Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Страсбуры атрымаў пазовы супраць РФ ад ахвяраў крушэньня MH17


Страсбурскі суд

Страсбурскі суд

Страсбурскі суд пацьвердзіў факт атрыманьня скаргі супраць Расеі ад ахвяраў крушэньня авіяляйнэра MH17 ва Ўкраіне ў ліпені 2014 году. Пра гэта паведамілі «РИА Новости» ў аўторак у судзе.

Раней паведамлялася, што пяць аўстралійскіх сем’яў — сваякоў загінулых у авіякатастрофе — зьвярнуліся ў Эўрапейскі суд па правах чалавека з пазовам супраць Расеі і прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Аўстралійскі адвакат Джэры Скінар

Аўстралійскі адвакат Джэры Скінар

Аўстралійскі адвакат Джэры Скінар просіць Эўрапейскі суд па правах чалавека запатрабаваць ад прэзыдэнта Расеі заплаціць 330 мільёнаў даляраў сем’ям загінулых на борце малазійскага «Боінгу».

«Мы можам пацьвердзіць, што заява супраць Расеі адносна крушэньня рэйсу MH17 была атрыманая сакратарыятам 9 траўня 2016 году», — растлумачылі ў прэс-службе суда.

Па словах суразмоўцы агенцтва, сярод заяўнікаў 33 чалавекі, якія зьяўляюцца сваякамі ахвяраў з Малайзіі, Аўстраліі і Новай Зэляндыі. Заяўнікі абвінавачваюць Расею ў парушэньні артыкула 2 (права на жыцьцё), артыкула 3 (недапушчэньне бесчалавечнага і зьневажальнага годнасьць абыходжаньня) і артыкула 13 (права на эфэктыўны сродак прававой абароны) Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека.

У прэс-службе не паведамілі, калі менавіта суд плянуе разгледзець гэтую скаргу.

Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў раней заявіў, што дэ-юрэ ні пра які пазоў гаворкі ісьці ня можа, пакуль ён ня будзе прыняты да разгляду судом і пакуль апарат суда адпаведным чынам не інфармуе бок, у дачыненьні да якога пазоў выстаўляецца.

XS
SM
MD
LG