Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія журналісты ствараюць галерэю з «партрэтаў карупцыянэраў»


Адзін з нумароў магілёўскай газэты

Адзін з нумароў магілёўскай газэты

Журналісты незалежнай газэты «Наш Магілёў» расказалі мінакам вуліцы Ленінскай — цэнтральнай у абласным цэнтры — пра мясцовую карупцыю, саміх карупцыянэраў ды іхні крымінальны лёс. Тры нумары незарэгістраванага выданьня агульным накладам блізу 600 асобнікаў журналісты і валянтэры раздалі на вуліцы за няпоўную гадзіну.

Тэма карупцыі — скразная ў трох нумарах «Нашага Магілёва». У кожным вялікія матэрыялы пад рубрыкай «Партрэт карупцыянэра» з камэнтаром экспэрта.

«Партрэты карупцыянэраў» намі пісаліся выключна паводле адкрытых інфармацыйных крыніцаў», — заяўляе рэдактар выданьня Ігар Барысаў.

Рэдактар газэты «Наш Магілёў» Ігар Барысаў

Рэдактар газэты «Наш Магілёў» Ігар Барысаў

«Мы паказалі, што чыноўнікі, дзякуючы набліжанасьці да ўлады, выкарыстоўвалі сваё службовае становішча, кралі ды махлявалі. Урэшце іхную крымінальную дзейнасьць выкрылі. Яны былі асуджаныя, але некаторых зь іх неўзабаве вызвалілі і зноў прызначылі на кіроўныя пасады. Іхны крымінальны лёс ілюструе цяперашняе аблічча ўлады. Дзейнічае прынцып: нават калі ты злачынца, але свой, дык табе ўсё роўна гарантавана месца пад сонейкам».

«Адзін са спосабаў змагацца з карупцыяй і выкрываць карупцыянэраў — гэта грамадзкі кантроль, — працягвае журналіст. — Наша акцыя — спроба расштурхаць грамадзтва, паказаць, што карупцыя шкодзіць дабрабыту і зь ёй трэба змагацца».

«Наш Магілёў» згадаў шэраг крымінальных спраў. У «галерэі» газэты — і «партрэт» кіраўніка «Магілёўвадбуду» Яўгена Зюзіна, якога асудзілі на сем гадоў, але іх ён не адседзеў. Ад пачатку 2016 году кіруе адной з гаспадарак Бабруйскага раёну.

Мінакі на вуліцы Ленінскай знаёмяцца са зьместам газэты

Мінакі на вуліцы Ленінскай знаёмяцца са зьместам газэты

Партрэт кіраўніка прадпрыемства «Цэмбудрамонт» Паўла Белавінскага таксама ў гэтай «галерэі». Яго асудзілі на 10 гадоў. Абвінавачаны ў крадзяжы грашовых сродкаў. За тры гады, як высьветліла сьледзтва, ён накраў на 1,8 мільярда рублёў.

У генэральнага дырэктара «Магілёўдрэва» Андрэя Вусава свой партрэт. Яго асудзілі на 8 гадоў. Праз паўтара года, піша «Наш Магілёў» асуджанага вызвалілі і прызначылі кіраваць магілёўскім прадпрыемствам «Строммашына».

Мінакі вуліцы Ленінскай знаёмяцца са зьместам газэты

Мінакі вуліцы Ленінскай знаёмяцца са зьместам газэты

Згадалі журналісты магілёўскага выданьня і пра сумны лёс кіраўніка магілёўскай фабрыкі «Вясьнянка» Максіма Шнэка. Яго асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня. Кіраўнік прадпрыемства злоўжываў службовым становішчам, палічыў суд, і нанёс гэтым шкоду ў 2,5 мільярда рублёў.

Як сказала адна з распаўсюдніц газэты, ніводны мінак не адмовіўся ўзяць асобнік, пачуўшы слова «карупцыя». Паводле яе, гэтая тэма цікавая абывацелю.

«Нямала людзей сутыкаюцца з сытуацыяй, якая вымагае даць канвэрт чыноўніку. Акрамя таго, чыноўніка нашы людзі ціха ненавідзяць, бо перакананыя, што ён нячысты на руку», — выказалася распаўсюдніца «Нашага Магілёва».

Мінакі на вуліцы Ленінскай знаёмяцца са зьместам газэты

Мінакі на вуліцы Ленінскай знаёмяцца са зьместам газэты

XS
SM
MD
LG