Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З расейскага палону — ва ўкраінскі парлямэнт, — першы дзень Саўчанкі ў Радзе


Надзея Саўчанка прыехала да парлямэнту на дзьве гадзіны раней, чым пачалося пасяджэньне, але ў сэсійную залю ўвайшла практычна ў апошнія хвіліны — у белай сарочцы і з украінскім сьцягам на плячах.

Першым яе прывітаў лідэр крымскататарскага народу Мустафа Джамілеў. Ён падышоў да Надзеі і абняў і яе.

Сёньняшняе пасяджэньне парлямэнту, насуперак традыцыі, адкрыла Надзея Саўчанка. Звычайна сэсія ў аўторак пачынаецца з выступаў лідэраў парлямэнцкіх фракцыяў. Дэпутаты слухалі Надзею стоячы.

«Я хачу падзякаваць усім украінцам, якія змагаліся за мяне, хачу падзякаваць усім украінцам сьвету, якія падымалі сьвядомасьць усёй грамадзкасьці і паказвалі, што такое Украіна. Я хачу падзякаваць усім добрым і прыстойным людзям сьвету, якія падтрымалі і мяне, і краіну. Я хачу папрасіць прабачэньня ў маці Вадзіма Пугачова, за тое, што яе сын аддаў жыцьцё за мяне», — заявіла народны дэпутат Украіны, якая ўсяго некалькі дзён таму вярнулася з расейскай турмы.

Надзея Саўчанка таксама папярэдзіла ўсіх дэпутатаў, што не дазволіць палітыкам забыцца на тых, хто гіне на ўсходнім фронце:

«Я вярнулася і ня дам вам, тым, хто сядзіць у крэслах Вярхоўнай Рады, забыцца на тых хлопцаў, якія пачыналі паміраць за тую Ўкраіну на Майдане і цяпер працягваюць паміраць на Данбасе. Я ня дам вам забыцца, таму што калі нехта з вас быў на могілках, то маглі адчуць тое, што адчула я. Яны стаяць, а не ляжаць. Яны ня лягуць у магілу да таго часу, пакуль мы не атрымаем тую краіну, пра якую марылі яны і марым мы», — падкрэсьліла яна.

«Нічога не забудзем і нічога не прабачым. Народ Украіны ня дасьць нам сядзець у гэтых крэслах, калі мы будзем здраджваць. Украіна — перадусім, а для нас, хто сядзіць у гэтай зале, Украіна вышэй за жыцьцё кожнага з нас», — заявіла Надзея Саўчанка і засьпявала з трыбуны Вярхоўнай Рады дзяржаўны гімн Украіны.

Пасьля гэтага яна зьняла з трыбуны плякат са сваім партрэтам і пры дапамозе дэпутатаў фракцыі «Бацькаўшчына» на ягонае месца замацавала іншы з надпісам «Волю вязьням Крамля!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG