Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рэпер Дзьмітры Зайко, вядомы пад псэўданімам Вожык, выступіў ва ўкраінскім Сьвятагорску, што ў Данецкай вобласьці.

Пра гэта музыка паведаміў у сваім фэйсбуку.

Раней Вожык ужо ўдзельнічаў у дабрачынных канцэртах пад Кіевам і ў Чаркаскай вобласьці Ўкраіны. Іх арганізоўвалі грамадзкія арганізацыі «Миротворець» і «Альянс Добрых Справ». Пасьля валянтэры запрасілі выступіць у школе-інтэрнаце, дзе жывуць дзеці з 4-х інтэрнатаў, якія цяпер знаходзяцца пад кантролем ДНР.

— Я там выступіў і дапамог валянтэрам з конкурсамі, бо сам год працаваў у школе-інтэрнаце ў Сяньне (Віцебская вобласьць — РС), — паведаміў Свабодзе Вожык.

Школа-інтэрнат у Сьвятагорску створаная на базе санаторна-аздараўляльнага цэнтру. Там жывуць дзеці, якія запатрабавалі вывезьці іх з зоны канфлікту ва ўкраінскія інтэрнаты, а не ў расейскія, як таго хацелі ДНРаўцы. У траўні 2016 году школу-інтэрнат у Сьвятагорску адкрыў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

— Генэтычныя браты і сёстры гэтых дзяцей раней скончылі школы і цяпер жывуць ва Ўкраіне, — распавёў музыка.

Вожык кажа, што ўкраінскія дзеці пазытыўна ўспрынялі беларускі рэп:

— Колькі не выступаў перад дзецьмі ў такіх установах у Польшчы і ва Ўкраіне, заўсёды дужа шмат пазытыву з залі. Дзецям не хапае зносінаў з новымі людзьмі. Я працаваў у школе-інтэрнаце ў Сяньне і ведаю гэтую кухню знутры.

XS
SM
MD
LG