Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча адновіць працэдуру экстрадыцыі ў ЗША рэжысэра Палянскага


Раман Палянскі
Раман Палянскі

82-гадовы Палянскі жыве ў Францыі і Швэйцарыі. У Эўропе злачынства, учыненае ім у 1977 годзе — сэкс зь непаўналетнімі — мае тэрмін даўніны, а ў ЗША — не.

Польшча адновіць працэдуру экстрадыцыі ў ЗША рэжысэра Рамана Палянскага, які абвінавачваецца ў згвалтаваньні малалетняй у 1977 годзе. Міністар юстыцыі Зьбігнеў Зэбра паведаміў у эфіры Польскага радыё, што будзе зьвяртацца ў Вярхоўны суд з просьбай адмяніць папярэдняе рашэньне аб тым, што Палянскі не павінен быць выдадзены ў ЗША.

У кастрычніку суд Кракава пастанавіў, што Палянскага ня варта накіроўваць у Злучаныя Штаты, і пракуроры пагадзіліся з гэтым рашэньнем, назваўшы яго «апраўданым». Тады Кракаўскі суд рэзка раскрытыкаваў першапачатковае расьсьледаваньне ЗША ў дачыненьні да рэжысэра, заявіўшы, што амэрыканскія судзьдзі і пракуроры топчуць «правілы справядлівага судовага разбору».

Адзін з адвакатаў Палянскага ў той час сказаў, што рашэньне «завяршае юрыдычныя справы» супраць 82-гадовага франка-польскага рэжысэра. Зэбра назваў гэтае рашэньне «дзіўным» і абвясьціў аб яго пераглядзе.

Палянскага да гэтага часу вышукваюць у ЗША для вынясеньня прысуду ў дачыненьні да выпадку 1977 году аб згвалтаваньні Саманты Геймэр пасьля фатасэсіі ў Лос-Анжэлесе. У той час ёй было 13 гадоў, а Палянскаму — 43 гады.

82-гадовы Палянскі прызнаў сябе вінаватым у сэксе зь непаўналетняй або згвалтаваньні і пазьбег суду, але затым уцёк з ЗША, баючыся працяглага турэмнага тэрміну.

Палянскі зьняў такія фільмы, як «Нож у вадзе», «Тупік», «Дзіця Размары», «Кітайскі квартал». У 2003 годзе яго карціна «Піяніст» пра лёс польскага музыканта Ўладзіслава Шпільмана атрымала прэмію «Оскар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG