Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паказалі, як Лукашэнка перапісваўся б на Facebook


Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека вядзе крэатыўную агітацыю за працяг мандату спэцдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі.

Сябры Рады па правах чалавека ААН 30 чэрвеня будуць галасаваць «за» ці «супраць» працягу мандату cпэцыяльнага дакладчыка па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) выступае за працяг мандату і намагаецца схіліць да галасаваньня «за» тыя краіны, якія яшчэ ня вызначыліся — Вялікую Брытанію, Кенію, Кот-д’Івуар, Марока, Нігерыю, Эквадор, Этыёпію. Адзін са спосабаў — жартаўлівы чат Аляксандра Лукашэнкі і кіраўнікоў некаторых дзяржаваў:

Але FIDH выкарыстоўвае і больш сур’ёзныя мэтады. Так, на сайце Act4Belarus.org па-расейску, па-ангельску і па-француску прыводзяцца аповеды пра правы чалавека, свабоду прэсы, свабоду асацыяцыяў, палітычных зьняволеных, правы ЛГБТ і сьмяротнае пакараньне ў Беларусі ад Алены Талкачовай, Андрэя Бастунца, Раісы Міхайлоўскай, Валянціна Стэфановіча і Натальлі Манькоўскай.

Цяперашні спэцыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці пацьвярджае, што ў Беларусі ёсьць нямала праблемаў па яго профілі:

Міклаш Харасьці
Міклаш Харасьці

«Каб быць як мага больш ясным, Беларусь ёсьць адзінай краінай у Эўропе, якая ўжывае сьмяротнае пакараньне, — пералічвае ён. — Адзінай краінай у Эўропе, дзе 70% эканомікі знаходзіцца пад непасрэдным кантролем прэзыдэнта, адзінай краінай у Эўропе, дзе прэзыдэнт мае поўны кантроль над грамадзтвам, і адзінай краінай у Эўропе, дзе ўжо 20 гадоў няма апазыцыі ў парлямэнце».

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«Нягледзячы на касмэтычныя меры, характар рэжыму, што знаходзіцца ва ўладзе амаль 22 гады, не зьмяніўся, — канстатуе віцэ-прэзыдэнт FIDH і старшыня праваабарончага цэнтру „Вясна“ Алесь Бяляцкі, які правёў амаль тры гады ў беларускіх турмах. — Спэцыяльны дакладчык ААН — гэта адзіны міжнародны мэханізм кантролю і інфармаваньня аб сытуацыі з правамі чалавека ў краіне, які застаўся ў нас. Яго мандат павінен быць працягнуты».

Спэцдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі зьявіўся ў 2012 годзе. Ён мае адсочваць сытуацыю з правамі чалавека ў краіне і даваць рэкамэндацыі па яе паляпшэньні, дапамагаць выконваць рэкамэндацыі з дакладу Вярхоўнага камісара ААН Рады па правах чалавека, дапамагаць беларускаму ўраду ў выкананьні іх абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць і штогод даваць справаздачы Радзе па правах чалавека і Генасамблеі ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG