Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве Элтан Джон сустрэўся зь ВІЧ-інфікаванымі. Сустрэча з Пуціным не адбылася


Элтан Джон з удзельнікамі сустрэчы

Элтан Джон з удзельнікамі сустрэчы

30 траўня Элтан Джон даў канцэрт у Маскве. Яго сустрэча з прэзыдэнтам Пуціным не адбылася.

У Маскве 30 траўня адбылася сустрэча знакамітага музыканта Элтана Джона з журналістамі, экспэртамі, прадстаўнікамі супольнасьці людзей, якія жывуць зь ВІЧ. Пра гэта паведамляецца на старонцы ў Фэйсбуку грамадзкай арганізацыі «Е.В.А.».

На сустрэчы, арганізаванай пры падтрымцы Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу, абмяркоўваліся праблемы ВІЧ-інфікаваных людзей у Расеі. У прыватнасьці, каардынатар праектаў «Е.В.А.» Марыя Гадлеўская адзначыла немагчымасьць усынаўленьня дзяцей ВІЧ-пазітыўнымі людзьмі. Прадстаўнік руху пацыентаў Андрэй Скварцоў распавёў пра перабоі з супрацьвіруснымі прэпаратамі ў 30 рэгіёнах. Яўген Пісемскі з расейскай арганізацыі «Фэнікс ПЛЮС» казаў пра дыскрымінацыю прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. У Маскве кожны пяты гей — ВІЧ-пазытыўны, а праграмаў прафіляктыкі для геяў на дзяржаўным узроўні па-ранейшаму няма, адзначыў ён.

Легендарны брытанскі музыка Элтан Джон, які ўдзельнічаў у сустрэчы, учора даў канцэрт у Маскве. Шоў прайшло ў рамках маштабнага турнэ, прысьвечанага выхаду яго новага альбому.

У верасьні летась Элтан Джон стаў ахвярай тэлефоннага розыгрышу расейскіх пранкераў «Вавана» і «Лексуса», якія патэлефанавалі яму і прадставіліся Ўладзімірам Пуціным і Дзьмітрыем Пясковым. Пазьней Пуцін пагаварыў па тэлефоне з брытанскім сьпеваком. Расейскі лідэр папрасіў яго ня крыўдзіцца на розыгрыш і выказаў гатовасьць сустрэцца і абмеркаваць пытаньні, якія цікавяць Элтана Джона. Музыкант раней заяўляў аб жаданьні абмеркаваць з Пуціным праблемы ЛГБТ-супольнасьці ў Расеі.

Аднак сустрэча Ўладзіміра Пуціна і Элтана Джона падчас цяперашняга прыезду сьпевака ў Маскву не адбылася з-за складанага працоўнага графіку прэзыдэнта, — заявіў яго прэсавы сакратар Дзьмітры Пяскоў.

XS
SM
MD
LG