Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўніцу праапэравалі. Нападнік — падлетак з добрай сям’і


Менская гімназія нумар 74

Менская гімназія нумар 74

Нікога з пабочных асоб у сталічную гімназію № 74, дзе ўчора здарыўся замах на настаўніцу, не пускаюць. Дзьверы зачынены на замок.

На ўваходзе — вахцёры і ахова з настаўнікаў. Пускаюць толькі дзяцей. У сярэдзіне дня ў чацьвёртых клясах — выпускныя, разам зь дзецьмі прапускалі і бацькоў. На перапынках на школьны двор і стадыён нікога не выпускалі, дзеці бавіліся ў будынку.

На просьбу журналістаў на ганак выйшаў намесьнік дырэктара гімназіі Дзьмітры Мікалаевіч Міхайлоўскі. Сказаў, што ўсе пытаньні — да Сьледчага камітэту, кіраўніцтва школы нічога камэнтаваць ня будзе і ніякіх падрабязнасьцяў не распавядзе. На ўсе ўгаворы журналістаў АНТ, Эўрарадыё, Радыё Свабода, «КП» ды іншых, што хацелі б пачуць, як усё было, зь першых вуснаў, спадар Міхайлоўскі адказаў, што нічога ня скажа, маўляў, і так абы-чаго панапісвалі.

Учора ў сеціве зьяўлялася інфармацыя, што на настаўніцу 74-й гімназіі напалі некалькі чалавек, двое ці трое трымалі, адзін наносіў удары вострым прадметам. У аўторак Сьледчы камітэт афіцыйна абверг гэта.

«Падазраваны знаходзіўся з пацярпелай у клясе сам-насам. Матывы і прычыны яго ўчынку сьледзтва высьвятляе. Ніякага настаўніка зь сякерай, які быццам бы выбіваў дзьверы, не было», — паведаміў кіраўнік прэс-службы Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч. Паводле ягоных словаў, праводзяцца сьледчыя дзеяньні, допыты.

Падазраваны хлопец на кантакт са сьледзтвам не пайшоў. Матывы ягонага ўчынку няясныя.

Зьвестак пра падазраванага падлетка няшмат: быццам бы ён з нармальнай сям’і, ні на якіх уліках у міліцыі не стаяў, спакойны, ураўнаважаны, вучыцца ў 9 клясе.

Настаўніцу праапэравалі. Раненьні былі досыць цяжкія, нанесеныя ў жыцьцёва важныя ўчасткі цела. Стан пацярпелай стабільна цяжкі, яна на падтрымліваючым мэдычным абсталяваньні. Аднак сьледчыя спадзяюцца, што змогуць зь ёй пагутарыць ужо сёньня, кажа Сяргей Кабаковіч.

У дачыненьні да падлетка заведзена крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 14 і часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэксу (замах на забойства). Адказнасьць па гэтых артыкулах наступае з 14 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG