Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 29 траўня: дзень народзінаў Юрася Бушлякова, трэнінг Тацяны Караткевіч ў Гомелі 


Юрась Бушлякоў
Юрась Бушлякоў

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Гомель. Трэнінг для жанчын з удзелам экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч. Пачатак аб 11:00, заканчэньне а 17.00 Месца правядзеньня будзе паведамлена зарэгістраваным удзельніцам дадаткова.

Менск. Другі фэстываль вулічнай ежы Vulitsa.Ezha. Месца правядзеньня — Парк Чалюскінцаў (пр. Незалежнасьці, 84/1).
Пачатак а 12:00

Менск. II Міжнародны практычны фэстываль асаблівых тэатраў «Крок насустрач». Месца правядзеньня — Дом культуры ім. Шарко (вул. Уральская 3). Пачатак а 16.00

Менская і Гарадзенская вобласьці. Веламаратон «Налібокі-2016». Маратон будзе праходзіць па Валожынскім, Маладзечанскім, Смаргонскім, Іўеўскім раёнах.

Менская вобл. «Куфэрак падарожжаў» запрашае ў падарожжа «Сьвірскія ваколіцы». У праграме: касьцёлы XVII-XX стагоддзяў, палацы, паркі, гістарычная забудова ў Шэмятоўшчыне, Засьвіры, Сьвіры, Камарове, Альшэве, унікальныя прыродныя ляндшафты, пэйзажы Блакітных азёр, возера Сьвір, даліны Страча.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Полацк. Працяг мерапрыемстваў з нагоды Дня гораду

У гісторыі

1453 — адбылося падзеньне Канстантынопалю, горад быў захоплены войскамі Атаманскай імпэрыі, што засьведчыла канчатковы развал Усходняй Рымскай імпэрыі

1975 — на Беларускім аўтазаводзе пачатая вытворчасьць найбуйнейшага ў СССР грузавіка — «БелАЗ-7520».

1992 — у Беларусі паралельна з савецкім рублём уведзеныя ў абарот разьліковыя білеты Нацыянальнага банку Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1874 — Гілбэрт Кіт Чэстэртан, брытанскі пісьменьнік, журналіст і літаратуразнаўца.

1933 — Мікола Гайдук, беларускі пісьменьнік.

1973 — Юрась Бушлякоў, беларускі мовазнаўца, супрацоўнік беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Адзін з суаўтараў кнігі «Беларускі клясычны правапіс». Таксама займаўся перакладамі, пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Чэслава Мілаша, Эдгара Алана По, Вітальда Гамбровіча, Зьбігнева Гэрбэрта, Яраслава Сэйфэрта.

1977 — Сьвятлана Зелянкоўская, беларуская акторка.

У гэты дзень памерлі:

1565 — Мікалай Радзівіл Чорны, дзяржаўны дзяяч Вялікага княства Літоўскага.

1861 — Яўхім Лялевель, гісторык, нумізмат, гэральдык, палітычны дзяяч, прафэсар Віленскага і Варшаўскага ўнівэрсытэтаў.

1868 — Аляксандар Здановіч, беларускі і польскі гісторык, мовазнаўца, пэдагог.

1920 — Фабіян Шантыр, беларускі грамадзка-дзяржаўны дзяяч, публіцыст, пісьменьнік, перакладнік (расстраляны бальшавікамі).

1970 — Мікола Абрамчык, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і Францыі, прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі (1947–1970).

Мікола Абрамчык і Натальля Арсеньнева
Мікола Абрамчык і Натальля Арсеньнева


1986 — Алена Аладава, заслужаная дзяячка мастацтваў БССР, мастацтвазнаўца, дырэктарка Дзяржаўнага мастацкага музэю БССР.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Добрай ранiцы! цi Добры дзень! Усе пытаньнi ад таго, што так — словамi «Добрай ранiцы!» — да савецкага часу ў Беларусi не вiталiся. Ранiца, ранак — усяго толькi частка дня, яго пачатак. На дварэ ранiца — значыць, адышла ноч i надышоў дзень. У беларускiм моўным этыкеце не было асобнага вiтаньня на ранак, таксама, як няма яго, скажам, у французаў або суседзяў-палякаў. Вякамi i ранiцаю, i ўдзень беларусы вiталi адны адных, абыходзячыся бяз «Добрай раніцы!»: «Добры дзень!», «Дзень добры!», «Дабрыдзень!». Вiтаньне «Добрай ранiцы!» скалькавалi ў мiнулым стагодзьдзi з расейскай формы «Доброго утра!».

І тут выходзiм на даволi далiкатнае пытаньне: як усё-такi быць з гэтай «добрай ранiцаю», зь вiтаньнем, для часткi з нас ужо звыклым, натуральным? Ня думаю, што ўдасца сёньня цалкам выкасаваць з мовы такое вiтаньне. Аднак ведаць пра яго нетрадыцыйны, калькаваны характар i старацца вiтацца так, як вiталiся па-беларуску стагодзьдзямi, трэба. Цяпер — ранiца, пачатак дня. І я вiтаю вас: «Добры дзень!», «Дабрыдзень!», «Добрага вам дня!».

Юрась Бушлякоў, «Жывая мова»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG