Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнікаў электронных гаманцоў у Беларусі паменела ў 17 разоў


Беларусы адмаўляюцца ад электронных грошай. Колькасьць уладальнікаў электронных гаманцоў у Беларусі пасьля ўказу аб ідэнтыфікацыі такіх асобаў скарацілася ў 17 разоў.

Гэтую лічбу назваў сёньня намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Дзьмітры Лапо, адказваючы на пытаньне Свабоды.

Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі папраўкі да закону «Аб мерах па папярэджаньні легалізацыі прыбыткаў, атрыманых крымінальным шляхам і накіраваных на фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці».

Згодна з гэтым законам, цяпер будзе ідэнтыфікавацца кожны ўладальнік электроннага гаманца. Раней гэтае правіла распаўсюджвалася толькі на тых асобаў, якія мелі ў такім гаманцы ня менш за 1000 базавых велічыняў.

Як сказаў намесьнік старшыні Нацбанку, гэтая мера скіраваная на тое, каб перапыніць магчымае фінансаваньне тэрарыстаў. На пытаньне, ці афіцыйна зафіксаваныя ў Беларусі выпадкі, калі хтосьці з грамадзян Беларусі быў абвінавачаны ў фінансаваньні тэрарызму, намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку адказаў:

«Дзякуй Богу, такога пакуль не было. Але цяпер ідзе сусьветная тэндэнцыя правяраць чысьціню грошай, і Беларусь павінна далучыцца да гэтага працэсу».

Падчас абмеркаваньня зьменаў да закону было сказана, што вызначаць сьпіс падазроных у фінансаваньні тэрарызму будзе КДБ Беларусі. Такія сьпісы будуць правярацца і ўдакладняцца ня меней за 1 раз у квартал.

XS
SM
MD
LG