Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёску Будзенічы мяне паклікаў мой таварыш, старадароскі гісторык Віталь Юрэвіч. Як можна не паехаць у адну з самых старажытных вёсак у раёне? Ды яшчэ калі ў адной з жыхарак зьбяруцца вяскоўцы за сталом. Каб яшчэ раз узгадаць усіх, хто памёр, усіх, хто загінуў, ды ўсіх, хто выехаў. Ідучы зь Віталём па бязьлюднай вуліцы вялікай некалі вёскі, цяжка паверыць, што яшчэ пасьля вайны тут жыло паўтысячы чалавек.

— Гэтая вёска — адна з самых старажытных у раёне. Яна адной зь першых узгадваецца ў 1522 годзе. Тут праходзіў стары тракт васямнаццатага стагодзьдзя. Які пасьля сталі называць Кацярынінскі шлях. Але гэты шлях у Эўропу існаваў задоўга да Кацярыны. На месцах, дзе былі корчмы, «чорныя капальнікі» знаходзяць столькі манэт!

У хаце Яўгеніі Каролькі, кабеты гучнай, моцнай, гумарной, сапраўднай гаспадыні, сабралася невялікая кампанія немаладых людзей. Чатыры жанчыны, чатыры мужыкі. На стале смачная яечня, хрумсткія салёныя гуркі, цудоўнае сала. Нічога крамнага. Усё сваё. І, вядома ж, свая жытняя гарэлка. Якую гаспадыня з гонарам выстаўляе на стол.

— Вось як толькі ўбачым у гэтым гляку дно, тады толькі разыдземся. Гэтай гарэлцы ўжо 25 гадоў. І як сёньня выгнаная. Мы вам пакажам, як піць трэба. Трэба прамываць страўнік хоць раз на тыдзень.

Былы бібліятэкар, а сёньня дэпутат сельсавету Анатоль Юрэвіч узгадаў адну цікавую дэталь. Аказваецца, традыцыі кірмашоў тут дажылі да 60-х гадоў. Праўда, не як вольны гандаль, а як адведкі сваякоў.

— Тут былі кірмашы 28 жніўня. На Прачыстую. Але пры савецкай уладзе ўжо гандаль не вялі. Але захавалася традыцыя прыяжджаць у госьці. І такая традыцыя трымалася да 60-х гадоў.

У гаворцы мясцовых дэпутатаў пачынаюць зьяўляцца тэмы і словы, якія яшчэ нядаўна можна было пачуць толькі ад чальцоў апазыцыйных партыяў. Бо ўжо няма сэнсу адмаўляць відавочнае і хаваць тое, што бачна ўсім. Гэта бессэнсоўнасьць калгаснай мадэлі.

— Калгас сваё аджыў. Яшчэ гадоў дваццаць — і іх ня будзе. За што яны жывуць, я не ўяўляю. Бо іх прадукцыя ня цэніцца. Датацыі ж усё роўна вяртаць трэба. Цэны на запчасткі вунь якія!

За сталом тым часам успаміналі, якое душэўнае і радаснае жыцьцё было калісьці. Пасьля вайны. Хай небагатае, але справядлівае. Я пачуў надта сьмешны тост ад гаспадыні: «Хай вам дасьць здароўя Бог. У ручкі, у ножкі і сюды трошкі». Але спытаў пра адзін не зусім вясёлы звычай таго далёкага жыцьця. Апісаны ў народнай песьні: «Нічога ня робіць, толькі п’ець, а дадому прыйдзе, жонку б’ець». Наставіць мяне на розум узялася Вольга, самая старая кабета за сталом.

— А цяпер крыху тронь, яна ўжо разводзіцца. Трэба цярпець! Мая сяброўка адна казала: «Каб у мяне толькі было валасоў, колькі было чарнякоў на галаве». Чарняк — гэта сіняк.

— І за што?

— За лучынку знаходзіў прычынку.

Затым перавагі гэтага сада-маза мне пачалі тлумачыць маладзейшыя.

— Раней цяжка было мужыкам жыць. Яны касілі, яны вазілі, яны аралі. У іх самая цяжкая праца была. Яны прыходзілі калі дадому? Яны вельмі стамляліся. А гэтая баба языком ляпне. Вось і ўсё.

— Дык ён здаровы чалавек псыхічна?

— Здаровы. Гэта як разрадка.

— А! Ён проста жонку ня любіць?

— Ведаў бы, за што, дык забіў бы.

Менш за ўсё я чакаў такіх гарачых апраўданьняў мужа-гвалтаўніка. Прычым апраўдваць кінуліся менавіта жанчыны.

— Патрэбна ж разрадка для нэрваў, каб супакоіцца. Ён паганяе жонку і супакоіцца. Сьвятая ноч памірыць.

Аказваецца, жанчына павінна даваць псыхалягічную разрадку свайму мужыку. У гэтым таксама яе вялікая роля. Жанчына — працаўніца, жанчына — маці, жанчына — гаспадыня. І яшчэ жанчына — баксёрская груша.

Як жа было вясёла людзям пасьля вайны! Хай бабы плакалі, што мужыкі загінулі. Але аруць, бабы, і песьні пяюць. А цяпер чакаеш дванаццатага чысла, калі пэнсію прынясуць, і ўсё. Няма таго, што раньш было.

— Як жа было вясёла людзям пасьля вайны! Хай бабы плакалі, што мужыкі загінулі. Але аруць, бабы, і песьні пяюць. А цяпер чакаеш дванаццатага чысла, калі пэнсію прынясуць, і ўсё. Няма таго, што раньш было. Няма радасьці. Раней зьбіраліся, людзі абшчаліся. А цяпер людзі развучыліся радавацца жыцьцю.

— Вы з такім сумам успамінаеце тыя часы. А вы б хацелі, каб вашы дзеці вярнуліся ў той сьветлы і цудоўны час?

— Не! Я ў свой час сказала: «Я трупам лягу, але ў Будзенічах ніводнага не пакіну».

Як у беларускіх вяскоўцах сумяшчаецца і сьветлы сум па калгасным шчасьці, і незадаволенасьць днём сёньняшнім, і гатоўнасьць зрабіць усё, каб дзеці і ўнукі, ня дай Бог, не засталіся ў калгасе?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG