Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўны атэіст у Ватыкане


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Аляксандар Лукашэнка, можна сказаць, трапіў у струмень, пабываў у Ватыкане.

Спачатку да папы наведалася ўсё кіраўніцтва Эўразьвязу, а Ангела Мэркель мела асабістую гутарку з Францішкам. Аб гэтым паведаміла Радыё Ватыкан. А потым прэзыдэнт Беларусі падтрымаў «агульнаэўрапейскі накірунак». Няхай толькі па форме, не па зьместу. Патрыярха Кірыла Масква нядаўна пасылала сустракацца з папам, але Эўропу гэта не зьмякчыла. І Лукашэнка выкарыстаў зручны момант для сваёй паездкі.

Што цікава: апошні візыт прэзыдэнта РБ у Ватыкан абмяркоўваўся як штосьці звыклае, натуральнае. (Пасьля ранейшай паездкі да Бэнэдыкта ХVI.) Але так было не заўсёды і нават было зусім інакш. Я маю на ўвазе яго стаўленьне да папы Рымскага і ўсяго, што ён увасабляе. Аб гэтым нельга забывацца і варта заўсёды мець на ўвазе.

Як вядома, сваім часам папа Ян Павал ІІ наведаў суседнюю Ўкраіну (2001), дзяржаву, як і Беларусь, у цяперашніх умовах у значнай ступені праваслаўную. Масква, маскоўская патрыярхія прынялі гэты візыт у штыхі, як замах на свае правы на спрадвечна падпарадкаваныя ёй тэрыторыі. Так што рэальна паездку Алексія ў Беларусь прымеркавалі да паездкі папы ва Ўкраіну. Гэта — калі быць дакладнымі. Мэтай патрыярха было праехаць уздоўж беларуска-украінскай мяжы, наведаць Пінскую, Тураўскую і Гомельскую япархіі.

Паколькі аб візыце папы Рымскага было вядома загадзя, на той жа час — на апошні тыдзень чэрвеня – быў прызначаны «візыт-рэванш» у Беларусь патрыярха Маскоўскага Алексія ІІ. Афіцыйна яго прымеркавалі да 15-годзьдзя чарнобыльскай катастрофы, быццам у ёй быў вінаваты папа. Але пасьля гадавіны мінула ўжо два месяцы. І тут вельмі дарэчы прыдалася іншая дата — 60 год з пачатку апошняй вайны. Хоць няясна было, чаму царкве на такім высокім узроўні трэба яе адзначаць.

Перш патрыярх Маскоўскі асьвяціў тады ў Берасьці адрамантаваны помнік «Вартаўнікам мяжы». Увагу высокага царкоўнага госьця прыцягнуў таксама крыж Эўфрасіньні Полацкай, адноўлены па выявах. Ён уручыў ордэны РПЦ супрацоўнікам КДБ «за ўклад у аднаўленьне Полацкага крыжа». Было абвешчана, што «спэцслужбы Расеі і Беларусі аб’ядналі намаганьні па пошуках крыжа». Сёньня можна засьведчыць, што нічога яны не знайшлі. У Берасьці тым разам Алексій сустрэўся і з Лукашэнкам.

Патрыярх вельмі пахваляў Расею зь Беларусьсю за крокі «да новага адзінства», што будуць надалей «будаваць жыцьцё ў міры і праўдзе», і што Ўкраіна спакусіцца на прыклад. І было абвешчана, што Алексій і Лукашэнка зьвернуцца з заклікам да яднаньня расейцаў, украінцаў і беларусаў. Каля праваслаўнага крыжа-помніка ў Бранскай вобласьці на мяжы з Украінай і Беларусьсю. Што й было зроблена пазьней.

Пабачыўшы ў тэлевізары непрымірымыя твары, рашучыя заявы, я напісаў тады зацемкі для «Нашай Нівы». З аднаго боку, мы бачылі мяккі чалавечы твар папы Рымскага, заклікі да паяднаньня ўсіх хрысьціян, усіх людзей, з другога — фанабэрлівыя развагі пра нейкую ўяўна выключную ролю славян, пра іхнюю «вядучую ролю ў маральным аднаўленьні сьвету». І пры гэтым было відавочным неразуменьне сытуацыі з боку начальства. Алексій ІІ і папа Рымскі — розныя постаці. Першы як бы кіраўнік «міністэрства рэлігіі» суседняй, хай і надзвычай дружалюбнай на той момант краіны. Другі — галава хоць і невялікай, але ўплывовай у сьвеце дзяржавы Ватыкан, пісаў я тады.

Напэўна, урокі былі ўзятыя, і цяпер Лукашэнка езьдзіць зь візытам у рэзыдэнцыю да папы, а не да патрыярха, зь якім яны ідэалягічна напэўна могуць быць даволі блізкія. Канечне, вельмі нашкодзілі сабе самі царкоўнікі, што не дазволілі прэзыдэнту мець свайго кіраўніка царквы, беларуса, замест Філярэта, што пайшоў на пэнсію. Як вядома, у найгоршых традыцыях КПСС Масква прыслала свайго, каб другім чалавекам у рэспубліцы, «сакратаром па ідэалёгіі», як у часы СССР, быў расеец. Гэта адно. Другое: мінулыя заклікі пра паяднаньне трох братніх народаў гучаць сёньня як недарэчнасьць, як зьдзек. Пасьля Крыму і Данбасу. Як вядома, РПЦ нічога рэальна не зрабіла, каб зьменшыць градус ваяўнічасьці, агрэсіўнасьці сваёй паствы. Вайна ў Данбасе распачалася ў значнай ступені пад праваслаўніцкімі лёзунгамі, ня толькі пад антыўкраінскімі.

Таму пасьля 30-х угодкаў Чарнобылю Лукашэнка сустрэўся не з патрыярхам Маскоўскім, а з Рымскім папам. Лукашэнкам, як вядома, была выказаная думка аб магчымай паўторнай сустрэчы Францішка з Кірылам, але гэтым разам не ў Гаване, а ў Менску. І ён нават выказаў спадзяваньне, што яна магла б паспрыяць замірэньню ва Ўкраіне. Як бачым, асобна на РПЦ у гэтай справе надзеі няма. На Пуціна паўплываць яна ня можа. Хоць дзеля справядлівасьці трэба зазначыць, што два гады таму сам Кірыл прахалодна ўспрыняў далучэньне Крыму, а калі прэзыдэнтам Украіны быў абраны Парашэнка, патрыярх павіншаваў яго. Але зноў жа, з усяго астатняга вынікае, што ён хутчэй не самастойная постаць. Чаго ня скажаш пра Францішка.

Пікантны момант: Лукашэнка завёз папу крыж Эўфрасіньні Полацкай. Копію, канечне. Арыгінал дагэтуль супольна шукаюць КДБ з ФСБ.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG