Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мільярдэр Дональд Трамп стане кандыдатам у прэзыдэнты ад рэспубліканскай партыі. Ці зьменіць ён сваю рыторыку? Ці стане больш памяркоўным?

Цыганкоў: Мільярдэр Дональд Трамп заручыўся падтрымкай дастатковай колькасьці дэлегатаў маючага адбыцца зьезду Рэспубліканскай партыі ЗША для вылучэньня яго кандыдатуры ў прэзыдэнты Злучаных Штатаў. Гэта адбылося пасьля таго, як група дэлегатаў партыйнага зьезду, якія раней афіцыйна не падтрымлівалі ніводнага з кандыдатаў, заявіла пра намер падтрымаць Трампа.

Тое, што Трамп, хутчэй за ўсё, стане кандыдатам ад рэспубліканцаў, стала практычна бясспрэчным на пачатку траўня, калі ягоныя канкурэнты выйшлі з барацьбы за намінацыю пасьля сэрыі перамог мільярдэра на першасных выбарах.

Паводле апошніх апытаньняў, папулярнасьць Дональда Трампа сярод выбарцаў расьце, і ягоны рэйтынг практычна зраўняўся з рэйтынгам ягонай меркаванай суперніцы — дэмакраткі Гілары Клінтан.

Далейшы посьпех Трампа залежыць ад таго, наколькі ён здолее зьмяніць свой імідж.

Далейшы посьпех Трампа залежыць ад таго, наколькі ён здолее зьмяніць свой імідж, паказаць, што ён можа быць адэкватным кіраўніком дзяржавы. Трамп на цяперашнім этапе (і гэта ўжо адбываецца) ужо ня будзе падаваць сябе такім зацятым непаліткарэктным рэвалюцыянэрам, як было на першым этапе. Напачатку ў яго была задача перш за ўсё прыцягнуць да сябе ўвагу, потым — перамагчы іншых рэспубліканскіх кандыдатаў, супрацьпаставіць сябе істэблішмэнту і ва ўласнай партыі, і ва ўмоўным «Вашынгтоне». Дарэчы, у нейкім сэнсе тое ж самае рабіў Абама на выбарах у 2008 годзе — крытыкаваў умоўны «Вашынгтон».

Гэта мела сэнс на этапе, калі галоўнай задачай Трампа было стаць папулярным. Але калі ён цяпер усталёўваецца як найбольш верагодны кандыдат ад рэспубліканцаў, то, мне здаецца, Трамп, калі ён не дурны і ў яго ёсьць якасныя дарадцы, — стане набываць імідж больш памяркоўнага і адказнага. Ён ужо ня кідаецца на сваіх рэспубліканскіх паплечнікаў, пераключаецца на Гілары Клінтан.

Увогуле ж посьпех Трампа і ў пэўнай ступені Бэрні Сандэрса (суперніка Гілары Клінтан за намінацыю ад дэмакратаў) кажа пра тое, што ў прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША рэй вядуць не тыповыя раней для амэрыканскага палітычнага жыцьця кандыдаты. Сандэрс увогуле называе сябе сацыялістам. Выглядае, што ў Амэрыцы ёсьць запыт на так званае пратэстнае галасаваньне. Амэрыканцы праз Трампа выказваюць пратэст супраць істэблішмэнту, супраць эканамічнага крызісу, наступствы якога ідуць ад 2008 году. Дагэтуль сярэдняя кляса ня мае тых даходаў, якія мела ў 2007 годзе.

Глод: Я згодны зь Віталём Цыганковым, што Дональд Трамп будзе паступова зьмяняць свой імідж. Але гэта справа будучага. Сёньня важна разабрацца, чаму ён перамог усіх сваіх супернікаў унутры Рэспубліканскай партыі.

На мой погляд, фэномэн Трампа сьведчыць пра тое, што ў Злучаных Штатах пачаўся працэс падзеньня аўтарытэту партыйных элітаў. Бадай, больш правільна нават казаць не «пачаўся», а «праходзіць» такі працэс. Партыйныя эліты ўжо ня могуць навязваць свой выбар звычайным выбарцам. Раней у такіх умовах спрабаваць змагацца за Белы Дом было б нерэальнай справай. Цяпер гэта робіцца магчымым.

Цыганкоў: На пачатку выбарчай кампаніі ў ліпені адназначным фаварытам ад рэспубліканцаў меркаваўся Джэф Буш, брат прэзыдэнта Буша-малодшага. Нават букмэкеры лічылі яго такім. Ён зьляцеў вельмі хутка, але ён быў фаварытам менавіта ад істэблішмэнту, кіраўніцтва рэспубліканскай партыі.

Глод: Я думаю, гэта сьведчыць пра дзьве рэчы. Першая — дэмакратыя ў Злучаных Штатах зрабіла яшчэ адзін віток. Другая — насельніцтву падабаецца, калі такі незвычайны кандыдат насуперак волі партыйных босаў рвецца да ўлады. Слухаеш інтэрвію са звычайнымі амэрыканцамі — і чуеш, што амаль кожны спадзяецца, што Трамп разварушыць гэтае соннае гняздо істэблішмэнту. Трамп абуджае эмоцыі, і для яго гэта вялікі плюс.

І яшчэ адзін аспэкт фэномэну Трампа. Назаву яго ўплывам эўрапейскіх зьменаў. Апошнім часам многа пішуць, што эўрапейцы губляюць давер да традыцыйных партыяў. Прыклады таму — вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Аўстрыі. Гэта і рост папулярнасьці «Нацыянальнага фронту» ў Францыі, «Альтэрнатывы для Нямеччыны» ў ФРГ, партыяў з падобнымі поглядамі ў Швэцыі, Даніі, Фінляндыі, Вугоршчыне, Польшчы, Бэльгіі, Нідэрляндах.

Сярод прычын адмовы ад падтрымкі традыцыйных партыяў аналітыкі называюць міграцыйны крызіс, тэрарыстычную актыўнасьць, праблемы інтэграцыі, працоўных месцаў, прыбыткаў, палітычных і бізнэс-элітаў.

На зьмену традыцыйным левацэнтрысцкім сацыял-дэмакратам і правацэнтрысцкім хрысьціянскім дэмакратам прыходзяць партыі з рознымі ідэалягічнымі каранямі: антыэлітарнымі, нацыяналістычнымі, аўтарытарнымі, папулісцкімі, каталіцкімі і гэтак далей. Сярод прычын адмовы ад падтрымкі традыцыйных партыяў аналітыкі называюць міграцыйны крызіс, тэрарыстычную актыўнасьць, праблемы інтэграцыі, працоўных месцаў, прыбыткаў, палітычных і бізнэс-элітаў.

У Злучаных Штатах гэты працэс таксама адбываецца. Але там пакуль няма падобных моцных партыяў. І таму гэты новы працэс ідзе ўнутры дзьвюх галоўных партыяў, найперш рэспубліканскай, што яскрава бачна на прыкладзе Трампа.

Грузьдзіловіч: Сёньня, калі мы пачулі навіну, што Трамп канчаткова заручыўся галасамі рэспубліканцаў, то ўзьнікла такое пытаньне: можа, не такі дрэнны гэты Трамп, калі за яго ўсё больш амэрыканцы галасуюць?

Я хачу ў камэнтары выйсьці за дужкі падзелу на рэспубліканцаў і дэмакратаў. Важнейшае тое, што Трамп цяпер увасабляе сыстэму дэмакратыі ў прынцыпе, зь яе хібамі і зь яе плюсамі. Успомнім, што Чэрчыль казаў, што гэта дрэнная сыстэма, але я ня ведаю лепшай.

Трамп фактычна стаў сымбалем барацьбы простых амэрыканцаў з той бюракратычнай сыстэмай.

Трамп фактычна стаў сымбалем барацьбы простых амэрыканцаў з той бюракратычнай сыстэмай, якая склалася. Калі людзі гадамі бачаць, што мяняюцца дэмакраты на рэспубліканцаў і наадварот, але ня бачаць, што кіраўніцтва сапраўды клапоціцца пра іх. Трамп са сваёй трыбуны вельмі трапна гэта крытыкуе і кажа, што ён, калі прыйдзе да ўлады, усю гэтую сыстэму разгоніць і зьменіць. І гэта сапраўды плюс дэмакратыі, калі можна вось так паламаць гэтую сыстэму, якая ўсталёўвалася шмат гадоў.

Дарэчы, у Эўропе таксама ёсьць такія прыклады. Шмат ужо раздаецца галасоў: а колькі будзе сядзець Мэркель? У адказ гучыць: ну дык яна ж добра выконвае свае абавязкі. Паглядзіце, Нямеччына — флягман усёй эўрапейскай эканомікі і дэмакратыі. Куды цяпер імкнуцца найперш імігранты з Сырыі — у Нямеччыну. Ня ў Францыю, не ў Італію. Гэта ўзорная краіна, і тым ня менш да Мэркель такія прэтэнзіі гучаць.

Амэрыканцы дэманструюць, што прэтэнзіі прэтэнзіямі, але прыйшоў час разабрацца і нешта зьмяніць. Тут велізарная роля чацьвёртай улады — мэдыяў, бо ніколі папулізм Трампа ня змог бы быць такім клінам, які прабівае гэтую сыстэму. Але ёсьць хібы, вядома. Галоўная хіба — што ў шале папулізму ён падымае расісцкую тэму, гэта спараджае велізарныя глыбінныя працэсы змаганьня ў амэрыканскім грамадзтве. Традыцыйна амэрыканскае грамадзтва было расісцкім, мы проста пра гэта забыліся. За апошнія дзесяцігодзьдзі яно стала «мультынацыянальным». Цяпер мы бачым барацьбу гэтых этнасаў: традыцыйнага англасаксонскага, які жадае стрымаць новыя этнасы, і тых, хто прыехаў і цяпер патрабуе сваіх правоў у гэтым грамадзтве. Гэта будзе вельмі цікава, але, вядома, і вельмі небясьпечна.

Цыганкоў: Думаю, найлепшы шлях для Амэрыкі — не расцэньваць гэта як барацьбу, а шукаць супольны шлях да адзінай мэты. Бо калі ставіць так пытаньне, як барацьбу паміж рознымі расамі і этнасамі, калі яно, ня дай Божа, так сапраўды стане, то гэта ні да чаго добрага не прывядзе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG