Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі рыхтуюцца апублікаваць імёны ўсіх інфарматараў КГБ


Латыскія гісторыкі пачалі вывучаць картатэкі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі савецкіх часоў (КГБ), каб пасьля апублікаваць усю агентурную сетку савецкай спэцслужбы пайменна. У Латвіі лічаць, што такім чынам будзе адноўленая гістарычная справядлівасьць. Матэрыял на гэтую тэму зьмяшчае сайт ВВС.

Аднак спэцслужбы, па словах дасьледнікаў, адмаўляюцца выдаваць стукачоў. Па адной з вэрсій, савецкая агентурная сетка працуе ў Латвіі да гэтага часу, а публікацыя імёнаў можа мець самыя неспадзяваныя наступствы.

ВВС піша, што імёны савецкіх інфарматараў, актыўных у пачатку 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя, захоўваюцца нераспакаваныя з часоў аднаўленьня незалежнасьці — ужо 25 гадоў. Увесь гэты час палітыкі ня могуць вырашыць, што рабіць са скандальнымі «мяшкамі КГБ» — ці то спаліць, ці то апублікаваць.

Паводле словаў мясцовых гісторыкаў, такой сытуацыі не магло скласьціся ў ніводнай іншай постсавецкай краіне. Згодна з практыкай таго часу, картатэкі актыўных агентаў альбо былі вывезены ў Маскву — як, напрыклад, з Літвы і Эстоніі — альбо інфарматары на цалкам легальных падставах перайшлі на працу ў службы бясьпекі незалежных дзяржаў, якія відавочна не маюць намеру нічога публікаваць. Па словах гісторыка Рытварса Янсонса, па апошнім сцэнары пайшла, напрыклад, Беларусь.

ВВС піша, што ў Латвіі — паводле афіцыйнай вэрсіі — картатэкі ляжаць мёртвым грузам, і ніхто толкам ня ведае, што там за прозьвішчы. Дакладна вядома, што сярод іх ня можа быць дзеючых палітыкаў і, напрыклад, судзьдзяў.

Пры ўладкаваньні на пэўныя дзяржаўныя пасады дзейнічае забарона на працу для былых інфарматараў. Факт такой сувязі ўсталёўвае Бюро па абароне Сатвэрсмэ (контарвыведка, у якой захоўваецца картатэка) па запыту адпаведнай арганізацыі.

Аднак сярод былых стукачоў могуць апынуцца сваякі высокапастаўленых чыноўнікаў і выбарных асоб, буйныя прадпрымальнікі (якія, напрыклад, уплываюць на палітыку праз рычагі лабіраваньня), грамадзкія дзеячы і дзеячы культуры, навукоўцы — наагул, амаль хто заўгодна.

Але ня ўсе ў Латвіі згодныя на публікацыю поўнага сьпісу імёнаў. Супраціўляюцца некаторыя палітыкі і сама спэцслужба, якая баіцца што на паверхню выплывуць і імёны тых былых агентаў КГБ, якія ў 1990-я гады перайшлі на працу ў спэцслужбы Латвіі.

Аднак спакуса выцягнуць з мяхоў ўсе прозьвішчы занадта вялікая, і ў выніку палітыкі прыйшлі да кампрамісу. У закон была ўнесена норма аб стварэньні Камісіі па навуковаму дасьледаваньню КГБ ЛССР, якая ўжо прыступіла да працы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG