Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алянд і Мэркель ушанавалі памяць загінулых пад Вэрдэнам


Францускія салдаты ідуць у атку пад Вэрдэнам (архіўнае фота).

Францускія салдаты ідуць у атку пад Вэрдэнам (архіўнае фота).

У самай працяглай бітве Першай сусьветнай вайны загінулі сотні тысяч салдат Францыі і Нямеччыны.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель у нядзелю, 29 траўня, узялі ўдзел у памятных мерапрыемствах з нагоды стагодзьдзя бітвы пры Вэрдэнам — самай працяглай бітвы Першай сусьветнай вайны.

Лідэры дзьвюх краін усклалі вянкі на могілках Вэрдэну, дзе спачываюць астанкі больш за 10 тысяч нямецкіх салдат. Алянд і Мэркель адкрылі ў цэнтры гораду мэмарыял, наведалі Форт Дуамон, дзе пахаваныя 130 тысяч нямецкіх і францускіх салдат, якія загінулі пры аблозе Вэрдэну.

На жалобнай цырымоніі прысутнічалі каля чатырох тысяч падлеткаў з Францыі і Германіі. Па словах лідэраў дзьвюх дзяржаў, якія ваявалі адна з адной у Першай сусьветнай вайне, памяць аб Вэрдэнскай бітве павінна служыць захаваньню міру.

Мэркель сказала, што Вэрдэн сымбалізуе «неймаверную жорсткасьць і бессэнсоўнасьць вайны» і ў той жа час здольнасьць народаў да прымірэньня. Алянд адзначыў, што «Вэрдэн перажыў страшнае вар’яцтва», але гэты горад апынуўся здольны адрадзіцца і згуртавацца для міру і франка-германскай дружбы.

Бітва пры Вердэнам працягвалася з 21 лютага па 18 сьнежня 1916 году. У бітве загінулі больш за 300 тысяч францускіх і нямецкіх салдат.

XS
SM
MD
LG