Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск вітае вызваленьне Саўчанкі


Надзея Саўчанка. Першыя фота пасьля вызваленьня. 26 траўня 2016 году

Надзея Саўчанка. Першыя фота пасьля вызваленьня. 26 траўня 2016 году

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык пракамэнтаваў абмен ваеннапалоннай Надзеі Саўчанкі на двух супрацоўнікаў ГРУ Расеі.

«Беларусь вітае той факт, што Расейская Фэдэрацыя і Ўкраіна зьнялі з парадку дня адно з пытаньняў, якое на працягу доўгага часу было перашкодай для прадметнага абмеркаваньня і рэалізацыі менскіх пагадненьняў і прасоўваньня па шляху мірнага ўрэгуляваньня на ўсходзе Ўкраіны», — заявіў 26 траўня на брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

Украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку асудзілі ў Расеі на 22 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў забойстве расейскіх журналістаў. Расейскія ваеннаслужачыя Аляксандар Аляксандраў і Яўген Ерафееў былі асуджаныя ва Ўкраіне за ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасьці. Напярэдадні вызваленьня Саўчанкі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам памілаваў Аляксандрава і Ерафеева. 25 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін назваў абмен Надзеі Саўчанкі на расейскіх ваеннаслужачых «актам гуманізму».

У беларускім МЗС спадзяюцца, што абмен будзе спрыяць рэалізацыі дамоваў па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. «Спадзяёмся, гэтая падзея пазытыўна адаб’ецца на ўсім перамоўным працэсе. Беларускі бок будзе максымальна садзейнічаць далейшай працы Трохбаковай кантактнай групы і працоўных груп, забясьпечыць усе неабходныя ўмовы для працягу Менскага працэсу, каб у наш рэгіён як мага хутчэй вярнуўся мір», — сказаў на брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык.

XS
SM
MD
LG