Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 30 траўня 2016: Біятэхналягічная школа ў Менску; дзень народзінаў Вітаўта Кіпеля


Вітаўт Кіпель

Вітаўт Кіпель

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

У Нацыянальнай акадэміі навук у Менску адбудзецца адкрыцьцё першай Эўрапейскай біятэхналягічнай школы. Такое мерапрыемства праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Маладым навукоўцам прачытаюць лекцыі вядучыя прафэсары, якія працуюць у сфэры біятэхналёгій у краінах Эўразьвязу і ў Беларусі. Пачатак а 14.00.

У Магілёве, у сядзібе «Любускае прадмесьце», пройдзе рэгіянальны форум прадпрымальнікаў, які абмяркуе сытуацыю ў прыватным бізнэсе і шляхі яе паляпшэньня, а таксама пытаньні разьвіцьця дыялёгу зь мясцовай уладай. Пачатак а 13.00.

30 траўня — заканчэньне школьнага году ў Беларусі для выпускнікоў 9-х і 11-х клясаў.

У гісторыі:

1814 — Напалеон быў сасланы на востраў Эльба.

1927 — нарадзіўся Вітаўт Кіпель, беларуска-амэрыканскі грамадзкі дзяяч і публіцыст. З 1944 году знаходзіцца на эміграцыі. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Я. Купалы, Цюбінгенскім універсытэце (Нямеччына). У 1955 годзе атрымаў ступень доктара геалягічных навук Лювенскага ўнівэрсітэту (Бельгія). Выпускнік Ратгерскага ўнівэрсытэту ў ЗША (бібліятэказнаўства). Працаваў у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, сабраў калекцыю беларускіх выданьняў. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцьці ў ЗША, быў сябрам шэрагу арганізацый. З 1982 году ўзначальвае Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Аўтар шэрагу публікацый беларусазнаўчай тэматыкі. Разам з жонкай Зорай Кіпель уклаў фундамэнтальную «Бібліяграфію беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе». Выдаў кнігу ўспамінаў «Жыць і дзеіць» (2015).

1930 — нарадзіўся Клінт Іствуд, амэрыканскі кінаактор і кінарэжысэр.

1999 — адбылася трагічная цісканіна ў пераходзе станцыі мэтро «Няміга» у Менску, загінулі 53 чалавекі.

У памяці:

1416 — памёр Геранім Праскі, чэскі рэлігійны дзеяч, паплечнік Яна Гуса.

1431 — спаленая на вогнішчы Жанна д’Арк, нацыянальная гераіня Францыі і каталіцкая сьвятая.

1778 — памёр Вальтэр, францускі філёзаф.

1960 — памёр Барыс Пастарнак, расейскі паэт і пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1958 году.

Цытата:

«Розумам гэта цяжка ахапіць — чаму эмігрантам нельга працаваць у Беларусі для Беларусі? Але так ёсьць. І тым ня менш аддавацца роспачы няма патрэбы. Можна прадаўжаць жыць і дзеіць як жылося і дзеілася да гэтага часу: працаваць для Беларусі па-за Беларусьсю».

Вітаўт Кіпель, з кнігі ўспамінаў «Жыць і дзеіць».

XS
SM
MD
LG