Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчыць зьніжэньне намінальнага сярэдняга заробку ў краіне?


Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Алег Грузьдзіловіч і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Паводле падлікаў Белстату, налічаны сярэдні заробак у красавіку склаў 7 085 990 рублёў. У параўнаньні з папярэднім месяцам ён зьменшыўся на 8500 рублёў. Цікава, што ў сакавіку ў параўнаньні зь лютым сярэдні заробак вырас на 480 тысяч. Такім чынам, сакавік застаўся своеасаблівым выключэньнем, калі заробак рос. Усе астатнія месяцы заробак або падаў, або заставаўся на месцы. Яшчэ 8 месяцаў таму, у жніўні 2015-га, ён складаў 7 мільёнаў 8 тысяч, а цяпер — 7 мільёнаў 85 тысяч, фактычна няма ніякага росту — на 1% болей.

Раней, калі адбываліся дэвальвацыі, то ўлада даволі хутка ўздымала ўзровень заробкаў, напампоўвала іх. Цяпер мы жывем у нейкай новай для беларусаў рэальнасьці, калі ўжо фактычна два гады нават намінальныя даходы беларусаў у рублях не растуць, а рэальныя — падаюць фактычна штомесяц.

Яшчэ паказальныя дадзеныя. Рэальныя заробкі беларусаў цягам першага кварталу году ўпалі на 3,4%. А рэальныя наяўныя заробкі скараціліся на 7%.

крызіс у Беларусі працягваецца, і падзеньне вытворчасьці непазьбежна ўплывае і на падзеньне даходаў насельніцтва. Дзяржава ўсё ж праводзіць строгую, жорсткую макраэканамічную палітыку. Няма адкуль браць

Гэта сьведчыць пра тое, што крызіс у Беларусі працягваецца, і падзеньне вытворчасьці непазьбежна ўплывае і на падзеньне даходаў насельніцтва. Дзяржава ўсё ж праводзіць строгую, жорсткую макраэканамічную палітыку. Няма адкуль браць. Па-другое, ужо выбарчыя кампаніі можа праводзіць і бяз росту заробкаў. Выглядае, што для ўладаў макраэканамічная стабільнасьць важнейшая.

Нядаўна прэм’ер Кабякоў папярэджваў, каб не падвышалі заробак на стратных прадпрыемствах, якія маюць нізкую ці нават адмоўную рэнтабэльнасьць. Кабякоў казаў, што вось дзяржава дае крэдыты, дапамагае прадпрыемствам, а гэтыя грошы ідуць на заробкі. Вось выглядае, што, можа, Кабякова паслухаліся.

Але звычайна падчас палітычных кампаніяў заробак падвышаецца і сыплюцца розныя сацыяльныя даброты. Цяпер ня так — ужо на прэзыдэнцкай кампаніі ўвосень 2015-га году было ня так. Гэта стала першым выключэньнем. Выглядае, што і гэтая выбарчая кампанія пройдзе без эканамічных фанфар, бо ва ўлады ўжо няма магчымасьцяў для гэтага. Дый макраэканамічная стабільнасьць важнейшая.

І сапраўды, выбары можна праводзіць без павелічэньня заробкаў, таму што выбарчая сыстэма настолькі наладжаная, што добры сацыяльны фон — пажаданы, але не абавязковы. Улада лічыць, што ўсё роўна вынік будзе аднолькавы.

Грузьдзіловіч: У разуменьні беларускіх уладаў інфляцыя цяпер больш небясьпечная, чым незадаволенасьць людзей нізкімі заробкамі. Яны баяцца таго, што вялікая інфляцыя разбалянсуе ўсю сытуацыю ў Беларусі, і таму штучна яе стрымліваюць, клапоцяцца пра тое, каб не расьлі гэтыя заробкі, і будуць далей гэта рабіць.

Мы гэта бачым па працы банкаў, па тым, што прэм’ер Кабякоў заклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў не падвышаць заробкі.

Вельмі важны момант — тое, што да выбараў можна не чакаць пад’ёму заробкаў, як гэта традыцыйна было. Тым больш — выбары будуць парлямэнцкія, яны зусім не лёсавызначальныя для Беларусі, і гэтая кампанія стане проста чарговай агітацыйнай кампаніяй. Ня больш за тое.

Паводле апошняй інфармацыі, у Барысаве проста няма прадпрыемства, якое прапаноўвала б людзям заробак больш як 3,5 мільёна. То бок 150 даляраў у такім горадзе, як Барысаў, — гэта мяжа

Як улады зьбіраюцца далей павышаць эканамічны патэнцыял, выходзіць з гэтага крызісу? Па ўсіх галінах усё пагаршаецца. Заробкі зьмяншаюцца, людзі, асабліва па-за Менскам, ну проста незразумела як выжываюць. Паводле апошняй інфармацыі, у Барысаве проста няма прадпрыемства, якое прапаноўвала б людзям заробак больш як 3,5 мільёна. То бок 150 даляраў у такім горадзе, як Барысаў, — гэта мяжа. А што тады казаць пра нейкую маленькую вёску, пра райцэнтар?

Чаму ўлады пра гэта ня думаюць, чаму яны мяркуюць, што вось стрымалі яны інфляцыю — і ўсё будзе выпраўляцца само сабой? Насамрэч ідзе паступовая дэградацыя ня толькі палітычнай сыстэмы, але і эканамічнай. Праз год-два мы ўжо будзем арыентавацца на заробак 50 даляраў, на пэнсію 30 даляраў, і гэта будзе лічыцца вельмі добрым.

У такіх умовах як будзе далей улада праводзіць нейкія выбары, я не ўяўляю. Мне здаецца, гэта будзе пераход да нейкай сярэднеазіяцкай дыктатуры, калі можна будзе толькі праз ідэалягічныя ці жорсткія рэпрэсіўныя захады стрымліваць сытуацыю.

Дракахруст: Тое, што цяпер адбываецца — а менавіта стрымліваньне росту заробкаў, у тым ліку іх намінальнае падзеньне, і жорсткая манэтарная палітыка, якая вядзе да зьніжэньня інфляцыі, але стварае велізарныя праблемы для беларускіх прадпрыемстваў, — гэта пунктуальнае выкананьне таго, што Беларусі раіць МВФ. Гадамі раіў. Раней гэта ігнаравалі, а цяпер выконваюць, сьцяўшы зубы.

Чаму ня думаюць пра народ? Таму, што ўрэшце вырашылі выконваць пажаданьні МВФ, хочуць атрымаць крэдыт.

Ідэалёгія МВФ, так званы Вашынгтонскі кансэнсус, палягае ў тым, што такая фінансавая стабілізацыя, калі інфляцыя нізкая, дае магчымасьць для наступнага здаровага росту эканомікі, каб яна расла не за кошт напампоўваньня пустых грошай, а за кошт росту рэальнага сэктару. А як будуць людзі выжываць — МВФ на гэта кажа ветліва: гэта вашы праблемы. Як вы будзеце іх вырашаць — як зможаце, як іншыя вырашаюць.

перад вачыма досьвед Казахстану. Ужо там сыстэма яшчэ больш строгая, чым у Беларусі, і ўсё было ціха-мірна, а пэўны крок уладаў, лібэральны крок, выклікаў якія забурэньні, якія хваляваньні

Вось ва Ўкраіне зараз скачуць камунальныя тарыфы. МВФ кажа: або вы падвышаеце камунальныя тарыфы, і тады атрымліваеце грошы, або рабіце што хочаце.

Лібэральныя рэформы каштуюць дорага. Чаму ўлады прыдумляюць новыя абмежаваньні на выбары, нейкія крытэры — таму што яны гэта ўсё адчуваюць, гэтую народную злосьць. Яны ж ведаюць, што ў Барысаве 150 баксаў — і ўсё. Потым перад вачыма досьвед Казахстану. Ужо там сыстэма яшчэ больш строгая, чым у Беларусі, і ўсё было ціха-мірна, а пэўны крок уладаў, лібэральны крок, выклікаў якія забурэньні, якія хваляваньні. І ўлада там, дарэчы, адступіла.

Беларуская ўлада баіцца ў сувязі з выбарамі не чагосьці канкрэтнага, што апазыцыя пераможа, а што самі выбары стануць каталізатарам да нейкіх працэсаў неэлектаральных. Таму гэтыя лічбы, калі яны кладуцца на стол Аляксандру Лукашэнку, выклікаюць у яго нэрвовую рэакцыю.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG