Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча плянуе цалкам адмовіцца ад расейскага газу. Тэрмін дзеяньня бягучага кантракту — да 2022 году.

Пра рашэньне польскага кіраўніцтва паведаміў упаўнаважаны ўраду Польшчы па пытаньнях газавай і энэргетычнай інфраструктуры Пётар Наімскі падчас варшаўскага саміту інвэстыцыяў ва Ўсходняй Эўропе.

«Доўгатэрміновыя кантракты становяцца справай мінулага. Калі цана расейскага газу будзе дастаткова канкурэнтаздольная, мы не выключаем, што будзем купляць яго, але, па-за ўсялякімі сумневамі, ня ў рамках доўгатэрміновага кантракту», — сказаў Наімскі.

«Газпром» і дзяржаўная газавая кампанія PGNiG заключылі кантракт яшчэ ў 1996 годзе. Польская дзяржаўная газавая кампанія купляе да 10,2 млрд куб. м расейскага газу штогод. Пры гэтым аб’ём гадавога спажываньня Польшчы складае амаль 15 млрд куб. м, дзьве траціны зь якіх пастаўляюцца з Расеі.

Каб зьменшыць сваю залежнасьць ад расейскага газу, Польшча пабудавала свой першы тэрмінал звадкаванага прыроднага газу і заплянавала правядзеньне газаправоду праз Паўночнае мора.

У траўні мінулага году PGNiG падала пазоў да «Газпрома» і «Газпром экспорт» у Стакгольмскі арбітражны суд, каб дамагчыся зьніжэньня закупачнай цаны расейскага газу. Гэта было зроблена пасьля таго, як пачатыя ў лістападзе 2014 году перамовы з «Газпромам» скончыліся безвынікова.

У лістападзе 2012 году «Газпром» і PGNiG падпісалі дадатковае пагадненьне да кантракту на пастаўкі газу ў Польшчу, са зьменай цэнавых умоў — кошт зьнізіўся на 10%. Пазьней Польшча дамагалася далейшага зьніжэньня коштаў на расейскі газ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG