Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка расказаў пра дамоўленасьць вярнуць Афанасьева і Салашэнку


Акцыя пад амбасадай Расеі ў Кіеве ў падтрымку крымскіх палітвязьняў, 9 красавіка 2016 году

Акцыя пад амбасадай Расеі ў Кіеве ў падтрымку крымскіх палітвязьняў, 9 красавіка 2016 году

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка расказаў пра папярэднюю дамоўленасьць з Расеяй вярнуць на радзіму дваіх асуджаных украінцаў — Генадзя Афанасьева і Юрыя Салашэнку.

У інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу «Інтэр» Парашэнка таксама расказаў, што перамовы ў справе вызваленьня 25 палонных украінцаў, якія застаюцца ў Данбасе, выйшлі на «фінішную простую». «Мы на фінішнай простай датычна умоваў, тэрмінаў і працэдуры іх вяртаньня», цытуе Парашэнку «112 Украіна».

Раней у пятніцу міністар замежных справаў Украіны Павел Клімкін назваў вызваленьне Салашэнкі і Афанасьева пытаньнем «найбліжэйшых тыдняў».

Генадзь Афанасьеў з 2015 году адбывае ў Расеі сямігадовы тэрмін па так званай «справе крымскіх тэрарыстаў», па якой таксама асуджаныя на 20 і 10 гадоў адпаведна ўкраінскі рэжысэр Алег Сянцоў і антыфашыст Аляксандар Кольчанка.

73-гадовы Юры Салашэнка, былы дырэктар украінскага абароннага прадпрыемства «Знамя», у 2015 годзе атрымаў шэсьць гадоў калёніі строгага рэжыму паводле абвінавачаньня ў шпіянажы на карысьць Украіны.

З 2 траўня Афанасьеў і Салашэнка ўтрымліваюцца ў маскоўскім СІЗА «Ляфортава», куды былі дастаўлены з калёній, дзе адбывалі пакараньне.

Раней Кіеў зьвярнуўся да расейскага боку з просьбай перадаць на радзіму чацьвярых украінцаў: Алега Сянцова, Аляксандра Кольчанку, Генадзя Афанасьева і Юрыя Салашэнку.

25 траўня была вызвалена і вярнулася ва Ўкраіну Надзея Саўчанка, якой у Расеі прысудзілі 22 гады турмы паводле абвінавачаньня ў саўдзеле ў забойстве двух журналістаў ВГТРК летам 2014 году пад Луганскам.

XS
SM
MD
LG