Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі трошкі адасобіцца ад віру бягучых падзеяў і зірнуць на нашае жыцьцё з большай адлегласьці, то можна заўважыць шмат цікавага вакол. Напрыклад, пацукоў, што жывуць пад намі, побач з намі, у нас самых.

Пацукі, вядомы факт, жывёла зь вельмі высокай сацыяльнай структурай. Паводле сваіх паводзінаў і арганізацыі жыцьця шмат у чым падобныя да людзей. Часам гэтую грань, што адасаблівае людзей ад пацукоў, заўважыць немагчыма, настолькі яна робіцца тонкай альбо ўвогуле зьнікае.

Колькі гадоў таму я быў патрапіўшы на сэмінар па дакумэнтальным кіно ў Польшчу. Сярод іншых стужак паказалі фільм рэжысэра Анджэя Чарнецкага «Шчуралап» альбо па-нашаму «Пацалоў». Фільм створаны ў форме навукова-папулярнай стужкі, але прывёў мяне ў захапленьне, настолькі шматслойнымі былі ягоныя сэнсы.

Трэба зазначыць, што створаная стужка была ў 1986 годзе, калі ў Польшчы было вайсковае становішча й аўтарытарны камуністычны рэжым генэрала Ярузэльскага зацята змагаўся з прафсаюзам «Салідарнасьць».

На той час выбітныя польскія творцы абвесьцілі пра свой галіновы страйк і ня ўдзельнічалі ў стварэньні стужак, але маладым творцам, каб не ламаць іхны лёс, быў дадзены негалосны дазвол на працу ў кінастудыях, пры адной умове, што яны ня возьмуць удзелу ў прапагандысцкіх камуністычных кінапраектах. Такім чынам паўстала нямала вартых карцін, у тым ліку і «Пацалоў». Неадназначны, трывожны й філязофскі фільм.

У фільме апавядалася гісторыя незвычайнага чалавека, для якога праца пацалова значна большая, чым проста праца. Тут самавыражэньне, творчасьць і жарсьць пераплеценыя разам.

Мясакамбінат, дзе сярод туш разабраных сьвіньняў бегаюць хмары пацукоў. Іх трэба зьнішчыць. Зьвесьці усіх пацукоў да апошняга.

Чалавек у белым камбінэзоне – пацалоў, галоўны герой стужкі. Ён ведае псыхіку грызуноў. Ён тлумачыць нюансы свае працы:

– Ня кожны можа гэта зрабіць, трэба быць чалавекам бяз смутку, бяз гневу, бяз страху. Пацукі занадта разумныя істоты, вы павінны прыняць іх ад сэрца. Яны не дадуць проста так нікому падмануць сябе.

Папросту пасыпаўшы атруту, можна зьнішчыць тры чвэрці папуляцыі, але астатнія сыдуць з досьведам і пасьля вернуцца, гэтым досьведам узброеныя, і гэта будзе мая параза.

Яго мэтад вынішчэньня здаецца парадаксальным і грунтуецца на любові да пацукоў. Ён іх любіць, ён дабіваецца ад іх узаемнасьці й абсалютнага даверу. Урэшце любоў гэта і ёсьць абсалютны давер. І ўжо тады, калі яны адказваюць яму ўзаемным пачуцьцём, ён дадае ім у ежу смачную й захапляльную атруту. Любоў абяззбройвае і робіць бездапаможнымі перад здрадай што чалавека, што жывёлу.

– Калі ёсьць іх давер і любоў, нават калі трупы памерлых ляжаць побач, астатнія працягваюць есьці атруту. Ім і ў голаў ня прыйдзе, што я магу іх ашукаць, здрадзіць ім. Такім чынам, вынішчаецца 80-90 адсоткаў папуляцыі, астатніх самых разумных і мудрых, якія здагадваюцца пра здраду і хаваюцца ў падпольлі, выбіваеш палкай, страляеш ці вывуджваеш на вуду. Да апошняга. Я ніколі не прайграю, мне падабаецца, каб мной захапляліся, цанілі мяне й маю працу.

Пацалоў не навуковец, але мае распрацаваную мэтодыку, інструмэнты і хімічныя рэчывы; запал, цікаўнасьць і ўяўленьне, а таксама жаданьне выдатных дасягненьняў. Гэта свайго роду гульня ў Звышчалавека альбо ў Звышпацука, які не задае сабе пытаньняў: «Ці правільна я раблю?» альбо «Як так можна?»

Калі паглядзець на любую таталітарную альбо аўтарытарную краіну, аналёгіі з гэтым фільмам можна знайсьці скрозь, але возьмем прыклады з нашага альбо блізкага да нас кантэксту.

У Беларусі зь яе першымі й апошнімі прэзыдэнцкімі выбарамі, у Расеі зь яе прапагандай Рускага Міру, ва Ўкраіне з уладнай карупцыяй.

Калі глядзіш на сытуацыю на Данбасе праз гэты фільм, то раптам пазнаеш рысы пацукоў у прыкормленых і ашуканых рускіх людзях, што едуць на Данбас і ня хочуць чуць ніякіх рацыянальных довадаў, ня хочуць нічога разумець, нават усё пабачыўшы на свае вочы і заваленыя трупамі сваіх паплечнікаў.

Ва Ўкраіне ўлада апэлюе да сьвятога пачуцьця любові да свабоды й незалежнасьці краю, і ў той самы час працягвае раскрадаць той самы край.

У Беларусі народ верыць на слова ўладзе, нават здагадваючыся, што ўсё сказанае мана, таму што аднойчы гэтаму народу ўлада, яшчэ й ня быўшы сапраўднай уладай, упершыню ў жыцьці гэтага народа прызналася ў любові.

Вобразы пацалова й пацукоў толькі дадаюць фарбаў у паўсталую карціну. Сюжэты й гісторыі, якія непарыўна падкідае час, бываюць зусім розныя. Ролі – хто ёсьць хто – кожны можа вызначыць сам. Часам ролі мяняюцца і той, хто лічыў сябе пацаловам, сам ператвараецца ў звычайнага пацука, але гэта ў дадзенай схеме прынцыпова нічога не мяняе.

У краінах, дзе рацыянальныя схемы паводзінаў ня надта запатрабаваныя грамадзтвам, дзе усё трымаецца на пачуцьцях, гэтымі пачуцьцямі вельмі лёгка маніпуляваць.

Паўстае пытаньне, так чым насамрэч чалавек адрозьніваецца ў сваіх паводзінах ад пацука, і адказ на гэткае пытаньне можа быць адзін – чалавечай маральлю, узьведзенай у закон. Няма маралі, грань у паводзінах паміж чалавекам і пацуком зьнікае. Набываючы пацучыную масьць, ён чакае свайго пацалова, як тыя закаханыя ў свайго забойцу пацукі.

Стужка ў сваім заканчэньні красамоўна сьведчыць – калі цябе кранула тая пацучыная масьць, выратаваньня ня будзе, няхай ты самы мудры, самы разумны й хітры пацук, які ведае ня толькі пачуцьцё любові, але і пачуцьцё здрады. Пацалоў прыйдзе па цябе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG