Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прымусіла Ўладзіміра Пуціна пагадзіцца на вызваленьне Надзеі Саўчанкі?

Грузьдзіловіч: Ці, можа, варта паставіць пытаньне гэтак — хто прымусіў? Вось сёньня замежныя мэдыі, «Эўраньюс» у прыватнасьці, перадаюць, што такое рашэньне нібыта было прынятае ў рамках «Нармандзкай чацьвёркі», то бок гэта выкананьне ранейшых дамоваў Расеі зь Нямеччынай і Францыяй, якія заступіліся за Ўкраіну.

Праўда, я ня схільны надта давяраць «Эўраньюсу», асабліва ягонай расейскамоўнай вэрсіі — вядома ж, што на рэдакцыйную палітыку гэтага каналу Расея мае велізарны ўплыў, бо на трэць фармуе ягоны бюджэт. То бок тут я бачу спробу дапамагчы менавіта Пуціну выйсьці з ганебнай для яго сытуацыі, якая склалася ў выніку абмену Надзеі Саўчанкі на двух расейскіх ГРУшнікаў. Выйсьці з найменшымі стратамі для аўтарытэту.

Але пэўная маніпуляцыя мэдыямі, тым больш з боку Расеі, — рэч зразумелая. А вось што да канца не зразумела, дык гэта чаму Пуцін пайшоў на такі крок, які для яго — яўная параза? Бо нават калі ён і даваў каму абяцаньне вызваліць Саўчанку пасьля суду, дык мог бы яшчэ «пацягнуць рызіну», як рабілася да гэтага.

І вось калі шукаю адказу на тое першае пытаньне — хто прымусіў? — дык усё ж запытаў бы ў варыянце: што прымусіла яго вызваліць Саўчанку? Страх, што жанчына можа сканаць ад галадоўкі і тады ён страціць шанец выявіцца гуманістам? — Гэта магчыма, бо новых маніпуляцыяў, якія ўжо былі, Саўчанка б не дазволіла і распачала б менавіта сухую галадоўку, надзвычай небясьпечную для жыцьця.

Яшчэ: што, страціўшы такі шанец, ён канчаткова падарве адносіны з кіраўнікамі G-7, і тады шанец атрымаць адмену санкцыяў Захаду і вярнуць Расею ў G-8 зусім стане нулявы? Такое таксама магчыма. Нездарма вызваленьне Саўчанкі прыпала якраз на чарговы сход лідэраў G-7 у Японіі.

Тут бачны сыгнал, як прынята цяпер казаць, мэсыдж Пуціна да сваіх былых калегаў па «вялікай васьмёрцы», што я згодны з вашымі ўмовамі і далей буду іх паступова выконваць. І хаця G-7 у той жа дзень нібыта не адрэагаваў на крок Расеі адносна Саўчанкі адменай ці зьмякчэньнем санкцыяў, але гэта і немагчыма зрабіць гэтак хутка, бо патрабуюцца шматузроўневыя ўзгадненьні. Але, мяркую, мэсыдж Пуціна будзе пачуты.

Cьледам за вызваленьнем Саўчанкі Расея лагодна загаварыла пра далейшы лёс украінскага Данбасу.

Заўважце, як сьледам за вызваленьнем Саўчанкі Расея лагодна загаварыла пра далейшы лёс украінскага Данбасу — што ён мусіць быць украінскім. Цяпер Расея будзе абяцаць усё што заўгодна, толькі не чапайце Крым.

То бок шчырага, сапраўды гуманнага стаўленьня Пуціна да лёсу жанчыны Надзеі Саўчанкі ня бачна, а проста зь ягонага боку робяцца чарговыя хады шахматнай партыі па ўтрыманьні Крыму, па ўтрыманьні свайго ўнутранага рэйтынгу як кіраўніка, які вяртае «исконно русские земли». Вось вам Саўчанка, вось вам Данбас, калі яшчэ вы яго зможаце пераварыць, бо гэта таксама праблема, але што да Крыму, — ён наш і не разьлічвайце яго вярнуць.

Пуцін даўно выявіў сябе пасьлядоўным палітыкам, які разьлічвае свае хады далёка наперад, і тут ён дэманструе, на маю думку, тыя ж якасьці — выверанасьць хадоў, іх трапнасьць. Але шахматная партыя тым і цікавая, што дзейнічаюць абодва бакі і вынік да апошняга непрадказальны. Вызваленьне Саўчанкі можа стаць для Расеі не тактычнай перамогай, а стратэгічнай паразай, калі Саўчанка рэалізуе свае прэзыдэнцкія амбіцыі.

Але мяркую, што ёсьць і яшчэ нейкія прычыны, якія прымусілі Пуціна вызваліць Саўчанку менавіта цяпер і пра якія мы яшчэ ня хутка даведаемся.

Цыганкоў: Вызваліць Саўчанку Пуціна вымусіў, адным словам кажучы, Захад, бо апошнія месяцы Масква бярэ курс на пэўную адкрутку назад. Але толькі ў пытаньні Данбасу, не кранаючы пытаньне Крыму.

У гэтай адкрутцы Масква хоча выканаць падвойную задачу: як мага менш адкруціць назад з пункту гледжаньня сваіх здабыткаў апошніх гадоў і, па магчымасьці, вярнуць больш-менш нармальныя стасункі з Захадам, адмяніць санкцыі. Аддаць як мага менш, а атрымаць як мага больш.

Пуцін быў вымушаны выпусьціць Саўчанку, праблема толькі была ў тым, які момант ён выбера.

Відавочна, што так ці інакш Пуцін быў вымушаны выпусьціць Саўчанку, праблема толькі была ў тым, які момант ён выбера. Магчыма, нельга пагаджацца з тым, што так усё ім разьлічана — як кажуць, чалавек праракуе, а Бог выракуе. Ня ўсё атрымалася так, як хацелася ў Крамлі. Пакуль няма ніякіх прыкметаў, што за гэтае вызваленьне Ўкраіна з аднаго боку, Захад з другога надта шмат даруюць ці аддадуць Маскве.

Зь іншага боку, Пуцін не паказаў сябе зацятым і неадэкватным палітыкам — гэтак было б, калі б ён сапраўды працягваў трымаць Саўчанку і давёў справу да яе скону. Але ён паказаў, што часам можа паводзіць сябе адэкватна, разьлічваць шахматныя партыі. Зь іншага боку, сапраўды ў шахматы гуляюць двое, і што адкажа супернік, невядома.

Глод: Сьледам за Алегам Грузьдзіловічам хачу згадаць «Эўраньюс». Сёньня раніцай за сьняданьнем я традыцыйна слухаў і глядзеў гэты тэлевізійны канал. І зьвярнуў увагу вось на што. Казалі пра артыкул Уладзімера Пуціна ў грэцкай газэце, які зьявіўся напярэдадні сёньняшняга візыту расейскага прэзыдэнта ў Грэцыю. У артыкуле Пуцін пісаў і пра дачыненьні з Эўразьвязам. Гэтая тэма, адзначае «Эўраньюс», абазначаная вельмі асьцярожна, без папрокаў на адрас Брусэля. Выглядае, што расейскі прэзыдэнт хацеў бы замірэньня з Эўразьвязам.

Я думаю, што Пуцін нарэшце пераканаўся — без адмены санкцыяў з боку Эўразьвязу і ЗША расейскай эканоміцы і надалей быць у завале. А гэта спараджае незадаволенасьць насельніцтва. Раней неспакой людзей можна было гасіць Крымам, Данбасам. Цяпер такога няма. Насельніцтва Расеі незадаволенае эканамічнай стагнацыяй, падзеньнем заробкаў, адсутнасьцю пэрспэктываў. Грошай у насельніцтва няма ўжо ня толькі на буйныя куплі, а на тое, каб купляць нешта ўвогуле.

Без супрацоўніцтва з Захадам, без адмены санкцыяў і эмбарга з такога становішча ня выйсьці. Спадзяваньні на ўнутраныя рэзэрвы ня спраўдзіліся. Грошы, якія дадаткова ўклалі ў расейскую эканоміку, як сьведчаць гучныя паведамленьні, часта раскрадаюцца.

Пуціну патрэбна як мага хутчэй замірэньне з Захадам.

Таму Пуціну патрэбна як мага хутчэй замірэньне з Захадам. Спрабаваць улагодзіць дачыненьні са Штатамі зараз зусім не з рукі. Там неўзабаве прэзыдэнцкія выбары, і амэрыканскаму істэблішмэнту не да Расеі. А з Эўразьвязам можна паспрабаваць правесьці пасьпяховыя перамовы. І каб паказаць Брусэлю, што Расея гатовая да некаторых саступак, і вызваляюць Надзею Саўчанку.

На якія саступкі пасьля гэтага пойдзе Эўразьвяз, — і тут я згодны з калегамі, — мы пакуль ня ведаем. Але зразумела, што гэта не абмен Саўчанкі на Ерафеева і Аляксандрава. Для гэтага не патрэбна была б начная размова ў фармаце «нармандзкай чацьвёркі». Таму застаецца чакаць, якія гэта будуць саступкі з боку Брусэля.

Цыганкоў: Санкцыі фармальна і фактычна былі ўведзеныя Эўразьвязам і ЗША супраць Расеі менавіта ў сувязі з Крымам. Гэта першасная прычына, і калі Эўразьвяз будзе адмяняць іх, то я ня ведаю, як ён будзе выкручвацца з гэтай сытуацыі. Бо адмяняць іх можна толькі пасьля таго, як Расея верне Крым Украіне.

Глод: Не выключаю, што адмяніць могуць часткова, або неяк мадэрнізаваць.

Грузьдзіловіч: Умова зьмякчэньня санкцыяў — выкананьне Менскіх пагадненьняў. А Менскія пагадненьні — перш за ўсё пра ўрэгуляваньне сытуацыі на Данбасе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG