Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі школьнік пачаў рабіць відэаагляды навінаў і футболу па-беларуску


Пакуль на выйшла шэсьць штотыднёвых выпускаў навінаў, кожны мае каля тысячы праглядаў.

Малады мянчук Іван Місуна пачаў выдаваць на Youtube-канале «J Tsmok» беларускамоўныя тыднёвыя відэаагляды навінаў, а таксама рэгулярныя відэарэпартажы пра беларускі футбол. Усё, акром рэпартажаў з матчаў «Крумкачоў», хлопец робіць сам. На матчах яму дапамагае апэратар.

Нашто наагул відэаблогеру агляды навінаў?

«Люблю рабіць відэа на розныя тэмы, у майго канала няма вызначанага накірунку, таму што не заўжды ёсьць магчымасьць рабіць нешта аднолькавае, — тлумачыць Свабодзе Іван. — Справа ў тым, што беларускае ТБ вельмі далёкае ад ідэалу, а наогул відэакантэнту на беларускай мове не ад СМІ бракуе, таму я намагаюся стварыць балянс між усім. Першапачаткова я спадзяваўся на беларускую, і беларуска-, і расейскамоўную, аўдыторыю ад 14 да 40 год, але, як кажа статыстыка YouTube, мяне пераважна глядзяць па ўсім сьвеце ўва ўзросце ад 21 да 34 год».

Іван распавядае, што цяпер сканчае 11 кляс і рыхтуецца да школьных экзамэнаў, затым плянуе паступаць на перакладчыцкi факультэт у МДЛУ. Зарабляць на Youtube у Беларусі лічыць амаль немагчымым і на далейшую працу на беларускім ТБ не разьлічвае. Абяцае паляпшаць якасьць кантэнту ды паспрабаваць здымаць кліпы на песьні «крутых беларускіх выканаўцаў».

XS
SM
MD
LG