Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post: Цімашэнка наўрад ці зможа кантраляваць Саўчанку


Надзея Саўчанка на лётнішчы Барыспаль 25 траўня. Справа Юлія Цімашэнка
Надзея Саўчанка на лётнішчы Барыспаль 25 траўня. Справа Юлія Цімашэнка

Амэрыканскае выданьне The Washington Post публікуе артыкул «Вяртаньне Саўчанкі прадвяшчае новае замяшаньне ва Ўкраіне».

У матэрыяле адзначаецца, што пасьля вызваленьня з расейскай няволі ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка выступае як новая сіла ва ўкраінскай палітыцы.

Непакорлівасьць перад расейскімі ўладамі і сыстэмай судаводзтва той краіны зрабілі зь яе нацыянальную ікону ва Ўкраіне. Надзея таксама стала сымбалем адвагі і настойлівасьці для краіны, якая спрабуе акрыяць ад эканамічных праблемаў і зьнясільваючай вайны супраць прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе.

The Washington Post мяркуе, што яе палкія і непасрэдныя словы кідаюць сур’ёзны выклік украінскім палітычным кланам, уцягнутым у барацьбу за ўладу на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Пэрспэктыва новых палітычных міжусобіц ва Ўкраіне зьяўляецца добрай навіной для Крамля, які хоча бачыць сваіх суседзяў уцягнутымі ў яшчэ больш глыбокія ўзрушэньні. Выданьне зазначае, што вяртаньне Саўчанкі ва Ўкраіну зьяўляецца асабістым трыюмфам прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, але адначасова ўваходжаньне Саўчанкі ва ўкраінскую палітыку, напэўна, кіне яму сур’ёзны выклік.

Амэрыканская газэта піша, што Саўчанка, палымяная нацыяналістка, відавочна будзе мець свой жорсткі падыход да вайны на ўсходзе і выступіць супраць любых кампрамісаў з прарасейскімі баевікамі. Яна таксама, па ўсёй верагоднасьці, стане голасам народу, абуранага хранічнай карупцыяй ва Ўкраіне, якая квітнее і далей, нягледзячы на афіцыйныя абяцаньні выкараніць гэтую зьяву. Няздольнасьць улады справіцца з карупцыяй размывае давер ўкраінцаў да кіраўніцтва краіны, а таксама разбурае надзеі, якія прынесла краіне зьвяржэньне ў 2014 годзе прамаскоўскага прэзыдэнта Януковіча. Саўчанка зьяўляецца дэпутатам парлямэнту, куды была абраная падчас знаходжаньня ў расейскай турме. Яна не дзялілася сваімі палітычнымі плянамі, аднак яе вяртаньне, на думку газэты, можа кансалідаваць тых, хто не задаволены цяперашнім становішчам рэчаў ва Украіне, а таксама выклікаць патрабаваньні правядзеньня датэрміновых выбараў.

The Washington Post дадае, што Юлія Цімашэнка, чыя партыя прывяла Саўчанку ў парлямэнт, спадзяецца мець дывідэнды з гэтай сытуацыі. Цімашэнка, як піша выданьне, адбудавала сваю рэпутацыю, выкарыстоўваючы незадаволенасьць людзей станам эканомікі і падзеньнем жыцьцёвых стандартаў.

Адначасова амэрыканскае выданьне адзначае, што Цімашэнка наўрад ці зможа кантраляваць няскораную жанчыну-пілёта. А сама Саўчанка, якая цалкам ўсьведамляе сваю папулярнасьць у масах насельніцтва Ўкраіны, напэўна ня будзе адседжвацца ў цені. Газэта завяршае артыкул згадкай пра нэрвовасьць падчас сустрэчы Саўчанкі і Цімашэнкі на лётнішчы Барыспаль: Саўчанка пазьбегла спробаў Цімашэнкі пацалаваць яе, адмовіўшыся таксама ўзяць у яе кветкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG