Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН па Беларусі павінен застацца, — «Вясна»


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Праваабаронцы лічаць, што мандат спэцдакладчыка па правах чалавека ўдасца працягнуць, нягледзячы на нэгатыўную рэакцыю беларускіх уладаў. Галасаваньне прызначанае на 30 чэрвеня.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) супольна зь беларускімі праваабаронцамі праводзіць кампанію за працяг мандату спэцдакладчыка ААН па правах чалавека, піша БелаПАН.

Рашэньне працягнуць або скасаваць мандат будзе прынятае Радай па правах чалавека ААН 30 чэрвеня. Спэцдакладчык ААН па Беларусі зьявіўся ў ліпені 2012 году, ягоны мандат штогод працягваўся, нягледзячы на нэгатыўную рэакцыю беларускіх уладаў і адмову ад супрацы зь ім.

У межах кампаніі FIDH беларускі праваабаронца Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна», на мінулым тыдні наведаў Жэнэву, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі дэлегацыяў шэрагу краінаў-сябраў Рады ААН па правах чалавека і «лабіраваў» працягненьне мандату — і сярод праціўнікаў гэтай ідэі, і сярод дэлегатаў тых краінаў, якія звычайна ўстрымліваюцца пры галасаваньні па мандаце (Філіпіны, Тога, Мальдзівы, Сальвадор, Мэксыка, Альжыр, Інданэзія, Грузія...). Паводле ягоных слоў, для праваабаронцаў важна, каб захаваўся міжнародны маніторынг сытуацыі ў краіне, які ажыцьцяўляе спэцдакладчык ААН па Беларусі.

Па непрыемных пытаньнях Беларусь адмаўляецца супрацоўнічаць. Гэта вельмі і вельмі сэлектыўны падыход да ўзаемадзеяньня з ААН.

«Наша пазыцыя палягае ў тым, што з боку Беларусі няма належнай каапэрацыі з дамоўнымі мэханізмамі ААН. Беларусь супрацоўнічае зь імі вельмі выбаркова. Актыўна супрацоўнічае, напрыклад, па пытаньні правоў жанчын ці гандлю людзьмі, але па пытаньнях грамадзянскіх і палітычных правоў супрацоўнічаць ня хоча. Па непрыемных пытаньнях Беларусь адмаўляецца супрацоўнічаць. Гэта вельмі і вельмі сэлектыўны падыход да ўзаемадзеяньня з ААН», — кажа Стэфановіч.

У якасьці прыкладу ён прывёў нежаданьне беларускіх уладаў выконваць рашэньні Камітэту ААН па правах чалавека па скаргах беларускіх грамадзянаў. Сваю пазыцыю афіцыйны Менск тлумачыць тым, што рашэньні камітэту носяць рэкамэндацыйны, факультатыўны характар.

Прагназуючы рашэньне па мандаце, Стэфановіч адзначыў: многія яго калегі з FIDH кажуць, што пакуль цяжка сказаць, як будзе праходзіць галасаваньне, але яны лічаць, што мандат удасца захаваць.

У падтрымку працягу мандату FIDH раней запусьціла сайт Act4Belarus.org, дзе па-расейску, па-ангельску і па-француску прыводзяцца аповеды пра правы чалавека, свабоду прэсы, свабоду асацыяцыяў, палітычных зьняволеных, правы ЛГБТ і сьмяротнае пакараньне ў Беларусі, а таксама жартаўлівы ролік з уяўнай перапіскай паміж Лукашэнкам і кіраўнікамі іншых дзяржаў у чаце на Facebook’у.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG