Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама ня выбачыўся за Хірасіму — ён смуткуе па ўсіх ахвярах вайны


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама наведаў горад Хірасіму, дзе 71 год таму Злучаныя Штаты ўпершыню ў гісторыі ўжылі атамную бомбу.

Ён усклаў кветкі да мэмарыялу ахвярам бамбардаваньня і заклікаў чалавецтва вывучыць урокі мінулага, каб прадухіліць наступныя войны, бо чалавецтва паказала, што мае сродкі, каб зьнішчыць сябе, піша The Guardian.

Абама не выбачаўся за рашэньне пра бамбардаваньне, прынятае ягоным папярэднікам Трумэнам. Ён гаварыў пра «бязгучны плач» усіх ахвяраў вайны — іх галасы, казаў ён, некалі сьціхнуць, але памяць пра іх не павінна зьнікнуць.

«Чаму мы прыйшлі ў гэтае месца, у Хірасіму? Мы прыйшлі, каб задумацца пра страшную сілу, якая была выпушчана на волю ў недалёкім мінулым. Мы прыйшлі, каб аплакаць мёртвых, — казаў Абама, заклікаўшы да маральнага абуджэньня. — Тэхналягічны прагрэс без эквівалентнага прагрэсу ў чалавечых інстытуцыях можа стаць нашай пагібельлю. Навуковая рэвалюцыя, якая прывяла да расшчапленьня атама, патрабуе маральнай рэвалюцыі».

Вобраз таго, як Абама абдымае чалавека, які выжыў у Хірасіме, выкліча глыбокі рэзананс у японскім грамадзтве, мяркуе BBC. Апытаньні паказваюць, што большасьць японцаў вітае візыт, нягледзячы на адсутнасьць фармальных выбачэньняў.

Тым ня меней, нагадвае BBC, некаторыя адзначаюць, што чалавек, які рабіў такую ідэалістычную прамову, — галоўнакамандуючы арміі, якая мае адзін з найбуйнейшых ядзерных арсэналаў, а за колькі крокаў ад яго падчас прамовы стаяў чалавек зь «ядзерным чамаданчыкам».

XS
SM
MD
LG