у архітэктурных ВНУ называлі статуі, якія студэнты павінны былі маляваць. Шпэераўская канцылярыя Гітлера была досыць вытанчанай, структурна складанай, у чымсьці нават інтымнай — з выхадам у закрыты парк пры ёй. І пры гэтым, вядома, вельмі манумэнтальнай. Вось гэтая манумэнтальнасьць у невялікім маштабе — тое, што сталінскай архітэктуры было практычна недаступна, — адзначае Дзьмітры Хмяльніцкі.

Галоўным хобі Гітлера было плянаваньне перабудовы вялікіх гарадоў у разьліку на пасьляваенную, пасьляпераможную будучыню. Упадабанымі пунктамі прыкладаньня архітэктурнага ўяўленьня дыктатара былі Бэрлін, Мюнхэн і аўстрыйскі Лінц. Цэлае архітэктурнае бюро працавала на ўвасабленьне плянаў фюрэра па перабудове гарадоў пасьля перамогі ў вайне.

Праект Палацу Саветаў у Маскве, 1930-я гг.

Праект Палацу Саветаў у Маскве, 1930-я гг.

Асабліва Гітлер любіў Мюнхэн, а таму фантазіраваў пра ператварэньне яго ў сталіцу нацысцкага руху. Распрацоўкі «цацак Гітлера», як называлі архітэктары пляны і макеты фюрэра па перабудове Мюнхэну, працягваліся аж да 1945 году.

— Гэта сыходзіла ад Гітлера, натуральна. І ўсё гэта было вар’яцтвам. Шпэер прызнаваўся потым, пісаў у мэмуарах: «Цяпер я і сам бачу, што гэта вар’яцтва». Але гэтае вар’яцтва выяўлялася толькі ў гіпэртрафаваных памерах праектаў. У гэтым была і свая прафэсійная лёгіка. Скажам, восі пры пляніроўцы перабудовы Бэрліну з пункту гледжаньня горадабудаўніцтва былі вырашаны слушна: яны давалі магчымасьць гораду разьвівацца, у адрозьненьне ад сталінскай Масквы, дзе ўсё было замкнёна на адну кропку з канцэпцыяй, якая заклала праблемы на стагодзьдзе наперад. Масква па гэты дзень задыхаецца. Для Гітлера і Шпэера магчымасьць горадабудаўнічага разьвіцьця была натуральнай — архітэктура архітэктурай, але жыць жа ж трэба. У гэтым сэнсе нацысцкая архітэктура значна больш рацыянальная, нягледзячы на свае гіганцкія памеры. Возьмем «Вялікую залю» (Große Halle) Шпэера, распрацаваную для Бэрліну. Гэты будынак побач з Райхстагам, гіганцкі, увогуле бессэнсоўны, але ўсё роўна ня самы высокі будынак у сьвеце. І гэта купальны будынак, больш-менш традыцыйны. А вось вар’яцтва, якое Сталін меў намер зацьвердзіць у Маскве ў выглядзе Палацу Саветаў, зусім ні ў якія рамкі не ўкладаецца. І гэта непрафэсійны абсурд. Тут, можа быць, і палягае розьніца: нацысцкая архітэктура даходзіла да абсурду, але ў прафэсійных рамках. А сталінская архітэктура была вар’яцтвам непрафэсійным. Напрыклад, сталінскія пасьляваенныя вышынныя дамы. Гэта абсалютная бязглузьдзіца, — кажа Дзьмітры Хмяльніцкі.

Калі вярнуцца да «прафэсійнага вар’ята» Гітлера, то, магчыма, галоўнай яго «цацкай» была чыгунка, якую ён плянаваў пабудаваць ад Мюнхэну. Павінны былі быць пабудаваны чатырохкалейныя трасы з каляінай шырынёю тры мэтры. Па гэтых новых трасах, якія меліся спачатку быць даведзены да Гішпаніі, Пецярбургу і Данецку, а затым да Індыі і Аўганістану, меліся курсіраваць цягнікі даўжынёй 1200 мэтраў, з вагонамі даўжынёй 41 мэтар. Вагоны праектаваліся двухпавярховымі, з ваннымі пакоямі, цырульнямі, кінатэатрамі, але таксама і з плятформай з зэнітнай устаноўкай. Праектаваліся і цягнікі для работнікаў з Усходняй Эўропы. Яны меліся быць больш спартанскімі паводле аснасткі, але, тым ня менш, зь вялікай кухняй, якая забясьпечвала б працоўную сілу харчаваньнем.

Вяртаючыся да параўнаньня архітэктуры нацысцкага і савецкага пэрыядаў, варта адзначыць, што параўнаць іх можна непасрэдна ў Бэрліне. Франкфуртэр-алея, а раней праспэкт Сталіна (Сталін-алея), забудоўвалася па савецкіх лякалах, і прагулка па ёй нагадае сталінскую Маскву, у прыватнасьці Кутузаўскі праспэкт. Гэта нядзіўна, паколькі праекты ўзгадняліся з галоўнымі архітэктарамі Масквы. Але яшчэ раней у Бэрліне паўстаў першы помнік сталінскай архітэктуры:

— Калі казаць пра сталінскую архітэктуру ў Бэрліне, то самае яркае, напэўна, усё ж савецкае пасольства. Гэта ў прамым сэнсе сталінская архітэктура. Сталін-алея, вядома, таксама, але яе будаўніцтва заканчвалася ўжо пасьля сьмерці Сталіна, што адчуваецца ва ўвасабленьні праекта, — адзначае Дзьмітры Хмяльніцкі.

Выстава ў Бэрліне і доступ да новых дакумэнтаў у Мюнхэне працуюць на далейшую дэрамантызацыю нацызму, што ў Нямеччыне зьяўляецца сталым клопатам грамадзтва.

А што ўяўляе сабою сталінская архітэктура ў Менску? Якую гістарычную і мастацкую каштоўнасьць паводле спэцыялістаў маюць паваенныя сталічныя будынкі?

Архітэктура, што ўзьнікла ў Менску пасьля Другой Усясьветнай вайны, ці як яшчэ кажуць, сталінская архітэктура выклікае супярэчлівыя ацэнкі ў спэцыялістаў. З аднаго боку, трэба прызнаць, што яе праектавалі найлепшыя амбітныя выпускнікі архітэктурных ВНУ Масквы і Ленінграду. З другога боку, для іх гісторыя Менску, яго архітэктура і забудова былі абсалютна чужымі, тлумачыў раней для Свабоды гісторык Уладзімер Дзянісаў:

— І таму цэнтральная вуліца нашага гораду, цяпер праспэкт Незалежнасьці, а ў ХІХ стагодзьдзі — вуліца Захар’еўская, была цалкам зруйнаваная, хаця каробкі старых будынкаў заставаліся, і на іх месцы была ўзьведзеная новая забудова, якую трэба назваць забудовай сацыялістычнага рэалізму. Трэба адзначыць, што гэтая архітэктура была вельмі высокай якасьці, як з прафэсійнага пункту гледжаньня, так і вельмі высокая была якасьць выкананьня. Гэта ў першую чаргу сучасны праспэкт Незалежнасьці, гэта цэлы комплекс аб’ектаў у раёне Прывакзальнай Плошчы, гэта раён Аўтазаводу і Трактарнага заводу.

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі вельмі скептычна ставіцца да мастацкіх вартасьцяў сталінскай архітэктуры ў Менску:

— Ня трэба яе фэтышызаваць. Той, хто бываў у Казахстане, Расеі і Ўкраіне, Закаўказьзі, бачыў, колькі ў такім стылі панабудавана было на «шостай частцы сьвету», і казаць пра нейкую ўнікальнасьць абсалютна не выпадае. Яна ніяк не ўгрунтаваная ў нашы нацыянальныя традыцыі і будавалася чужымі людзьмі. Самае прыкрае ў гэтым, што гэта спрабуюць выдаць за найлепшыя дасягненьні беларускай архітэктуры, і каб Беларусь гэтай сталінскай «вампірскай» архітэктурай рэпрэзэнтавалася ў сьвеце. Гэта, канешне, лухта, таму што ніякага дачыненьня да беларушчыны яна ня мае.

XS
SM
MD
LG