Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба сьцерці камуністычныя назвы з мапы Беларусі


Ці варта ў Беларусі параймяноўваць гарады на ўкраінскі ўзор, дзе нядаўна перайменавалі Днепрапятроўск у Дняпро?

Дракахруст: На мінулым тыдні Вярхоўная Рада Ўкраіны сваім рашэньнем перайменавала другі паводле велічыні пасьля Кіева горад краіны — Днепрапятроўск, які ў савецкія часы атрымаў назву ў гонар камуністычнага дзеяча Рыгора Пятроўскага. Рашэньне было прынятае ў рэчышчы законаў аб дэкамунізацыі, якія дзейнічаюць ва Ўкраіне зь мінулага году.

Здавалася б, усяго толькі прыватны выпадак, ужываньне агульнага закону. Але выпадак з Днепрапятроўскам — зараз Дняпром — быў па-свойму экстраардынарным.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Мясцовая ўлада пераймяноўваць горад адмовілася, на думку апанэнтаў перайменаваньня, нічога выразна камуністычнага ў старой назьве не было. Была прапанова і нават рашэньне мясцовай улады пакінуць ранейшую назву, зьмяніўшы інтэрпрэтацыю — маўляў, «-пятроўск» у назьве гораду — не ад бальшавіка Пятроўскага, а ад апостала Пятра.

Аднак большасьць у Вярхоўнай Радзе такое рашэньне не задаволіла. Не быў узяты пад увагу і той чыньнік, што большасьць насельніцтва гораду была супраць перайменаваньня. Ну а выдаткі на зьмену дакумэнтаў і наагул былі справай дзесятай.

Гледзячы па ўсім, у рашэньні не апошнюю ролю адыгрывалі ўнутрапарлямэнцкія меркаваньні. Урад мае ня надта шырокую падтрымку ў Радзе, колішнія фракцыі пострэвалюцыйнай кааліцыі — радыкальная партыя, блёк Юліі Цімашэнкі і «Самапомач» перайшлі ў апазыцыю. Ну а перайменаваньне гораду — прапанова, якая аб’яднала колішніх саюзьнікаў.

Таксама варта прыгадаць, у якім грамадзка-палітычным кантэксьце прымалася рашэньне. Эканамічная сытуацыя ва Ўкраіне вельмі складаная, асабліва моцна насельніцтва незадаволенае імклівым ростам камунальных тарыфаў. Нізкія рэйтынгі прэзыдэнта і іншых органаў улады сьведчаць пра тое, што крэдыт даверу амаль што вычарпаны.

І вось на гэтым фоне не знаходзіцца больш надзённай, актуальнай тэмы, чым перайменаваньне.

Пазбаўляцца ад таталітарнай спадчыны безумоўна варта. Аднак ці варта гэта рабіць у крытычнай эканамічнай сытуацыі, ці варта рабіць насуперак меркаваньням жыхароў і мясцовых уладаў гораду, якім там жыць? Ці дасягне падобная мера сваёй мэты — выдаленьня зь людзкой сьвядомасьці камуністычнай спадчыны? А можа наадварот — выкліча раздражненьне, праасацыюецца з шалёнымі лічбамі «жыровак», з ігнараваньнем волі і жаданьня людзей? І ці не падобная лёгіка рашэньня на лёгіку тых, чые ідалы зрынаюцца, чые імёны сьціраюцца з мапы краіны — на лёгіку бальшавікоў? І ці не прывядзе ў пэрспэктыве да рэваншу — наўрад ці камуністычных сілаў, але сілаў прынамсі неэўрапейскіх?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: У мяне выклікае скептыцызм даволі папулярны аргумэнт, які і вы, Юры, прывялі — зараз ня час, фон неспрыяльны. А калі ён бывае спрыяльным? Заўсёды, калі ў сьвеце прымаюцца такія рашэньні, вылучаецца падобны контараргумэнт — а што, вам няма больш чым заняцца, эканоміка вас не хвалюе? Фон ніколі ня будзе спрыяльны. Хіба ня так?

Дракахруст: Ня так. Зараз у Польшчы таксама прынялі рашэньне пазбавіцца ад рэшткаў камуністычных назваў. Калі параўноўваць эканамічны стан у Польшчы і ва Ўкраіне, то няцяжка зрабіць выснову, што польская сытуацыя больш спрыяльная такому рашэньню, чым украінская.

Цыганкоў: Дык тады ўкраінцы могуць і не дачакацца спрыяльнай эканамічнай сытуацыі доўгія гады.

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Глод: Ці варта ў Беларусі пераймяноўваць гарады на ўкраінскі ўзор? Мая думка адназначная: так, гэта рабіць трэба. Але я абсалютна ўпэўнены, што пакуль улада ў краіне ня зьменіцца, ніякіх перайменаваньняў ня будзе. У гэтым запэўніваюць усе спробы зьмяніць назвы ня то што гарадоў, а нават вуліц.

Глядзіце, наш Менск застаецца бадай што адзінай са сталіцаў былых савецкіх рэспублік, дзе савецкая спадчына захавалася амаль у поўным аб’ёме: вуліцы Леніна, Маркса, Энгельса, Кірава, Рэвалюцыйная ды ім падобныя. Адно гэта чаго каштуе. Вось мой уласны прыклад. Я жыву на вуліцы з прыгожай гістарычнай назвай — Старажоўская. А побач праз 50 крокаў вуліца Камуністычная.

Зьмяненьне назвы гарадоў — палітычнае рашэньне. Можна спрачацца, калі гэта рабіць — цяпер ці пачакаць. Але тут мне бліжэй пазыцыя Віталя Цыганкова, які слушна кажа: не дачакаесься такога дня, калі ўсе скажуць, што вось нарэшце час для новых назваў насьпеў. Заўжды будуць такія, хто палічыць, што трэба яшчэ пачакаць.

Што б там не казалі пра грамадзянскую кампанію «Гавары праўду», але яна сабрала больш як 100 тысяч сапраўдных, якія ніхто не аспрэчвае, подпісаў за вуліцу Васіля Быкава, перадала іх у гарвыканкам. Была прапанова перайменаваць Ульянаўскую ў вуліцу Быкава. Але ўлады на гэта не пайшлі.

Ініцыятывы аб зьмене назваў гарадоў, вёсак і вуліц будуць гасіцца адказамі кшталту адказу намесьніка старшыні Менскага гарвыканкаму Ігара Карпенкі (ён жа першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі), які на прапанову зьмяніць назву вуліцы Рэвалюцыйная, напісаў «Рэвалюцыйная — самая бяскрыўдная назва з пункту гледжаньня ідэалёгіі». А што да вуліцы Карла Маркса, то «яна названая імем філёзафа, чые працы вывучаюцца ў многіх унівэрсытэтах сьвету».
Гэта да таго, што калі няма ва ўладаў жаданьня нешта зьмяніць, то можна знайсьці любыя аргумэнты, каб гэтага не рабіць. Таму, я думаю, што назвы гарадоў, вёсак і вуліц у Беларусі будуць мяняцца. І гэта пройдзе ў два этапы. Першы, спантанны, калі да ўлады прыйдуць новыя людзі. І другі, больш грунтоўны, калі прынцыпова зьменіцца стан беларускай нацыі.

Цыганкоў: Сымбалем непасьлядоўнасьці перайменаваньняў на постсавецкай прасторы зьяўляецца Расея, дзе старажытны сусьветна вядомы горад Санкт-Пецярбург зьяўляецца сталіцай Ленінградзкай вобласьці.

Дракахруст: Ва Украіне зараз тая самая сытуацыя: горад Дняпро ў Днепрапятроўскай вобласьці.

Цыганкоў: Гэта таксама паказвае пэўны сюррэалізм такой сытуацыі. Магчыма мы надаём надта мала ўвагі такім нематэрыяльным чыньнікам, асабліва з пункту гледжаньня фармаваньня сьвядомасьці нацыянальнай, палітычнай. Ёсьць шмат навуковых працаў, артыкулаў, якія даказваюць, што менавіта асяродзьдзе, ад архітэктурнага да ідэйна-палітычнага, міжволі фармуюць сьвядомасьць людзей.

Сапраўды, калі патэнцыйны інвэстар прыяжджае ў Беларусь і глядзіць на вялізны помнік Леніну, нельга сказаць, што гэта не аказвае ніякага ўплыву на яго. Канешне, грошы ёсьць грошы, але адразу ён у галаве ўяўляе сабе карціну гэтай краіны, ня ведаючы акалічнасьцяў, якія тут ёсьць. Ён бачыць тое, што бачыць. Гэта тое, што варта было б мяняць, прыводзіць у большую адпаведнасьць з беларускай гістарычнай нацыянальнай спадчынай.

Натуральна, пры гэтай уладзе наўрад ці гэта атрымаецца. Хоць нейкія крокі робяцца, нягучна, асабліва на мясцовым узроўні. Усё больш помнікі Леніна не аднаўляюцца — на іх месцы ці не ставяць новыя, ці нават ставяць помнікі гістарычным ці сучасным дзеячам. Гэта адбываецца, гэта аптымістычна, але не ў такіх маштабах, у якіх камусьці, прынамсі мне, хацелася б.

Аргумэнты пра неспрыяльны фон непераканаўчыя. Гэта прыблізна ў тым жа самым рэчышчы, што давайце спачатку пабудуем дэмакратыю і эканоміку, а потым зоймемся беларускай мовай.

Дракахруст: А пра меркаваньне людзей пераканаўчыя?

Цыганкоў: Пераканаўчыя, але я б не сказаў, што меркаваньне людзей у Беларусі нейкае трывалае за помнікі Леніну. Ня думаю, што ёсьць нейкая зацятасьць беларусаў у гэтым пытаньні, што яны жыцьцё аддадуць за тое, каб была вуліца і помнік Леніна. Большасьці гэта абыякава, ну а актыўнейшая меншасьць выступае супраць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG