Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску вучань ударыў настаўніцу нажом па горле


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Напад адбыўся раніцай 23 траўня ў гімназіі № 74 ў Кастрычніцкім раёну Менску.

Паводле ўправы Сьледчага камітэту па Менску, «настаўніца па тэлефоне паведаміла сваёй дачцэ, што адзін са старшаклясьнікаў некалькі разоў ударыў яе нявысьветленым вострым прадметам».

Была выкліканая хуткая дапамога, пацярпелую настаўніцу шпіталізавалі, ёй надаецца кваліфікаваная мэдычная дапамога. Што да старшаклясьніка, які напаў на настаўніцу, ён затрыманы, заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу аб замаху на забойства, паведамляе сайт Сьледчага камітэту.

Як распавяла адна з вучаніц гімназіі для «Эўрарадыё», усяго нападнікаў было чацьвёра.

«Настаўнікі кажуць, што іх было чацьвёра. Трое трымалі, а адзін стаяў з нажом у руцэ. Патрабавалі, каб яна „прасіла прабачэньня за зьдзекі зь дзяцей“, і яна прасіла...»

Сьведка таксама распавяла, што дапамогу пацярпелай спрабаваў надаць настаўнік працы. Дзьверы клясы аказаліся зачыненыя знутры, і тады настаўнік прынёс сякеру ды пачаў ламаць дзьверы.

«Але на той момант настаўніцу ўжо ўдарылі нажом. Яна страціла шмат крыві, хаця была ў прытомнасьці», — распавяла вучаніца.

Сьледзтва высьвятляе матыў нападу на настаўніцу і абставіны здарэньня. Пра стан здароўя пацярпелай мэдыкі інфармацыі не даюць.

Пацярпелая — настаўніца вышэйшай катэгорыі, пэдагагічны стаж — 25 гадоў, вядзе платны гурток «Падрыхтоўка да ЦТ па расейскай мове» і факультатыў «Практычная стылістыка расейскай мовы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG