Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыянтка абражала і зьневажала ўдзельнікаў каталіцкай працэсіі ў Менску»


Супрацоўніца праваахоўных органаў у цывільным, якая абражала вернікаў

Супрацоўніца праваахоўных органаў у цывільным, якая абражала вернікаў

Штогадовую працэсію вуліцамі Менску з нагоды каталіцкага сьвята Цела і Крыві Хрыста сёлета суправаджала мноства супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія фільмавалі ўдзельнікаў шэсьця.

Некаторыя зь сілавікоў абражалі вернікаў і пагражалі затрыманьнямі.

Практыкуючая верніца Ірэна, якая ішла ў такой працэсіі ўжо ня першы раз сказала Свабодзе:

«Увогуле, я лічу, што такія шэсьці павінны праходзіць з удзелам праваахоўных органаў. Бо гэткая колькасьць людзей, а раптам што здарыцца. Сёлета, калі працэсія дайшла да Рускага тэатру, я паднялася на прыступкі, каб сфатаграфаваць шэсьце з вышыні. Побач было шмат нашых каталікоў, карэспандэнтаў, якія таксама здымалі. І раптам у аднаго чалавека з камэрай спрацавала рацыя — тады мне стала зразумела, што гэта за чалавек і што гэта за здымкі. А ён стаяў і плянамерна здымаў з адной кропкі, з адным фокусам усю працэсію, усіх, хто ўдзельнічаў — яны рабілі свой сьпіс».

Вернікі падчас працэсіі

Вернікі падчас працэсіі

Як распавядае спадарыня Ірэна, калі працэсія ўжо завяршалася і калёна падыходзіла да Катэдральнага касьцёла, міліцыянт у форме і жанчына пачалі «адсякаць» галаву працэсіі — дзе былі сьвятары, абразы і харугвы — ад астатніх людзей.

«Гэтая жанчына літаральна стала грудзьмі, маўляў, далей ніхто не ідзе. А за намі — тысячы людзей, якія працягваюць падыходзіць, і ім літаральна не было дзе падзецца. У выніку на першых, прыпыненых людзей, націснулі тыя тысячы людзей, якія падыходзілі, і ўсе рушылі далей да касьцёла. І тады гэтая жанчына пачала абражаць і зьневажаць людзей, маўляў, куды вы ўсе працеся, каб вы гэтак у касьцёлы хадзілі, я сама каталічка, але такіх каталікоў ніколі ня бачыла».

Спадарыня Ірэна паспрабавала спыніць міліцыянтку.

Падчас працэсіі

Падчас працэсіі

«Тады яна пачала крычаць на мяне і казаць, што я апазыцыянэрка. Я ў сваю чаргу запыталася хто яна такая і як яе зваць, але яна мне раз-пораз крычала — „закрый рот“. Гэта бачылі і чулі многія людзі, і яны казалі — маўляў, калі яна не называецца, то сфатаграфуйце яе. Калі ж я сфатаграфавала, яна падышла да мяне, дастала свае тэлефоны-дыктафоны і стала патрабаваць паказаць фотаапарат са здымкамі, мой пашпарт. Я папрасіла паказаць дакумэнты і пасьпела прачытаць прозьвішча — Шрамковіч. У мяне пашпарта не было, і яна тады сказала, што дачакаемся, калі ўсе разыдуцца, і паедзем з вамі ў райаддзел».

Калі працэсія скончылася і людзі сталі разыходзіцца, спадарыня Ірэна пайшла дадому.

«Але ці завяршылася для мяне гэтая гісторыя, я пакуль ня ведаю. Я ніколі не сустракалася з такімі паводзінамі супрацоўнікаў міліцыі і была вельмі ўражаная, тым больш што гэта была жанчына. Яна паводзіла сябе як правакатарка, распаляючы ў людзях злосьць і нянавісьць. Гэтая міліцыянтка крычала, што яна каталічка — можа, і ахрысьцілі яе ў касьцёле, але тое, што яна нават не хрысьціянка, дык гэта відавочна. Яна ня мае любові ў сэрцы да людзей. Гэта сорам для нашага МУС, што яны бяруць на працу такіх жанчын».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG