Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адэсе вайна паміж паліцыяй і віетнамцамі


У Адэсе пачалася сапраўдная вайна паміж прадстаўнікамі паліцыі і віетнамскай дыяспары. Паводле інфармацыі СМІ, рэйд праводзіў цэнтральны апарат Дзяржаўнай фіскальнай службы Ўкраіны і Генэральная пракуратура.

Па словах віетнамцаў, на руках у праваахоўнікаў не было належных дакумэнтаў на ператрус, акрамя таго, зь іх кватэр былі цалкам канфіскаваныя ўсе знойдзеныя грошы. Зь іншых кватэр зьніклі дакумэнты і дарагі алькаголь. Адзначаецца, што супрацоўнікі, якія праводзілі ператрусы, ламалі дзьверы жыльля з дапамогай малаткоў і зьбівалі людзей. У прыватнасьці, ад іх рук пацярпеў 65-гадовы віетнамец.

Прадстаўнікі віетнамскай дыяспары заявілі, што падчас рэйду іх абрабавалі прыкладна на паўмільёна даляраў.

Відэа зь месца правядзеньня рэйду трапіла ў сацыяльныя сеткі:

Сілавікі таксама заблякавалі вароты ў комплексе і не пускалі ў двор падчас рэйду прадстаўнікоў віетнамскай дыяспары. На просьбу жыхароў прад’явіць дакумэнты, людзі ў форме адказалі адмовай.

«Прыехалі людзі ў чорным, больш за дваццаць чалавек, з аўтаматамі. Яны паклалі тварам на падлогу ўсіх, не зважаючы на пол і ўзрост. Ламалі дзьверы і выносілі грошы, кампутары, нават алькаголь, таму мы аказалі супраціў такому бязьмежжу. Але яны адкрылі агонь угару і выкарыстоўвалі балёнчыкі са сьлезацечным газам, а нашы машыны на ўваходзе проста зьмялі, — распавёў адзін з пацярпелых пры ператрусе. — Мы працуем, спрабуем неяк выжыць і не заслужылі такога стаўленьня!»

У адказ адэсіты-віетнамцы закідалі аўтамабілі паліцыі і фіскальнай службы камянямі. Паводле відавочцаў, падаткавікі пасьля гэтага адкрылі агонь з аўтаматаў у паветра і абстралялі жыхароў віетнамскага кварталу з траўматычнага зброі.

Прадстаўнікі дыяспары таксама выйшлі з акцыямі пратэсту да некалькіх дзяржаўных установаў гораду і прайшліся маршам па вуліцах Адэсы — ад абласной пракуратуры да абласной адміністрацыі.

Дзяржаўная фіскальная служба пакуль ніяк не камэнтуе справы. Але намесьнік губэрнатара Адэскай вобласьці Саламія Баброўская прынесла віетнамцам з жылога комплексу «Лотас» прабачэньні за налёт. Паводле яе, цяпер сытуацыю будзе кантраляваць асабіста начальнік паліцыі вобласьці Георгій Лардкіпанідзэ, а яго падначаленыя будуць ахоўваць тэрыторыю віетнамскага кварталу. У Адэсу таксама прыедуць супрацоўнікі амбасады Віетнаму.

Гэта далёка ня першыя сутычкі паміж прадстаўнікамі віетнамскай дыяспары і ўкраінскімі сілавікамі. Папярэдні канфлікт адбыўся восеньню мінулага году. Тады прадстаўнікі фіскальнай службы таксама праводзілі ператрусы ў квартале і заяўлялі, што віетнамцы незаконна гандлююць валютай на буйным прамтаварным рынку «7 кілямэтар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG