Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыя гатовая скарыстацца зьняцьцем зь Беларусі санкцыяў


У Вене прайшоў эканамічны форум «Стымуляваньне інвэстыцыяў Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусь».

Форум быў арганізаваны пры садзейнічаньні Фэдэральнай гаспадарчай палаты Аўстрыі сумесна з Асацыяцыяй гандлёва-прамысловых палат Эўропы.

Адкрываючы форум, прэзыдэнт Фэдэральнай гаспадарчай палаты Аўстрыі Крыстаф Ляйтль падкрэсьліў, што адмена санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да Беларусі зробіць унёсак у стабілізацыю эканомікі краіны і будзе спрыяць яе росту.

Санкцыі не вырашаюць праблемы, яны толькі паглыбляюць прорву.

«Эканоміка будуе масты, імкнецца да дыялёгу і пракладае шлях для палітыкі. Санкцыі не вырашаюць праблемы, яны толькі паглыбляюць прорву», — заявіў Крыстаф Ляйтль і падзякаваў Эўрапейскаму Зьвязу, «які пры дапамозе такіх мерапрыемстваў у эканамічным сэктары адкрывае новыя шляхі».

Крыстаф Ляйтль адзначыў важнасьць транскантынэнтальнага супрацоўніцтва і заявіў, што двухбаковыя эканамічныя адносіны паміж Аўстрыяй і Беларусьсю таксама стануць у будучыні больш інтэнсіўнымі. У цяперашні час Аўстрыя зьяўляецца восьмым паводле значнасьці інвэстарам у Беларусі.

Ёганэс Ган, камісар ЭЗ па пытаньнях палітыкі суседзтва і пашырэньня, ва ўступнай прамове зьвярнуў увагу на патэнцыял і шматлікія магчымасьці, якія дае эканоміка Беларусі, і абяцаў падтрымку з боку Эўрапейскага Зьвязу. Паводле спадара Гана, пасьля адмены санкцыяў гэты форум можа стаць стартам для супрацоўніцтва, якое будзе садзейнічаць далейшым крокам па стварэньні сувязяў Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам.

Беларускую дэлегацыю на форуме ўзначальвае першы намесьнік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусі Васіль Мацюшэўскі. Ён прадставіў Беларусь як цікавую пляцоўку для інвэстыцый і партнэра для эўрапейскіх прадпрыемстваў і падкрэсьліў, што Беларусь цэніць Аўстрыю як свайго эканамічнага партнэра, аўстрыйскія прадпрыемствы маюць цудоўную рэпутацыю, таму Рэспубліка Беларусь будзе радая далейшаму супрацоўніцтву, паведамляе аўстрыйскі інтэрнэт рэсурс http://boerse-social.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG