Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Адэсе зноў узяў пад варту галоўнага фігуранта «справы 2 траўня»


Прарасейскі актывіст цэліцца ва ўдзельнікаў праўкраінскай дэманстрацыі ў Адэсе 2 траўня 2014 году.
Прарасейскі актывіст цэліцца ва ўдзельнікаў праўкраінскай дэманстрацыі ў Адэсе 2 траўня 2014 году.

У Адэсе Кіеўскі раённы суд прыняў рашэньне зноў ўзяць пад варту грамадзяніна Расеі, які абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў 2 траўня 2014 году і зьяўляецца галоўным фігурантам справы, паведаміла прэс-служба суду. Прычынай сталі яго дзеяньні, кваліфікаваныя па артыкуле Крымінальнага кодэксу пра пагрозу забойствам.

Як інфармуюць агенцтвы са спасылкай на прэс-сакратара суда Вераніку Чэрэвату, абвінавачанаму вызначаны тэрмін утрыманьня пад вартай — два месяцы.

У прэс-службе пракуратуры Адэскай вобласьці дадалі, што абвінавачаны не мае права выйсьці на волю пад заклад.

У пятніцу ўвечары агенцтвы паведамлялі, што фігурант «справы 2 траўня», грамадзянін Расеі Яўгеній Мяфёдаў быў затрыманы па артыкуле Крымінальнага кодэкса пра пагрозу забойствам адразу пасьля таго, як іншы адэскі райсуд, Малінаўскі, пастанавіў адпусьціць яго з-пад варты пад хатні арышт, і яго проста з залі суду даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Як высьветлілася, напярэдадні, у чацьвер, падазраваны расеец з дапамогай мэсэнджэра Viber даслаў сьведку ў сваёй справе паведамленьне з пагрозамі забойства. Яго зьмест прэс-служба Кіеўскага райсуду Адэсы прывяла так: «...Хохол, я тебе обещал, что завалю, а ты мне не верил. Завтра мне изменят меру пресечения и я выйду на свободу, жди в гости...».

Таксама ў пятніцу паведамлялася, што пракуратура Адэскай вобласьці пачала крымінальную вытворчасьць па факце вынясеньня судзьдзямі Малінаўскага райсуду Адэсы заведама неправасудных рашэньняў у ходзе разгляду «справы 2 траўня».

У гэтай справе аб масавых беспарадках, якія прывялі да гібелі людзей, абвінавачаныя каля 20 чалавек, зь іх двое грамадзян Расеі. Пяцёра зь іх, у тым ліку абодва расейцы, узятыя пад варту. Асобна ў сувязі з тымі падзеямі расьсьледуюць дзеяньні тагачасных кіраўнікоў адэскай міліцыі.

2 траўня 2014 году на марш футбольных фанатаў і праўкраінскіх актывістаў у цэнтры Адэсы напалі прарасейскія актывісты з агнястрэльнай зброяй. У некалькіх выкпадках, яны вялі агонь з-за сьпін міліцыі, якая гэтаму не перашкаджала. Былі забітыя шэсьць удзельнікаў маршу.

Пасьля праўкраінскія дэманстранты рушылі да намётавага мястэчка прарасейскіх актывістаў. Тыя схаваліся ў будынку Дома прафсаюзаў. Абодва бакі кідалі адзін у аднаго бутэлькі з гаручай вадкасьцю. У выніку пажару, які ўзьнік у доме, загінулі яшчэ 42 чалавекі — пераважна з прарасейскага боку. Таксама ў ходзе супрацьстаяння ў той дзень былі параненыя каля 200 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG