Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алянд, Мэркель, Парашэнка і Пуцін дамовіліся пра паліцэйскую місію АБСЭ на Данбасе


Ілюстрацыйнае фота. Падчас сустрэчы ў «нармандзкім фармаце» ў Менску 11 лютага 2015 году, на фота зьлева направа - Уладзімер Пуцін, Француа Алянд, Ангела Мэркель і Пятро Парашэнка

Ілюстрацыйнае фота. Падчас сустрэчы ў «нармандзкім фармаце» ў Менску 11 лютага 2015 году, на фота зьлева направа - Уладзімер Пуцін, Француа Алянд, Ангела Мэркель і Пятро Парашэнка

Парашэнка заклікае Пуціна вывесьці войскі, вярнуць закладнікаў і спыніць перасьлед крымскіх татараў. Пуцін жа патрабуе спыніць абстрэлы і весьці прамы дыялёг з сэпаратыстамі.

Лідэры Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі ў тэлефоннай размове ў так званым «нармандзкім фармаце» выказалі падтрымку разгортваньня паліцэйскай місіі АБСЭ на Данбасе і пачатку кансультацыяў па гэтым пытаньні, паведамляе прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны.

АБСЭ разглядае магчымасьць адпраўкі паліцэйскай місіі ў кантраляваныя сэпаратыстамі раёны Данбасу на пэрыяд правядзеньня там мясцовых выбараў. Паліцэйская місія магла б налічваць сотні ўзброеных чалавек, пакуль жа назіральнікі АБСЭ на ўсходзе Ўкраіны няўзброеныя і проста сочаць за захаваньнем перамір’я.

«Нармандзкая чацьвёрка» пагадзілася, што для працягу палітычнага дыялёгу трэба выконваць Менскія пагадненьні. Разам з тым Франсуа Алянд, Ангела Мэркель, Пятро Парашэнка і Ўладзімер Пуцін абмеркавалі пытаньні правядзеньня мясцовых выбараў на Данбасе паводле ўкраінскага заканадаўства і нормаў АБСЭ, а таксама некаторыя аспэкты сытуацыі ў Сырыі.

Але Парашэнка падкрэсьліў, што для гэтага Расея мусіць вывесьці войскі з акупаванай часткі Ўкраіны і спыніць пастаўкі туды зброі і войскаў, а таксама заявіў пра неабходнасьць вяртаньня кантролю над украінска-расейскай мяжой. Таксама Парашэнка заклікаў вызваліць усіх закладнікаў, у тым ліку Надзею Саўчанку, Генадзя Афанасьева і Юрыя Салашэнку, спыніць парушэньні правоў крымскіх татараў, спыніць іх перасьлед і вызваліць палітвязьняў у акупаваным Расеяй Крыме.

Пуцін жа заклікаў спыніць абстрэлы ўкраінскімі вайскоўцамі населеных пунктаў Данбасу. Ён падкрэсьліў, што ключавым элемэнтам урэгуляваньня мае стаць прамы дыялёг Кіева з Данецкам і Луганскам.

XS
SM
MD
LG