Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет без альтэрнатывы і з альтэрнатывай. Род з XVII стагодзьдзя. Галоўны хмелявод Менскага раёну. Ледзяныя пустыні Паміру. Дагледжаныя і недагледжаныя краіны. Момант музэйшчыны. Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся.

Размова зь Сяргеем Харэўскім, мастаком, літаратарам, гісторыкам мастацтва, культуролягам, мастацтвазнаўцам і падарожнікам. Чалавекам, які пажыў у Ленінградзе, Варшаве, і Вільні. У Савецкім Саюзе і ў Рэспубліцы Беларусь. То бок з чалавекам, у якога ёсьць салідная пэрспэктыва, у якой ён можа рабіць параўнаньні. Што сілкуе ягоны аптымістычны погляд на жыцьцё ў Беларусі і што радуе ягоную душу?

Харэўскі: ...Каб хто сказаў у 1989-м або 1990-м, што ў Менску будуць пісацца раманы па-беларуску, іх будуць перакладаць у Эўропе і даваць яшчэ й нейкія прэміі за гэта — Клінаву, Марціновічу, Бахарэвічу і гэтак далей — дык слухаць ніхто ня стаў бы. Зараз я прыходжу ў беларускую гімназію — бітком людзей, якіх я і блізка ня ведаю. Гэта ж файна! Раней, у нейкім 1989-м, мы сьмяяліся, што мы тут усе адзін аднаго ведаем. І было адчуваньне, што мы жывем нейкім племенем на высьпе. А зараз — угу!! Я ваджу дзіцё на дзіцячую імшу — не з-за таго, што я такі каталік-фундамэнталіст, а таму, каб дачка пабачыла, што нас безьліч. Разумееш?..

Максімюк: ...Бацькі твае — таксама гараджане, ці яны ўсё ж маюць нейкія карані на вёсцы? Як там з тваімі бабцямі і прабабцямі?..

Харэўскі: ...У мяне ўсё даволі проста. Я разумею, што мая асабістая сытуацыя, канешне, нетыповая для Беларусі і нетыповая для Менску. Радаводы і па бацьку, і па маці — ведамыя з XVII стагодзьдзя. Гэта шляхта, якая арандавала землі менскага кляштару бэрнардынаў. Пасьля паўстаньня 1863 году кляштар быў зачынены, але ўсе паперы перапацьвярджалі правы арэнды... Калі я праходжу каля гэтага кляштару, які цудам ацалеў, і колішняга касьцёлу (цяпер праваслаўнай катэдры), то я разумею, што ня ў нейкім мэтафарычным, а ў самым літаральным сэнсе ў гэтых мурах ёсьць кроў, пот, капейчына маіх продкаў...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG