Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбудзецца прэм’ера мюзіклу з удзелам дзяцей з аўтызмам


Прэм’ера першага ў Беларусі спэктаклю, дзе разам са звычайнымі дзецьмі на сцэне граюць дзеці з аўтызмам, адбудзецца ў Белдзяржфілярмоніі 3 чэрвеня, інфармуе агенцтва БелаПАН.

Аўтарамі і стваральнікамі мюзіклу на беларускай мове пад назвай «Флейта-чарадзейка» сталі сямейны інклюзія-тэатр «і» (СИТі-тэатр) і міжнародная дабрачынная грамадзкая арганізацыя «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» пры спонсарскім ўдзеле кампаніі velcom.

Як паведаміла 25 траўня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску Мастацкі кіраўнік інклюзія-сямейнага тэатра «і», артыстка балету і рэжысэр Ірына Пушкарова, мюзікл быў створаны ў рэкордна кароткі час — за два месяцы. Усяго ў трупе тэатру каля 100 чалавек, 15% зь іх маюць парушэньні аўтычнага спэктру.

У спэктаклі на сцэне граюць 36 артыстаў, адначасова зь імі працуюць псыхолягі і т’ютары. Пушкарова адзначыла, што глядач ніколі не здагадаецца, хто з актораў пакутуе на аўтызм, бо дзеці адзін аднаго падтрымліваюць і зладжана граюць.

Дырэктар МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Тацяна Якаўлева у сваю чаргу адзначыла, што ў тэатры сёньня ствараецца ўнікальная каманда спэцыялістаў суправаджэньня дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця. Гэта ўжо сэртыфікаваныя спэцыялісты, і цяпер яны працягваюць дыстанцыйнае навучаньне ў ЗША, патлумачыла яна.

«Наш тэатар — вельмі добры інструмэнт для таго, каб ярка і паказальна гаварыць аб праблемах дзяцей, і ў прыватнасьці інклюзіі, — сказала Якаўлева. — Мы стварылі плятформу, якая дасьць магчымасьць ня толькі рэалізаваць творчы патэнцыял дзяцей з аўтызмам, але і змяняць стаўленьне беларусаў да гэтай праблемы».

На думку каардынатара па пытаньнях партнэрства фонду ЮНІСЭФ у Беларусі Ягора Новікава, «інклюзія — гэта тое, што ў першую чаргу павінна адбыцца ў сьвядомасьці, тое, што кожны павінен усьвядоміць і прапусціць праз сябе, і лепш за ўсё тут дапаможа мастацтва».

Пастаноўшчыкам спэктакля выступіў рэжысёр Ігар Сідорчык. Асноўную сцэнаграфію і дэкарацыі стварыў Веніямін Маршак, у распрацоўцы касьцюмаў прыняў удзел куцюр’е Янж Нядвецкі, упрыгожваньнямі якога карыстаюцца Джоні Дэп і Патрысія Каас. Прадзюсарам выступіў заснавальнік Альтэрнатыўнага тэатру Леанід Дынерштэйн. Песьні для спэктаклю склала Вольга Залеская, кампазытар і аўтар лібрэта — Марыя Дземянкова.

XS
SM
MD
LG