Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна заставацца чалавекам, калі працуеш са злачынцамі?


Лічыцца, што праца зь людзьмі можа памалу прыводзіць да неспрыяльных псыхалягічных зьменаў. У адмыслоўцаў гэты працэс завецца прафэсійнай дэфармацыяй асобы. Да так званых групаў рызыкі псыхолягі найчасьцей адносяць юрыстаў, супрацоўнікаў праваахоўных структураў, турэмнікаў ды іншых, хто паводле роду сваёй дзейнасьці цесна зьвязаны з прадстаўнікамі асацыяльных ды крымінальных групаў.

Пра прафэсійную дэфармацыю адмыслоўцаў за час працы з крымінальнікамі, пра іх «эмацыйнае выгараньне» разважаюць беларускі міліцыянт, колішні турэмны начальнік, праваабаронцы, а таксама афіцэр швэдзкай вязьніцы ды судовы перакладчык зь Нямеччыны.

«Пасьля трэцяга году працы пачаў ненавідзець пацярпелых»

Былы апэратыўнік Валянцін расказвае, што звольніўся з органаў пасьля 15 гадоў працы, а прыкметы прафэсійнай дэфармацыі пачаў адчуваць ужо недзе на чацьвёрты год службы.

Гэта праяўлялася, напрыклад, у тым, што часам, углядаючыся ў твары звычайных мінакоў на вуліцы, ён пачынаў вылучаць, хто ахвяра (або хутка можа стаць ёй), а хто жулік. Потым, калі ў Валянціна пачалі падрастаць дочкі і гэты час супаў з расьсьледаваньнем спраў, зьвязаных з жорсткімі забойствамі ды згвалтаваньнямі дзяцей, апэратыўнік, разглядаючы твары мінакоў, пачынаў вылучаць сярод іх маньякаў. Пры гэтым набягала хваля агрэсіі, стрымліваць сябе станавілася ўсё цяжэй. Пасьля трэцяга году працы ў міліцыі Валянцін пачаў адчуваць, што ён абсалютна абыякавы да чужога гора, нярэдка чуў на свой адрас слова «бяздушны». Больш за тое, ён пачаў ненавідзець пацярпелых, бо гэта была падстава для няспыннай працы, якой і так было цераз край. Пастаянныя кантакты са злачынным асяродзьдзем «узбагацілі» лексыку блатнымі словамі, гэты слэнг ён ужываў усюды — і на працы, і па-за ёй.

Затрыманьне злачынцы, ілюстрацыйнае відэа:

Валянцін лічыць, што кантынгент, зь якім стала працуюць апэратыўнікі, хочуць яны таго ці не, уплывае на іх. І яны памалу несьвядома пераймаюць ня толькі лексыку, але і пэўныя паводзіны, рысы характару. Такая спэцыфіка працы ў міліцыі. Такое здарылася са многімі яго калегамі пасьля трох-чатырох гадоў працы ў органах. Прафэсійная дэфармацыя, якую можна назваць дэградацыяй, рэч страшная. Міліцыянты становяцца цынічнымі, злымі... Яны лічаць, што іх задача — каб «злодзей сядзеў у турме». А насамрэч жа прызначэньне праваахоўнікаў ня ў тым, каб «злодзей сядзеў у турме», не ў пасадках людзей за краты, а ў тым, каб дапамагаць пацярпелым, нават тым жа парушальнікам закону, якія валяюцца на вуліцах, каб у іх не аднялі грошы, ня зьбілі і г.д.

«Калегі не разьвіваюцца прафэсійна, ня ўмеюць пераключацца, — кажа Валянцін. — Памятаю, як падчас працы ў органах, калі ў мяне раптам здараліся два выходныя запар, я ня ведаў, што зь імі рабіць. Пачаў разумець сваё становішча, калі цяжка захварэла жонка і прыйшло ўсьведамленьне таго, што трэба многае мяняць у жыцьці»...

«Нярэдка чалавек і сам ня можа патлумачыць, адкуль у яго гэтая агрэсія»

Алена Красоўская-Касьпяровіч у сваім жыцьці зьмяніла шэраг прафэсіяў, як яна кажа, «нэрвова-аголеных напрамкаў»: рэанімацыйная мэдычная сястра ў аддзяленьні анкалёгіі, мэдычная сястра ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі, праваабаронца. Цяпер яна лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Рэгіён 119», якое абараняе правы чалавека за кратамі. І з уласнага досьведу, і з досьведу многіх сваіх калегаў ведае, што такое прафэсійная дэфармацыя асобы і так званае эмацыйнае выгараньне, да якога тая прыводзіць.

Алена Красоўская-Касьпяровіч
Алена Красоўская-Касьпяровіч

Красоўская-Касьпяровіч: «Нярэдка чалавек і сам ня можа патлумачыць, адкуль у яго гэтая агрэсія. Але калі ты стала нясеш на сабе гэты цяжар кантактаў зь людзьмі, якія маюць цяжкія захворваньні або вялікія праблемы з законам, з кожным днём трымаць сябе ў рамках усё цяжэй.

Свой працоўны шлях я пачынала з мэдыцыны, а менавіта з рэанімацыі ў анкалёгіі. Я ўбачыла ўсю глыбіню гора, якая там прысутнічае. Першы час, вяртаючыся дадому, я магла толькі плакаць, бо на самой працы я ня мела на гэта права. Зразумела, мае сямейнікі пакутавалі ад гэтага. Потым, аднак, прыйшло разуменьне, што прафэсійная спагада мэдыка — не ў сьлязах, а ў рэальнай дапамозе. Аднак нават пры такім падыходзе эмоцыі нікуды не сыходзяць... Што да мэдычнай турэмнай установы, дык тут да мэдычнай спэцыфікі дадаецца яшчэ турэмная. Табе шкада ня толькі цяжкіх хворых, але ўсіх, ты слухаеш гісторыі пра тое, якія ўсе невінаватыя, ты хочаш усім рэальна дапамагчы, кідаесься грудзьмі на амбразуру. Потым адзін, другі, пяты, дзясяты раз ты разумееш, што цябе ашукалі, падставілі, — і ў цябе ўключаецца рэакцыя абароны. Спачуваць не перастаеш, але перастаеш сьлепа давяраць словам... »

Падобныя перажываньні здараюцца, зразумела, ня толькі ў мэдыкаў, але і ў іншых адмыслоўцаў, чыя праца, як кажа наша суразмоўніца, «нэрвова-аголеная»: гэта турэмнікі, апэратыўнікі, адвакаты, судзьдзі, пракурорскія работнікі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Красоўская-Касьпяровіч: Улічваючы спэцыфіку працы гэтых людзей, зразумела, што яны перажываюць цяжкія стрэсы. Наша вялікая праблема ў тым, што ў нас не прынята зьвяртацца да псыхолягаў. Мы ня маем такой практыкі. А псыхалягічная падтрымка ды разгрузка павінна быць абавязкова. Калі кантактуеш са злачынцамі, ты ўвесь час у напружаньні. Маральным, псыхалягічным і г.д. Для таго каб ня піць, трэба зьвяртацца да нейкіх іншых мэтадаў разгрузкі. На гэта павінна зьвяртацца ўвага яшчэ падчас прафэсійнай падрыхтоўкі спэцыялістаў. Але, на жаль, гэтага няма. Каб здымаць нэгатыў, у большасьці толькі адзін сродак — алькаголь».

«Калі пасьля такіх кантактаў вяртаюся дадому, першым чынам іду ў душ»

Выпускнік Менскага ін’язу Сяргей Ямшчыкоў каля трыццаці гадоў жыве і працуе ў Нямеччыне. Сёньня ён запатрабаваны перакладчык зь нямецкай мовы на расейскую і наадварот, таксама нярэдка запрашаецца нямецкім судом у якасьці экспэрта-лінгвіста. Сярод кліентуры Сяргея — тыя выхадцы з былога СССР, якія парушылі законы ФРГ. Падчас допытаў Сяргею даводзіцца глядзець відэа з запісам іхніх злачынстваў, перакладаць тыя ці іншыя тлумачэньні абвінавачаных. Кажа, былі выпадкі, калі меў справу з жорсткімі вычварэнцамі...

Сяргей Ямшчыкоў
Сяргей Ямшчыкоў

Ямшчыкоў: «Было такое. Паколькі я даваў прысягу на Канстытуцыі, то я не магу расказваць пра тое, што я бачыў, але гэта было брыдка ды агідна. Але я перакладаў гэта ўсё».

— Ці маглі вы адмовіцца ад гэтай працы?

Ямшчыкоў: «Так. Я вольны перакладчык, на прапанову суду я маю права сказаць: «выбачайце». Пры гэтым нават не тлумачыць прычын. Дарэчы, я так і рабіў, калі ўсьведамляў, што для мяне нецікава, непрыемна і надта брыдка працаваць, бо маеш справу зь нелюдзьмі. Пасьля некаторых перакладаў я ўвогуле вырашыў для сябе больш ніколі ня брацца за працу з кліентамі, якія некага згвалтавалі ці забілі. Мне нямала гадоў, я хачу спаць спакойна. Таму вырашыў перакладаць выключна тых крымінальнікаў, якія ўчынілі нейкія побытавыя злачынствы: крадзеж, наркотыкі...

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00
Наўпроставы лінк

Дадам, што прафэсія перакладчыка-сынхраніста нейкім чынам дапамагае мне не прапускаць усё сказанае празь сябе. Яна прывучыла мяне да свайго роду раздваеньня асобы падчас працы. Адно «я» — гэта маё прыватнае, якое ніякага дачыненьня да канкрэтнай працы ня мае, другое «я» — прафэсійнае. Звонку гэта можа падацца нейкай шызафрэніяй, аднак дасьведчаны сынхраніст мяне зразумее. Гэта штосьці аўтапілёту — прафэсійнае «я» працуе, а прыватнае за гэтым усім назірае, не паглыбляючыся ў сэнс сказанага. Паколькі я ў прафэсіі ўжо 35 гадоў, я чамусьці навучыўся ў пляне самазахаваньня. Напрыклад, калі пасьля такіх перакладаў я вяртаюся дадому, я першым чынам іду ў душ, каб неяк адмыцца ад бруду на душы і на сэрцы. Таксама дапамагаюць розныя мэнтальныя практыкаваньні... Гэта неяк вызваляе ад усяго брыдкага, што нібыта прыліпла да цябе».

— Многія з тых, хто вымушаны працаваць з падобнай кліентурай, чуюць на свой адрас, што яны сталі цынічнымі і нечульлівымі да бедаў іншых людзей...

Ямшчыкоў: Асабіста я лічу, што цынізм — гэта вельмі каштоўная якасьць, якая патрэбная кожнаму прафэсіяналу, бо пэўныя рэчы трактаваць без цынізму проста немагчыма. Аднак гэтае прафэсійнае не адбіваецца на маёй пэрсоне і асабістым жыцьці. Мне здаецца, што эмпатыя — яна ўвогуле ёсьць у кожнага нармальнага чалавека, а я лічу сябе амаль нармальным (сьмяецца). Але вось калі казаць пра спачуваньне нелюдзям, то ў мяне яго зусім няма. Хоць і нянавісьці ніякай няма таксама. Мяне абсалютна не цікавіць прысуд, які яны атрымалі. Я вырашыў даўно, што паміж працай і прыватным жыцьцём павінна быць заслона. Мой кантакт зь імі заканчваецца, як толькі я выходжу з будынку, дзе яны сядзяць. І ўсё, яны для мяне больш не існуюць, я забываюся пра іх існаваньне. Што зь імі зробяць, на гэта ёсьць толькі воля Божая».

«Турэмніку трэба перамагаць мазгамі, спрытам, але не дубінкамі»

Афіцэр швэдзкай вязьніцы «Karlskoga» Даніэль працуе ў пэнітэнцыярнай сыстэме крыху болей за пяць гадоў. Кажа, што прафэсійная дэфармацыя яго пакуль не закранула. Штодзённы кантакт са злачынцамі — а на турэмны пэрсанал ускладаецца задача наладжваць зь імі як мага больш цесныя кантакты — ніколькі яго не напружвае. Дарэчы, у швэдзкіх турмах сядзельцаў называюць «кліентамі».

Швэдзкая вязьніца "Karlskoga"
Швэдзкая вязьніца "Karlskoga"

Даніэль: «Мы павінны кожны дзень кантактаваць з кліентамі, каб улавіць магчымыя перамены ды зрухі ў іхніх паводзінах ды настроях. Гэта могуць быць размовы, сумесны ўдзел у спартовых гульнях, нейкіх конкурсах. Бо ўсім зразумела, што рана ці позна ўсе яны выйдуць на волю. Ад таго, як адседзяць за кратамі, залежыць, якімі яны вернуцца ў грамадзтва. Калі будуць адчуваць, што да іх ставяцца па-людзку, то, апынуўшыся на волі, яны вернуць адпаведныя пачуцьці грамадзтву. Калі ж за кратамі будуць зь іх зьдзекавацца, то, натуральна, яны захочуць адпомсьціць грамадзтву. Як і шмат хто з калегаў, я імкнуся па магчымасьці не паглыбляцца ў дэталі крымінальных спраў кліентаў, а ставіцца да іх паводле іхніх цяперашніх учынкаў. Імкнуся ставіцца да ўсіх роўна і забываць пра працу адразу, як яна заканчваецца, цалкам пераключацца на іншыя інтарэсы. Вельмі дапамагаюць парады нашага псыхоляга. Бяз гэтага было б значна цяжэй».

Часовае памяшканьне для тых, хто можа нанесьці шкоду сабе або навакольным
Часовае памяшканьне для тых, хто можа нанесьці шкоду сабе або навакольным

Паводле Даніэля, нават у дачыненьні да самых агрэсіўных асуджаных фізычны гвалт даводзіцца выкарыстоўваць вельмі рэдка. За час сваёй працы афіцэр толькі раз ужыў сілу, заламаўшы руку кліенту. Бо той быў неадэкватны і хацеў зрабіць сабе шкоду.

Даніэль: «Трэба перамагаць мазгамі, спрытам, уласнай сілай, але не дубінкамі ці спэцыяльнымі балёнчыкамі зь перцавым газам — гэта ўся зброя, якую маюць нашы супрацоўнікі. Пры гэтым мы ведаем, што пры выкарыстаньні гэтых сродкаў нам трэба пісаць доўгія тлумачальныя запіскі кіраўніцтву. І часам выкарыстаньне падобных сродкаў можа выклікаць пакараньне. Крытэр прафэсіяналізму турэмніка — калі той можа разьвязаць сытуацыю, не ўжываючы сілы. Зразумела, нельга выключаць сытуацыю, што ў турме можа раптам выбухнуць паўстаньне. Але ў такой сытуацыі сюды ўжо выклічуць так званыя спэцатрады».

Зьняволены «заўсёды вораг»

Наколькі магчыма для супрацоўніка беларускай турмы ці калёніі заставацца нэўтральным ды роўным у адносінах са зьняволенымі? Ці павінна гэта быць нормай? Ці магчыма ўвогуле ў гэтых умовах заставацца адэкватным ды справядлівым чалавекам? Колішні начальнік «Валадаркі», палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які ад 2001 году жыве ў Нямеччыне, кажа: «Гэта цяжка, але можна. Трэба, каб супрацоўнік быў адукаваны. На жаль, сёньня ў Беларусі гэтага няма».

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

Алкаеў: Неадукаваны супрацоўнік сам ня ведае, чаго хоча, бо ня ведае ані сваіх правоў, ані тым больш правоў зьняволеных. Калі сам закон парушаеш, ты ня можаш патрабаваць ад іншага, што яму прапісана і належыцца. Гэта перадаецца ў спадчыну, гэтаму вучацца ў вэтэранаў. Я памятаю, нам прапаноўвалі варыянт адносін з ЗК «зыходзячы з вопыту», яшчэ сталінскага. Хаця я быў кадравы афіцэр, закончыў школу міліцыі... А на месцах вучылі, што зьняволены — вораг. Тады адзіным спосабам вырашэньня пытаньняў быў гвалт — фізычны, маральны, няважна — гвалт... Была такая прыніжальная форма паводзінаў зьняволеных, па-мойму, прынамсі да 1980 году, што асуджаны пры сустрэчы з адміністрацыяй павінен быў здымаць галаўны ўбор. Калі ён гэтага ня зробіць, маглі пасадзіць у штрафны ізалятар, бо — парушэньне рэжыму. А калі разабрацца па-людзку, то якое гэта парушэньне? Што ён спрабаваў? Уцячы? Ды не. Абразіць? Не. Але было так».

— Наколькі цяжка працаваць у турме зь цяжкімі злачынцамі? Якія тут асаблівасьці?

Алкаеў: «Чым цяжэйшае ў чалавека злачынства, тым лягчэй зь ім працаваць. У яго бытавыя праблемы адыходзяць на другі плян. У іх быў перш роздум — які ён прысуд атрымае. Яны стараліся нічога не парушаць Асабліва з асуджанымі да сьмяротнага пакараньня ўвогуле ніякіх праблемаў не было. У іх задача была — дзень бы пражыць ды ноч пратрымацца. А вось у хуліганаў, шпаны энэргія цераз край перла... У асноўным канфлікты бываюць праз бытавыя праблемы. Нехта пакурыць захацеў ня ў вызначаны час... У асноўным дробныя парушэньні. Часта проста буза была, каб разрадзіць абстаноўку, палаяцца з начальнікам, бывае такі настрой.

Галоўнае — дзейнічаць у рамках закону. Ня трэба нікога прыніжаць. І гэта знаходзіла разуменьне ў бандытаў. А іншы рэжымны работнік пачынае крычаць на іх: вы самі — быдла. І пераходзіць на абразы. Атрымліваецца канфлікт, камэра на галадоўку пераходзіць. На роўным месцы. Таму — залежыць ад вопыту, ад адукацыі, ад уменьня гаварыць. Я ня буду маніць, бандыты пацьвердзяць, я абыходзіўся без тэрору, дурнога, дзікага. Калі трэба было ўладу выкарыстаць, я, канечне, выкарыстоўваў, гэта бясспрэчна. Таму што калі ты ня выкарыстаеш уладу адносна аднаго, то заўтра табе батальёна ня хопіць. Гэта такая ланцуговая рэакцыя там. Нельга, каб асуджаны выходзіў пераможцам у дыялёгу з начальнікам. Калі ты прайграў, табе няма чаго рабіць у кіраўніках. Адчуецца ўмомант слабіна, і саступкі дорага абыдуцца. Саступкі павінны быць разумныя».

«Караў за незаконную сувязь з зэчкамі, садызм... Звальняў шмат»

Алкаеў: «Калі супрацоўнікі перавышалі свае паўнамоцтвы — караў. Была незаконная (палавая) сувязь. Спачатку хацелі нават за згвалтаваньне крымінальную справу ўзбудзіць. Два кантралёры і дзьве жанчыны лёгкіх паводзінаў, якіх ужо накіроўвалі ў калёнію. Жанчынам прапанавалі каханьне ў камэры за дзесяць пачкаў цыгарэт. І тыя пагадзіліся. Але ж мужыкі пакарысталіся, а цыгарэт не далі. Жанчыны паскардзіліся. Я цягам пяці хвілінаў разабраўся. Кантралёраў тут жа затрымалі. Насільна? Калі так, то распачынаем крымінальную справу. Тут гэтыя дзеўкі ўзвылі: ды мы не хацелі, хай цыгарэты дадуць. Потым разабраліся, што гвалту не было, усё па згодзе, але яны іх падманулі наконт цыгарэт. Я іх у той жа дзень звольніў без усякага жалю».

Ілюстрацыйнае фота. Жаночая калёнія ў Гомелі
Ілюстрацыйнае фота. Жаночая калёнія ў Гомелі

«Звальняў я нямала, — успамінае былы начальнік менскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў, — але нікога не караў вымовай на паперы, таму што чалавек пазбаўляўся прэміі. А гэта істотная частка заробку была. Бо тады мы спараджалі здраднікаў, нішу лёгка займалі зьняволеныя, яны яму грошы кампэнсавалі, і ён рабіўся іхнім. Таму я гэтую меру не выкарыстоўваў. Але звальняў адразу, калі бачыў, што гутарка ня мае ўзьдзеяньня.

За садызм звольніў аднаго прапаршчыка. Ён, праўда, потым аднавіўся, пайшоў у міліцыю. Гэта быў выпадак садызму ў адносінах да асуджаных да сьмяротнага пакараньня. Ён занадта заўзята паказваў сваю ўладу. Даходзіла да рукапрыкладзтва. Там няма чаго іх чапаць, яны й так пакорлівыя заўсёды, гэтыя людзі. Але ён матываваў, што яны забілі, камусьці балюча зрабілі, і зь імі размаўляць ня трэба, яны разумеюць толькі дубінку. Але адзін раз я гэта ўбачыў — другога разу ўжо не было. Ён вырашыў перада мной пахваліцца, які ён змагар са злачыннасьцю».

Наогул, кантралёры былі неадукаваныя, кажа Алег Алкаеў. У савецкія часы існавалі шасьцімесячныя курсы, але потым іх ня стала, кантралёраў навучалі ў працэсе службы. Пра зьняволеных жа кантралёры ведаюць шмат.

Калі даводзіцца дапамагаць самым жорсткім злачынцам

Сярод тых, каму даводзіцца працаваць і, больш за тое, дапамагаць самым жорсткім злачынцам, у тым ліку асуджаным на сьмяротнае пакараньне ці пажыцьцёвае зьняволеньне, — адвакаты ды праваабаронцы. Калі адвакат павінен знайсьці нейкія моманты, якія б палегчылі сытуацыю ягонаму кліенту, то праваабаронцы абавязаныя знаходзіць факты і ўжо на падставе іх прымаць рашэньне, дапамагаць ці не дапамагаць гэтаму чалавеку.

Раман Юргель
Раман Юргель

Гарадзенец Раман Юргель з БХК — адзіны беларускі праваабаронца, якому было дазволена спатканьне з асуджаным сьмяротнікам. Гэта быў студэнт гістфаку БДУ Павал Сялюн, які ў свае 22 гады ўчыніў падвойнае вычварэнскае забойства. У чэрвені 2013 году, калегія па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суду вынесла яму прысуд — вышэйшая мера пакараньня. Праз год вырак быў выкананы. Узгадваючы тую сустрэчу ў гарадзенскай турме, Раман Юргель адзначае, што памяшканьне для спатканьняў было мэтры чатыры ў даўжыню і два — у шырыню. Было падзеленае на невялікія адсекі. Яму і Паўлавай маці сказалі ня браць з сабой асадкі, нататнікі, фота- і аўдыёапаратуру. Размаўлялі праз шкло, праз тэлефонную слухаўку. Размова праслухоўвалася і запісвалася. Паводле Рамана, асуджанага цікавіла, як «як людзі, грамадзкасьць ставяцца да забойстваў», учыненых ім, і да сьмяротнага прысуду яму.

Наўпроставы лінк

Алёна Красоўскаяя-Касьпяровіч — адзіная ў Беларусі праваабаронца, якая мае доступ да асуджаных на пажыцьцёвае зьняволеньне. Гэтыя людзі ўтрымліваюцца ў Жодзіне і ў Глыбокім. Паводле Алёны, агулам было недзе дзесяць такіх сустрэчаў. Размова адбываецца на адлегласьці 2,5–3 мэтры. Самі асуджаныя знаходзяцца ў клетцы, а праваабаронца — каля супрацьлеглай сьцяны. Гэта напружвае, асабліва асуджаных. Яны нярэдка рэагуюць на ўсё агрэсіўна.

«Кожны раз, калі даводзіцца адмаўляць, бо немагчыма дапамагчы, бо чалавек сапраўды вінаваты, — мне заўсёды шкада. Бо ў чалавека былі надзеі. Якія ня спраўдзіліся. Недзе ўнутры я адчуваю нейкую сваю віну Але праваабаронца — гэта не адвакат. Мы павінны браць факты. І на падставе іх рабіць высновы».

Алёна кажа, што з усімі імкнецца заставацца роўнай. Хоць супакоіцца потым нялёгка. Найчасьцей дапамагае ванна з кніжкай або працяглы шпацыр з сабакам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG