Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На шыі ў дзьвюх жанчын — жыцьцё дармаеда ў беларускай глыбінцы


Фізіялягічны нарыс у стылі Рышарда Капусьцінскага зь сучаснай беларускай вёскі на Гомельшчыне. Усе пэрсанажы ананімныя, але вельмі рэальныя.

Сашка-качагар ня робіць ужо тры месяцы, яго скарацілі. Ацяпляльны сэзон на абедзьвюх ягоных працах скончыўся датэрмінова, яшчэ на пачатку сакавіка.

У аднапасялкоўцаў таксама нявесела. Пэнсіянэрка Валя шые сабе майткі са старых паношаных маек, бо сваю пэнсію, трохі больш за 3 мільёны, амаль цалкам аддае сыну — плаціць крэдыт і аддаваць пазыкі. Яшчэ адна пэнсіянэрка, Ніна, ледзь не зрабіла сабе сьмерць. На п’яную галаву напілася таблетак ад ціску, ды, абдумаўшыся, вырашыла яшчэ трохі пажыць. Расказала пра свой учынак інтэлігентнай Валянціне Аляксандраўне. Тая супакоіла Ніну, адправіла яе дадому і выклікала хуткую. Уратавала жанчыну прамываньне страўніка.

Тут і крызіс у кішэнях, і крызіс мысьленьня. Кароткія гутаркі зь вяскоўцамі ці гараджанамі сканчаюцца нязьменным пытаньнем маіх суразмоўцаў: «Як далей жыць?»

Гэта рэальныя выпадкі з жыцьця аднаго пасёлка. Пасёлак паблізу ад райцэнтру — маладога гораду на Гомельшчыне. І мае назву, якая асацыюецца зь юнацтвам ды сьвятлом. Аднак рэчаіснасьць тут, як і ва ўсім раёне, даволі цьмяная. Тут і крызіс у кішэнях, і крызіс мысьленьня. Кароткія гутаркі зь вяскоўцамі ці гараджанамі сканчаюцца нязьменным пытаньнем маіх суразмоўцаў: «Як далей жыць?» Чаканая лепшая будучыня не настае, таму пануюць беспрацоўе (дармаедзтва), дэпрэсіі, крадзяжы, самагубствы ды нэрвовыя расстройствы.

Хто не працуе — таго кормяць

Сашка-качагар на поўным утрыманьні сваёй жонкі-пэнсіянэркі і цешчы. Таму ў доме гаспадар — жанчына. Што загадае, тое і мусіць выканаць. Клясычная схема, па якой жылі Сашкавы бацькі, ужо ня дзейнічае. Гэта ў тыя часы мужчына грукаў па стале кулаком і аддаваў загады ўсёй сям’і.

Народная мудрасьць кажа, што муж любіць страўнікам. Жонка, ведаючы гэта, прымяняе ў дачыненьні да Сашкі-дармаеда харчовыя санкцыі. Пайшоў у запой ці бадзяецца ў пошуках ста грамаў — па вяртаньні дадому будзе чакаць пустая талерка. Праўда, апошнія месяцы жонка падабрэла, нават карміла мужа фаршыраванымі кальмарамі з соевым соўсам. Але той высока далікатэс не ацаніў. Больш звык да галубцоў.

Жыць без гатаванай ежы — не навіна для Сашкі. Ведае, што парушыў правілы паводзін у сям’і, таму будзе пакараны. Адзінае, чым жонка можа «пагражаць» свайму дармаеду — гэта што ня будзе абедаў і вячэраў. Пра сьняданак і гаворкі няма, кожны сьнедае (калі ўвогуле сьнедае) паасобку. Гэткая завядзёнка называецца вельмі проста — хто што знойдзе, тое і зьесьць. А ня знойдзе — застанецца галодны, будзе жыць у чаканьні абеду, які павінен быць абавязкова. Вячэры можа і ня быць, але абед — гэта сьвятое.

Есьці дай, выпіць дай, а працы не пытай

Жыцьцё сям’і Сашкі-качагара нагадвае галоднае жыцьцё афрыканцаў, пра якіх пісаў Рышард Капусьцінскі ў кнізе «Чорнае дрэва. Афрыканская ліхаманка»: «...Ён ня можа знайсьці працы. Працуе Вікта, яна ўрабляе палетак маніёкі, дзякуючы чаму яны і жывуць». І гэта ня самая цяжкая жыцьцёвая сытуацыя, калі жанчына трымае на сабе гаспадарку. Вёска, у якой жылі героі пісьменьніка, была недалёка ад гораду, але не настолькі блізка, як Сашкаў пасёлак. Там людзей ад голаду ратаваў прыдарожны гандаль, а качагара-дармаеда — лядоўня ды хлебніца.

Аднак самастойна браць прысмакі зь лядоўні таксама не дазваляецца. Смачным лічыцца сыр, курыца, каўбаса, рыба, ды ўвогуле ўсё тое, што прыгатавана з разьлікам на пару дзён. Па Сашкавых аповедах, звычайна, акрамя малака для цешчы, слоікаў з фасоляй, сьмятаны, а таксама некаторых прыправаў, нічога з харчоў няма. А прысмакі ды 30 грамаў элітнай чорнай гарбаты — гэта толькі з жаночых пэнсіяў.

Па словах качагаравай жонкі, жыцьцё цяпер падаражэла, даводзіцца эканоміць яшчэ болей. І яна мае рацыю: зь першага кварталу прыбыткі скараціліся на 7%.

Па словах качагаравай жонкі, жыцьцё цяпер падаражэла, даводзіцца эканоміць яшчэ болей. І яна мае рацыю: зь першага кварталу прыбыткі скараціліся на 7%. Сашка схуднеў. У народзе пра гэта кажуць: «пуп завязаў», што значыць — недаядае, беражэ кавалак, каб даўжэй хапіла.

Нават у сьвяты ашчаджаюць, за раз усё не ядуць, думаюць пра наступны дзень. Затое Сашка можа адрэзаць кавалак ад кацінай лівэркі. А калі жонка ня бачыць — і яшчэ кавалачак. У выніку муж будзе мець перакус, а кот пра свой пусты (ці пуставаты) страўнік не прагаворыцца.

Мне цяжка ўявіць, з чаго зроблена тая каўбаса. Сашка-качагар жуе бяззубым ротам ды паказвае мне вялікі палец, выгукваючы: «Во!» Што значыць на яго мове — «вешч!». Кажа: «Гэта ты вучоная, з дыплёмам, а ў мяне толькі «корачкі». Пад «корачкамі» маецца на ўвазе стос разнастайных пасьведчаньняў. І ніводнае зь іх не памагае стаць з «дармаеда» — «працаўладкаваным».

Пры ўсім пры тым Сашка-качагар гаротнікам сябе ня лічыць. Ну якое яму гора? Чаго бедаваць, што спартовыя штаны прапаленыя «Прымай», «Астрай» ці самакруткамі; швэдар за шмат-шмат год заношаны; кашуля сэканхэндаўская? Яна ж яшчэ прыстойна выглядае, ня тое што ў таго афрыканца Аполы. Па апісаньнях Капусьцінскага, яго кашуля была шэдэўрам «пэчворку, інфармалізму, калажу і поп-арту, дэманстрацыяй найжывейшай фантазіі працавітых краўцоў...»

З дармаеда як з гусі вада. Сёньня дома, заўтра пойдзе па ваколіцах на калым. Што заробіць — тое прап’е. Або, калі жонка скажа, набудзе ў краме хлеб, курыцу, бляшанку кансэрваў ды яшчэ якіх-небудзь прысмакаў, і будзе выглядаць клапатлівым гаспадаром, з гонарам выкладваючы свае набыткі на кухонны стол. Аднак такая шчасьлівая падзея здараецца не часьцей, чым раз на месяц ці паўтара.

Расейская прапаганда

Жонка крычыць на Сашку, затое суседка яго шкадуе. Тая самая Валя, што майткі сабе шые. У пасёлку ж як? Хто што каму расказаў — будзе ведаць уся ваколіца. Таму інфармацыя тут распаўсюджваецца хутчэй, чым праз інфармацыйныя сайты.

Сашка-качагар глядзіць выключна расейскае тэлебачаньне. Казаць яму, што там паказваюць лухту і прапаганду, няма сэнсу — тэлевізар сваю справу ўжо зрабіў.

Дарэчы, наконт навінаў. Сашка-качагар глядзіць выключна расейскае тэлебачаньне. Казаць яму, што там паказваюць лухту і прапаганду, няма сэнсу — тэлевізар сваю справу ўжо зрабіў. Неяк удзень зайшла да яго ў дом, а ён глядзіць «РТР», седзячы ў крэсьле, выцягнуў шыю, як той гусак. Вочы вылупіў па яблыку, нават і не міргне, нічога больш ня чуе і ня бачыць, акрамя блакітнага экрану.

Сашка нагадаў мне пэрсанажа страшнай казкі, якая, на жаль, ператварылася ў рэчаіснасьць. Суседка Валя менш загіпнатызаваная, яна аматарка сэрыялаў, бо іх паказваюць увечары, калі ўжо паробленыя справы па гаспадарцы. А прасунутая Георгіеўна дык і ўвогуле толькі «гугліць». Ня дзіва, што з усіх маіх герояў яна самая сучасная і мае пра ўсё ўласную думку. І загіпнатызаванай лічыць ня Сашку, а мяне. Я зь ёй размаўляла занадта разумна, граматна выбудаванымі сказамі — і праз гэта выклікала ў жанчыны недавер і падазрэньне ў супрацы з заходнімі спэцслужбамі.

Вакансіі і заробкі

Дзе плоцяць прыстойны заробак, напэўна, ня скажа ніхто. А вось адказ на пытаньне, дзе знайсьці працу, ведае мясцовая рэклямная газэта. Штосераду Сашка-качагар чакае сьвежага нумару, каб паглядзець табліцу вакансіяў. Будзе цэлы дзень бадзяцца, чакаючы паштальёнкі. Па аповедах Сашкавай жонкі, удзень, калі ён глядзіць тэлевізар, час ад часу падскоквае ў крэсьле, выцягнуўшы шыю, пытаецца: «Дзе там мая газэтка? Мо ўжо прынесьлі?», пільна глядзіць у акно, у той бок, дзе на высокім плоце вісіць паштовая скрыня. «Мая газэтка» гучыць нібыта «My precious», качагар нагадвае ў гэты момант Горлума зь фільму «Ўладар пярсьцёнкаў». Розьніца ў тым, што пярсьцёнак з таго фільму быў каштоўны, а Сашкава газэтка прыбытку свайму гаспадару не прыносіць. Адно расчараваньне.

На васямнаццатай старонцы чаканага выданьня наўрад ці знойдзецца праца, якая будзе адпавядаць «корачкам» майго героя. Варшчыкі бітуму, дарожныя рабочыя і качагары ў траўні нікому не патрэбныя, гэтаксама як і ў сакавіку, і ў красавіку. Затое патрабуецца настаўнік-дэфектоляг у гарадзкую школу з заробкам 2 млн 300 тыс. у месяц. Патрабуецца і сакратар — на палову стаўкі, за 575 тысяч. Гэта самы малы заробак у табліцы. Большы на 25 тысяч — у бібліятэкаркі. Па маіх назіраньнях, абедзьве вакансіі трымаюцца ў топе «гарачых» ужо ня першы месяц.

Працуй да поту — атрымаеш кукіш за работу

Сашка-качагар такім расцэнкам за працу ня дзівіцца. Ён бывалы. Узімку за 800 тысяч у месяц качагарыў у пасялковай краме. Сваёй сякерай калоў дровы, сваім венікам падмятаў бэтонную падлогу качагаркі. Што няма ўмоваў працы, тут нікому ня дзіва. Людзі кажуць, паўсюль яно так.

Качагару павінны выдаваць вогнетрывалы гарнітур з парусіны, але гэта толькі на паперы — у правілах, якія вісяць у файліку на сьцяне ў качагарцы і зімой, і летам. Сашку ня выдалі ні валёнак, ні галёшаў, ні рукавіц. Шукаючы працы, людзі тут не цікавяцца ўмовамі працы, пытаюцца толькі пра заробак. Колькі працоўных гадзін, ці будзе перапынак на абед, ці выдадуць працоўную форму, ці ня будзе праца шкодзіць здароўю — гэтых пытаньняў не задаюць, для людзей яны не актуальныя. Абы заробак.

Спрытныя жанчыны і дзяўчаты паўладкоўваліся ў адзіную ў горадзе піцэрыю. Там за 12-гадзінны працоўны дзень, два праз два працоўныя дні, афіцыянткі за першы месяц працы атрымаюць 1,5 млн. Калі пройдуць выпрабавальны тэрмін, заробак павялічыцца да 2 млн ці яшчэ крыху болей. На «чаявыя» ў правінцыйным горадзе няма чаго разьлічваць. Аднак людзі ня грэбуюць і такімі нізкімі заробкамі. Болей палохае беспрацоўе. Ня кожнаму ж так шанцуе, як Сашку-качагару, якога кормяць і жонка, і цешча.

Соль жыцьця і цукар надзеі

Дармаед, дарэчы, рабіў спробы ўладкавацца дворнікам у санаторый за некалькі кілямэтраў ад дому. Гойсаў туды на ровары. Сашкава жонка апавядае, што муж некалі рабіў там ужо дворнікам, пакуль ня выперлі за п’янку. А цяпер не бяруць, хоць і заяву напісаў, бо вуліцы падмятаць будуць качагары. І праўда, навошта набіраць новых супрацоўнікаў, калі ў краіне ўзяты курс на скарачэньне працоўнай сілы?

Тэлефанаваў і ў дзіцячы лягер. Там адказалі, што аб’ява састарэла, ім ніхто не патрэбны. Таму Сашка завіхаецца на градах.

Каб адпрацаваць абеды ды вячэры, распачаў дома травеньскі ацяпляльны сэзон, бо дужа холадна. Паліць дровамі. Жонка купіла трактар дроў «па блату», за 500 тыс., каб эканоміць на газавым ацяпленьні, якое тарыфікуецца цяпер па летніх павышаных коштах. Кубамэтар газу — 2 млн 842 тыс. Нібыта ня так і шмат, але ў красавіку за ацяпленьне выйшла 426 тыс. 300 рублёў. Хоць палілі выключна па вечарах, каб толькі дух у хаце падтрымаць. Бо іначай на столі ў кутах завядзецца цьвіль, і вільгаць сапсуе вопратку ў шафе. Камунальныя паслугі за трохпакаёвы дом у красавіку абышліся Сашкавай жонцы амаль у 800 тысяч.

У раёнах жыцьцё ня цукар. Зрэшты, і цукар цукру ня роўны. Вось у менскім бістро «Лідо» цукровыя пакецікі загаварылі па-мудраму: «Без мазаля на руках ня будзе хлеба ў зубах». Але дзе знайсьці працу арміі беларусаў-дармаедаў, каб тыя мазалі нацерці? Паводле афіцыйнай статыстыкі за красавік, беспрацоўных у краіне больш за 53 тысячы. Сашка-качагар — толькі адзін зь іх.

Ядзя Бурштынава для Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG