Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэдыторы ўхвалілі пакет дапамогі Грэцыі ў памеры € 10,3 мільярда


Міністры фінансаў Эўразоны ўзгаднілі ў сераду раніцай вылучэньне Грэцыі другога траншу макрафінансавай дапамогі ў памеры € 10,3 млрд.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Савета Эўрапейскага Зьвязу.

У ходзе 11-гадзінных перамоваў крэдыторы прынялі рашэньне, згодна зь якім Грэцыя павінна атрымаць 10,3 мільярда эўра з рэзэрваў Эўрапейскага стабілізацыйнага мэханізму (ESM). Гэта дазволіць Грэцыі пазбавіцца ад пагрозы банкруцтва.

Чакаецца, што сума будзе перакладзеная двума траншамі. Першы плацёж складзе € 7,5 млрд і можа быць ажыцьцёўлены ўжо ў другой палове чэрвеня.

У выніковай заяве пасяджэньня Эўрагрупы па Грэцыі таксама адзначаецца, што прафіцыт бюджэту Грэцыі у 2018 годзе павінен скласьці 3,5% ВУП.

«Эўрагрупа пацьвердзіла сярэднетэрміновы мэтавы ўзровень прафіцыту бюджэту Грэцыі ў 2018 годзе ў 3,5% ВУП і падкрэсьліла важнасьць захаваньня адпаведнай падатковай траекторыі», — гаворыцца ў выніковай заяве.

Эўрагрупа дамовілася ацаніць узровень устойлівасьці доўгу на падставе базавага сцэнару, пры якім валавыя патрэбы Грэцыі ў фінансаваньні складуць 15% ВУП пасьля завяршэньня праграмы макрафінансавай дапамогі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве і ня больш за 20% у далейшым.

XS
SM
MD
LG