Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар Кэры вітаў вызваленьне Саўчанкі, Ерафеева і Аляксандрава


Кэры заклікаў Расею выканаць Менскія пагадненьні.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры вітаў вызваленьне ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі і яе вяртаньне з Расеі на радзіму.

Вызваленьне Саўчанкі названа ў заяве Кэры «важным элемэнтам выкананьня Расеяй Менскіх пагадненьняў». Дзяржсакратар заклікаў Маскву выканаць і іншыя свае абавязацельствы па гэтых пагадненьнях, — гаворка ідзе пра вызваленьне палонных і закладнікаў, вывадзе войскаў і аднаўленьні кантролю Ўкраіны над яе мяжой у Данецкай і Луганскай абласьцях.

Кэры таксама вітаў рашэньне ўладаў Украіны вызваліць двух расейскіх вайскоўцаў, асуджаных па абвінавачваньнях у тэрарызьме.

Вызваленьне Саўчанкі віталі і іншыя прадстаўнікі Захаду. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Фэдэрыка Магерыні назвала вызваленьне Саўчанкі «доўгачаканай добрай навіной». Кіраўнік МЗС Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што ён адчувае «радасьць і палёгку» ў сувязі з вызваленьнем Саўчанкі, дадаўшы, што над гэтым пытаньнем прыйшлося «шмат папрацаваць».

Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка, выступаючы разам з Саўчанкай у сябе ў рэзыдэнцыі ў Кіеве, падзякаваў за дапамогу ў вызваленьні Саўчанкі Злучаным Штатам і краінам ЭЗ.

Саўчанка была вызваленая ў сераду пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ пра яе памілаваньне. Прэзыдэнт Украіны ў той жа дзень памілаваў грамадзян Расеі Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава, якія таксама вярнуліся на радзіму.

XS
SM
MD
LG