Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мы баімся ўсяго. Салідарнасьці не навучыліся», — дробныя бізнэсоўцы з Горак


Горацкі рынак «з вышыні птушынага палёту». І гандлёвыя палаткі ёсьць, і пакупнікі між імі блукаюць

Горацкі рынак «з вышыні птушынага палёту». І гандлёвыя палаткі ёсьць, і пакупнікі між імі блукаюць

30 траўня ў Магілёве мае адбыцца рэгіянальны форум прадпрымальнікаў. Яго арганізуе аб’яднаньне «Пэрспэктыва».

Арганізатары паведамляюць, што на форум запрасілі чыноўнікаў. Абмеркаваньне стану спраў у прадпрымальніцтве будзе адным з асноўных пытаньняў сходу. На ім згадаюць указ № 222, які на пачатку году паралізаваў на два месяцы працу рэчавых рынкаў і гандлёвых цэнтраў.

Што зьмянілася на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах за пяць месяцаў дзеяньня гэтага ўказу? На што спадзяюцца дробныя прадпрымальнікі і ці вераць, што могуць паўплываць на пазыцыю ўлады? Карэспандэнт Свабоды на гэтыя пытаньні шукаў адказаў у райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне.

На горацкім рынку ў нядзелю было ажыўлена. Пляцоўка для гандлю рэчамі шырокага спажываньня была застаўлена палаткамі з таварамі лёгкай прамысловасьці. Немалая грамада пакупнікоў таўклася ля тых палатак, перабіраючы ды прымяраючы адзежу і абутак.

«Тое, што людзей, як вы кажаце, шмат, дык яны проста ходзяць па рынку і амаль нічога не купляюць. Хіба якую драбязу на лета купяць, ды й і тую што патаньней выберуць», — не пагадзілася адна з прадпрымальніц зь меркаваньнем журналіста, што гандаль на райцэнтраўскім рынку ажывіўся.

«У вачах пакупнікоў адчай. У дзяржавы таталітарны склад розуму»

Па словах суразмоўніцы, яна два месяцы на пачатку году не працавала, шукаючы арганізацыі, якія прадаюць гуртам тавар, з дакумэнтамі. Паводле яе, цэньнік на сэртыфікаваны тавар значна падрос.

«Як сэртыфікацыю ўвялі, то цэны падрасьлі працэнтаў на трыццаць, а ў людзей жа заробак не павялічыўся, — удакладніла сытуацыю жанчына. — Прадпрымальнікаў на рынку таксама паменела. Яны сышлі, бо ня вераць, што нешта зьменіцца да лепшага. Тыя, хто застаўся, прыстасоўваюцца да новых рэаліяў».

Не занятыя гандлёвыя месцы на рынку. Прадпрымальнікі сышлі, кажуць іхныя калегі, якія засталіся

Не занятыя гандлёвыя месцы на рынку. Прадпрымальнікі сышлі, кажуць іхныя калегі, якія засталіся

За пяць месяцаў сытуацыя значна пагоршылася, далучыўся да гутаркі яшчэ адзін прадпрымальнік. У пакупнікоў цяпер няма грошай, даводзіў ён.

«На вёсцы наагул немагчыма стала працаваць. Заробкі там па два мільёны, і ня кожны такі мае. Прыяжджаюць зь вёсак і просяць цану скінуць на адзеньне, бо грошай бракуе. У вачах адчай», — характарызуе сытуацыю гандляр.

«222 указам нас паставілі ў адзін шэраг з буйным бізнэсам, — з абурэньнем заўважае суразмоўца. — А каму лепей ад гэтага стала? Я з жахам думаю, колькі давядзецца аддаць людзям за школьную форму. Летась былі праблемы ў людзей з гэтым, а сёлета яшчэ горай будзе».

«У нашай дзяржавы таталітарны склад розуму, і яна ня хоча мяняцца. Пазыцыя ўлады такая: „Я сказаў, і так будзе, калі нехта супраць, то буду біць да той ступені, пакуль не пагодзіцеся на мае ўмовы“. Такое ўражаньне, што мы пасьля нейкай вайны жывём. Раней жа на вайну ўсё сьпісвалі. А цяпер на што сьпісваць будуць?» — паставіў пытаньне прадпрымальнік.

Каб разам бараніліся, дык нешта б зьмянілася

«Грашовага абароту значна менш стала, тавару прывозім таксама меней», — працягнуў гутарку яшчэ адзін прадпрымальнік.

Паводле ягоных падлікаў, з горацкага рынку сышло каля трыццаці працэнтаў гандляроў. Многія зь іх, адзначыў ён, перабраліся працаваць у Расею. Там стаўленьне ўлады да дробных бізнэсоўцаў больш лібэральнае, чым у Беларусі, даводзіў прадпрымальнік.

На яго думку, пратэстная актыўнасьць, выкліканая незадаволенасьцю 222-м указам, згасла, і цяпер, як ён лічыць, ніякія сходы сытуацыю ня выправяць.

Гандляры: пакупнікі больш ходзяць, чым купляюць

Гандляры: пакупнікі больш ходзяць, чым купляюць

«Трэба было варушыцца тры-чатыры месяцы таму. Не выходзіць на працу як мага даўжэй. Цяпер улада не пачуе нас. Мы змарнавалі шанец нечага дамагчыся. Некаторыя мае калегі выйшлі на працу пры першай жа магчымасьці», — з крыўдай адзначыў бізнэсовец.

«Два месяцы пратэстаў не навучылі нас быць салідарнымі», — канстатуе ён.

«Мы баімся ўсяго. Каб адзін аднаго трымаліся і бараніліся разам, тады б толк быў, — разважае суразмоўца. — Як прыйдзе, напрыклад, падатковая і пачне, скажам, трэсьці некага аднаго, а за яго ўсе гарой і абаранілі яго — тады б нешта пачало мяняцца. А так кожны, як прыходзяць з праверкай, адварочваецца, каб яго не чапалі. Не зачапілі яго — і ён са спакоем выдыхнуў».

Пяць месяцаў таму найбуйнейшы ў Горках гандлёвы цэнтар «Малая Эўропа», які месьціцца непадалёк ад рэчавага рынку, сустракаў пакупнікоў зачыненымі павільёнамі з аголенымі ў вітрынах торсамі манэкенаў. У мінулую нядзелю павільёны былі адчыненымі. Пакупнікоў, праўда, было няшмат.

У «Малой Эўропы» ня ўсе гандляры былі гатовыя гаварыць пра наступствы 222-га указу ды свой двухмесячны пратэст.

Прывазнога тавару паменела. Гандляроў таксама. Зьехалі ў Расею

Адна зь першых гандлярак, спаслалася на меркаваньні ўкраінцаў, якія, як яна заўважыла, у натоўпе бязь цяжкасьцяў вылучаць беларуса. «Бо беларус уласнага ценю баіцца», — заявіла жанчына, тлумачачы сваё нежаданьне гаварыць з журналістам.

«Нас пакуль ніхто не чапае — кажу як ёсьць, але гэта зацішша нібы перад навальніцаю, — ахарактарызаваў атмасфэру ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі наступны суразмоўца.

Ля ўваходу на рынак таўкатні, як раней, не назіраецца

Ля ўваходу на рынак таўкатні, як раней, не назіраецца

«Ходзяць чуткі, — дадаў ён, — што зь ліпеня зноў адновяцца праверкі падаткавікоў. Таму ўсе напагатове. Час ад часу пазіраем у вакно, каб упільнаваць праверку. Раніцай прачынаесься, і першыя думкі, каго ж хапнуць сёньня. Настолькі запалоханымі мы сталі. У людзей страх і злосьць».

Паводле гандляроў з «Малой Эўропы», нямала іхных калегаў перабраліся працаваць у недалёкі ад Горак Смаленск і не шкадуюць пра сваё рашэньне. «Там працуецца свабодней, чым у Беларусі, хоць і даводзіцца справу пачынаць з нуля», — пераказваюць словы тых прадпрымальнікаў, якія зьехалі, іхныя калегі, якія трымаюцца на радзіме.

Па словах наступнага гандляра, пакупніцкая актыўнасьць у жыхароў райцэнтру і вяскоўцаў упала. Многія, заўважыў ён, выбіраюць цяпер крамы сэканд-хэнду, дзе тавар значна таньнейшы.

«Калі вазіць тавар па дакумэнтах, то яго ніхто ня купіць, — даводзіць гандляр. — У людзей заробак два мільёны, а штаны з дакумэнтамі — чатырыста тысяч, блюзка — пяцьсот тысяч. Даводзіцца рызыкаваць, везучы тавар з Расеі. Там дакумэнты даюць, але дзе гарантыя, што іх прыме праверка. У Расеі свабодны гандаль. У тамтэйшых гандляроў адны калькулятары на руках. Няма ніякіх касавых апаратаў. З нас пасьміхаюцца кітайцы, калі ў іх просіш дакумэнт на тавар. Яны адразу пазнаюць у нас беларусаў».

Пра тое, што ў Магілёве адбудзецца рэгіянальны форум прадпрымальнікаў, у Горацкай «Малой Эўропе» чулі. Яго ініцыятара лідэра аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанку некаторыя мясцовыя прадпрымальнікі называюць «абаронцам дробнага бізнэсу».

Гандлёвы цэнтар «Малая Эўропа». Манэкенаў адзелі, але пакупнікоў болей ня стала

Гандлёвы цэнтар «Малая Эўропа». Манэкенаў адзелі, але пакупнікоў болей ня стала

«Ад студзеня ён хоць нешта ды робіць. Яму штрафы даюць, але ён зьбірае вакол сябе прадпрымальнікаў», — выказаўся пра Шумчанку адзін з гандляроў.

Калі б пяць тысяч сабралася на пратэст

«Мы ж цяпер кучкамі жывём. У чыноўнікаў свая кучка. Чыноўнікі шмат хлусяць. Увесь час чуем адны і тыя ж словы. Лукашэнка, можа, і нармальны кіраўнік, але ён ня хоча нічога мяняць: ні чыноўнікаў, ні сваёй палітыкі. Людзі ў нас цярплівыя, сьцяўшы зубы маўчаць, але патрэбныя лідэры, якія здолелі б разварушыць сытуацыю».

На думку суразмоўцы, пратэсты прадпрымальнікаў у Менску былі недастаткова масавымі, каб імі напалохаць чыноўнікаў. «Пяцьсот ці шэсьцьсот чалавек — гэтай колькасьці мала. Калі б пяць тысяч хаця б сабралася... А чыноўнікі ж сытуацыю кантралююць. Сабраліся пяцьсот чалавек, дык яны на гэта адказваюць: „Гэта сабраліся тыя, хто ня хоча працаваць“. Але гэта ж ня праўда».

222-гі ўказ набыў моц 1 студзеня 2016 году. Згодна зь ім прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў. Указ паралізаваў на два месяцы працу прадпрымальнікаў на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах, дзе прадавалася прадукцыя расейскай лёгкай прамысловасьці.

Дробныя бізнэсоўцы спрабавалі давесьці ўладзе пра несвоечасовасьць указу. Патрабавалі абвясьціць паўгадавы мараторый. У абласных цэнтрах гандляры з рэчавых рынкаў і гандлёвых цэнтраў дамагаліся сустрэч з чыноўнікамі. Тыя, аднак, заяўлялі, што скасаваць указ ня ў іхняй кампэтэнцыі.

Пасьля двухмесячнага страйку, не дамогшыся свайго, гандляры пакрысе пачалі выходзіць на працоўныя месцы.

XS
SM
MD
LG