Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нацыянальная гвардыя Расеі «ліквідавала прычыны і ўмовы» забойства Нямцова


Суд адмовіў у допыце яе камандуючага Золатава.

Нацыянальная гвардыя Расеі (Расгвардыя) «ліквідавала прычыны і ўмовы, якія спрыялі забойству апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова». Гэтае сьцьвярджэньне ўтрымліваецца ў адказе часовага выканаўцы абавязкаў начальніка штабу ўнутраных войскаў МУС Расеі Алега Барукаева на запыт інтэрнэт-выданьня gazeta.ru. Скан дакумэнта апублікаваны ў панядзелак на сайце gazeta.ru.

У афіцыйным лісьце, падпісаным Барукаевым, сьцьвярджаецца, што камандаваньне ўнутраных войскаў, на базе якіх фармуецца Расгвардыя паводле нядаўняга ўказу Ўладзіміра Пуціна, «прыняла меры» і далажыла пра іх сьледчаму, які вядзе справу аб забойстве Нямцова. Якія менавіта меры былі прынятыя — не паведамляецца.

Сьледчы камітэт Расеі раней вынес камандаваньню ўнутраных войскаў распараджэньне «аб ліквідацыі прычынаў і ўмоваў», якія садзейнічалі забойству Нямцова. Гаворка ў ім ішла, у прыватнасьці, аб маніпуляцыях з камандзіровачнымі пасьведчаньнямі і адпачынкамі байцоў дысьлякаванага ў Чачні батальёну «Поўнач». Менавіта афіцэр гэтага батальёну Заур Дадаеў, паводле вэрсіі сьледзтва, страляў у Нямцова 27 лютага летась. Начальніка Дадаева Руслана Герамеева адвакаты сям’і Нямцова лічаць арганізатарам злачынства (паводле вэрсіі сьледзтва, ім зьяўляецца былы кіроўца Герамеева Руслан Мухутдзінаў).

У панядзелак Басманны суд Масквы адмовіўся разглядаць скаргу пацярпелых па справе аб забойстве Нямцова на адмову ў допыце ў якасьці сьведкі генэрала Віктара Золатава, які цяпер узначальвае Расгвардыю, а пад час забойства апазыцыянэра быў камандуючым унутранымі войскамі.

XS
SM
MD
LG