Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын белаэмігранта перамог сябра Крамля


 Аляксандар Ван дэр Бэлен

Аляксандар Ван дэр Бэлен

Як адзначае аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў, цяперашнія прэзыдэнцкія выбары Аўстрыя запомніць надоўга. У другім туры выбараў 22 траўня галасы, пададзеныя за кандыдата правапапулісцкай Партыі свабоды Норбэрта Хофэра і яго суперніка, былога лідэра Партыі «зялёных» Аляксандра Ван дэр Бэлена, падзяліліся практычна пароўну. Афіцыйнае паведамленьне пра тое, што Ван дэр Бэлен перамог з адрывам усяго толькі ў 0,4% галасоў, паступіла толькі ў другой палове дня ў панядзелак. Цікава, што абодва кандыдаты так ці інакш зьвязаныя з Расеяй.

45-гадовы Норбэрт Хофэр, усьмешлівы і гаваркі былы авіяцыйны інжынэр, правёў энэргічную перадвыбарчую кампанію. У першым туры чатыры тыдні таму Хофэр даволі ўпэўнена перамог, набраўшы 35% галасоў. Ван дэр Бэлен, які заняў другое месца, адстаў на 14%. Дэбаты напярэдадні другога тура праходзілі жорстка. Хофэр рабіў націск на праблемы, зьвязаныя з наплывам мігрантаў (за мінулы год у Аўстрыі папрасілі прытулку каля 90 тысяч чалавек — для 8-мільённай краіны гэта нямала). Ван дэр Бэлен апаніраваў: Аўстрыя не павінна адыходзіць ад сучасных эўрапейскіх каштоўнасьцяў, ад салідарнасьці зь людзьмі, якія трапілі ў бяду. Гэта, па словах кандыдата, не адмаўляе неабходнасьці ўмацоўваць межы ЭЗ і змагацца з экстрэмізмам — але, як лічыць новаабраны аўстрыйскі прэзыдэнт, у гэтай справе трэба «абыходзіцца без істэрык».

Перакананьні Ван дэр Бэлен, несумненна, зьвязаныя зь няпростай гісторыяй яго сям’і. Яго продкі, дваране галяндзкага паходжаньня, пасяліліся ў Расеі пры Кацярыне II. У 1919 годзе Аляксандар Ван дэр Бэлен-старэйшы, які жыў у Пскове, зьбег ад бальшавікоў у суседнюю Эстонію. Аднак праз 21 год савецкая ўлада прыйшла і туды, і Ван дэр Бэлены вымушаныя былі зьехаць на Захад. Пазьней сям’я пасялілася ў Аўстрыі. Ня дзіва, што новы прэзыдэнт гэтай краіны называе сябе «дзіцём уцекачоў», і яму не па душы антыэмігранцкія заклікі Норбэрта Хофэра і Партыі свабоды.

Норбэрт Хофэр

Норбэрт Хофэр

У Расеі, аднак, няшмат хто заўзеў за сына былых расейскіх падданых. Патрыятычная грамадзкасьць хутчэй сымпатызавала Хофэру. Пасьля таго, як у нядзелю ўвечары паступілі паведамленьні, што Хофэр апярэджвае суперніка на некалькі тысяч галасоў, некаторыя пасьпяшаліся адсьвяткаваць перамогу ці хаця б пазлараднічаць.

За пару гадзінаў да падвядзеньня канчатковых вынікаў галасаваньня хаду і палітычнае значэньне выбараў прэзыдэнта Аўстрыі пракамэнтаваў Радыё Свабода аўстрыйскі палітоляг, прафэсар Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту Антон Пялінка.

— Як атрымалася, што аўстрыйскае грамадзтва раскалолася ня проста глыбока, але яшчэ і практычна пароўну: сытуацыя 50/50 здараецца на выбарах вельмі рэдка?

— На мой погляд, галоўная прычына ў тым, што Норбэрт Хофэр — гэта кандыдат, які выступае супраць усяго статус-кво, уключаючы палітычныя і сацыяльныя наступствы эўрапейскай інтэграцыі для Аўстрыі. У цэнтры гэтай яго пратэстнай ідэалёгіі — лёзунгі, накіраваныя супраць іміграцыі, а антыэміграцыйная плятформа цяпер у Аўстрыі папулярная. З іншага боку, Аляксандр Ван дэр Бэлен — гэта кандыдат той часткі аўстрыйцаў, якія выступаюць «за Эўропу» і прынцыпы адкрытага грамадзтва. Гэтыя людзі заклапочаныя ростам папулярнасьці Партыі свабоды, якую прадстаўляе Хофэр. Так што галасаваньне за Ван дэр Бэлена было галасаваньнем ня столькі супраць самога Хофэра, колькі супраць яго партыі.

— Калі так, дык гэта значыць, што 50% аўстрыйскіх выбаршчыкаў сымпатызуюць Партыі свабоды, паколькі яны падтрымалі Норбэрта Хофэра. Гэта сапраўды ўражвае.

Антон Пелінка

Антон Пелінка

— І так, і не. Усё ж такі Хофэр — гэта «Партыя свабоды з чалавечым тварам». У яго імідж такога прыязнага хлопца. Шмат каго ён адпуджвае значна менш, чым, напрыклад, лідэр «свабодных» Хайнц-Крысьціян Штрахе. Хофэр больш арыентаваны на кансэнсус. Пры гэтым ён вельмі спрытна карыстаецца страхам перад мігрантамі, якія жывуць перш за ўсё ў асяродзьдзі, як кажуць сацыёлягі, «тых, хто прайграў ад мадэрнізацыі». Гэта менш адукаваная частка аўстрыйцаў, людзі, якія бачаць у іншаземцах патэнцыйных «выкрадальнікаў» іх працоўных месцаў.

— У дэмакратычным грамадзтве кіраўнік дзяржавы павінен быць фігурай, якая аб’ядноўвае. Як быць у гэтым выпадку аўстрыйскім палітыкам? Хто б ні перамог, ён, мабыць павінен будзе так ці інакш ўлічваць меркаваньне той паловы выбаршчыкаў, якая падтрымала яго суперніка?

— Гэта будзе няпростая задача. Прэзыдэнцкія выбары наэлектрызавалі грамадзтва, а тым часам асноўныя палітычныя інструмэнты ў Аўстрыі застаюцца ў руках парлямэнту і ўраду, які абапіраецца на парлямэнцкую большасьць. У прэзыдэнта прасторы для манэўру ня так шмат, па меншай меры ў звычайных абставінах. Калі прэзыдэнтам будзе Хофэр, дык, верагодна, у мэтах кампрамісу ён будзе выказвацца, хаця б спачатку, крыху больш па-праэўрапейску і крыху менш па-прапуцінску, чым гэта прынята ў Партыі свабоды. Ну, а калі прэзыдэнтам будзе Ван дэр Бэлен, яму так ці інакш прыйдзецца мець справу са страхамі «сініх каўнерыкаў», перш за ўсё ў галіне іміграцыі. Гэта няпроста, і ў абодвух выпадках гэта хутчэй пытаньне стылю, чым сутнасьці палітыкі. У галіне стылю сёе-тое можа быць зроблена, у галіне сутнасьці — наўрад ці.

— Вы ўжо згадалі прапуцінскую пазыцыю Партыі свабоды. Перамога Хофэра, ды нават сам яго — у любым выпадку — вельмі пасьпяховы выступ на гэтых выбарах можа стаць новым штуршком для прыхільнікаў Крамля ў Аўстрыі?

— Я б хутчэй сказаў — для прыхільнікаў Пуціна ў Эўропе. Марын ЛеПэн, лідэр францускага Нацыянальнага фронту, чатыры тыдні таму павіншавала Норбэрта Хофэр з перамогай у першым туры выбараў. Нацыянальны фронт і Партыя Свабоды выступаюць у якасьці партнэраў у Эўрапарлямэнце, разам крытыкуючы, у прыватнасьці, санкцыі супраць Расеі і ўсю палітыку ЭЗ ў дачыненьні да Крамля. Так, для гэтых сілаў перамога Хофэра зрабілася б вялікім шчасьцем. Парадаксальна, але на ўласна аўстрыйскую палітыку гэта паўплывала б меней: замежныя справы — прэрагатыва ўраду ў куды большай ступені, чым прэзыдэнта. Але ў цэлым посьпехі Хофэра — гэта сыгнал для Эўропы, сьведчаньне цяперашняй сытуацыі ў ЭЗ. Дарэчы, Партыя свабоды ня толькі падтрымлівае анэксію Крыму, але і нядаўна адкрыта выступіла ў падтрымку выхаду Рэспублікі Сэрбскай са складу Босьніі і Герцагавіны.

— У сувязі з цяперашнімі выбарамі ўжо зьявіліся алярмісцкія камэнтары — маўляў, дэмакратыя ў Аўстрыі пад пагрозай. Вы таксама лічыце цяперашні рост папулярнасьці Партыі свабоды пагрозай парлямэнцкай дэмакратыі ў вашай краіне?

— Я зусім не належу да прыхільнікаў гэтай партыі, але я не гатовы лічыць яе пагрозай дэмакратыі. Партыя свабоды, падобна, гатовая гуляць па правілах, пазначаных нашай Канстытуцыяй. Няма падставаў меркаваць, што гэтая партыя і яе кандыдат маюць намер парушаць асноўны закон дзяржавы, а значыць — наўпроставай пагрозы дэмакратыі няма, — лічыць аўстрыйскі палітоляг, прафэсар Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту Антон Пялінка.

Тым кандыдат Норберт Хофер прызнаў сваю паразу, але запэўніў выбаршчыкаў, што галасы, аддадзеныя за яго кандыдатуру, — гэта «інвэстыцыя ў будучыню»:

Як адзначае аўстрыйская прэса, Аляксандра Ван дэр Бэлена падтрымала большасьць выбаршчыкаў, якія галасавалі ў першым туры за кандыдатаў іншых лібэральных, левых і цэнтрысцкіх партый. У выніку ўжо другі раз за апошнія паўгода ў Эўропе спрацавала нефармальная «шырокая кааліцыя» разнастайных палітычных сілаў супраць ультраправых. У сьнежні мінулага году гэта здарылася ў другім туры рэгіянальных выбараў у Францыі, калі супрацоўніцтва сацыялістаў і рэспубліканцаў вывела з гульні Нацыянальны фронт, які атрымаў перамогу ў першым туры.

XS
SM
MD
LG