Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальцаровіч параўнаў Расею з Нігерыяй


 Лешэк Бальцаровіч

Лешэк Бальцаровіч

Дарадца прэзыдэнта Ўкраіны, польскі рэфарматар Лешэк Бальцаровіч ня бачыць пэрспэктыў эканамічнага росту Расеі пры палітычным рэжыме Ўладзімера Пуціна.

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію ЛІГА.net.

«Расея, калі ў ёй і надалей не будзе рэформаў, працягнецца палітычнае ўмяшальніцтва ў эканоміку і захаваецца экспартна-сыравінная эканоміка — не бачу ў яе магчымасьцяў для росту», — адзначыў Бальцаровіч.

Паводле яго слоў, вельмі важна, каб заходнія санкцыі супраць Расеі за разьвязаную вайну супраць Украіны ў Данбасе і анэксію Крыма захоўваліся. Разам з тым, на яго думку, «самыя радыкальныя санкцыі — падзеньне коштаў на энэрганосьбіты» і «эканамічная палітыка Пуціна», якая складаецца ў нацыяналізацыі прадпрыемстваў і сэктараў, а таксама так званай «мадэрнізацыі зьверху». «Эканоміка так не працуе. Быць можа, гэтыя дзеяньні былі б эфэктыўныя ў часы Пятра Вялікага, але з тых часоў наагул прайшло ўжо 300 гадоў», — кажа Бальцаровіч.

«Складаная эканамічная абстаноўка ў Расеі цяпер зьвязана, галоўным чынам, з эканамічнай палітыкай самой Расеі, якая знаходзіцца ў выключнай залежнасьці ад экспарту прыродных рэсурсаў. Структура эканомікі ў Расеі цяпер як у Нігерыі. І з гэтым нічога не зробіш без лібэральных эканамічных рэформаў. Зараз у расейскай эканоміцы занадта шмат палітычнай інтэрвэнцыі. Гэта нідзе не прыносіць посьпеху», — кажа рэфарматар.

XS
SM
MD
LG