Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае заява міністра энэргетыкі Расеі пра роўнадаходныя цэны на газ для Беларусі празь 9 гадоў?

Удзельнікі: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.


Глод: Міністар энэргетыкі Расейскай Фэдэрацыі Аляксандар Новак заявіў у інтэрвію тэлеканалу «Расея 24», што цана на расейскі газ для Беларусі разьлічваецца на падставе існуючых пагадненьняў А пераход на роўнадаходныя цэны на газ, на якія спасылаецца беларускі бок, у прынцыпе, магчымы. Але толькі пасьля стварэньня адзінага рынку газу ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу, што прадугледжваецца на 2025 год.

Расейскі міністар распавёў, што формула цаны газу для Беларусі працуе шмат гадоў. Яна зафіксаваная ў міжурадавых дамовах дзьвюх краінаў. За аснову бярэцца цана на газ у Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе, да якой дадаецца кошт транспарціроўкі да Беларусі. Дагэтуль ніякіх афіцыйных зьменаў не адбылося, і таму Беларусь павінна плаціць адпаведна формуле кантракту.

Спадар Новак тлумачыць, што спрэчка паміж Менскам і Масквой ідзе не з-за цаны, а з-за розных трактовак пераходу на роўнадаходнасьць. У Беларусі паглядзелі, што пасьля істотнага падзеньня коштаў на газ на сусьветным рынку ёй цяпер больш выгодна атрымліваць газ па роўнадаходных цэнах. Але ж міжурадавае пагадненьне не прадугледжвае такога пераходу з 1 студзеня 2016 году. Міністар нагадаў, што ў рамках ЭАЭС і стварэньня адзінага газавага рынку прадугледжваецца распрацоўка адпаведнай канцэпцыі ў пэрыяд да 2017 году. А пасьля гэтага будзе яшчэ і пераходны пэрыяд да 2025 году.

Расея ацаніла даўгі Беларусі за газ з пачатку сёлетняга году па красавік у 125 мільёнаў даляраў. У Менску называюць справядлівай цану ў 73 даляры і лічаць, што ніякага доўгу няма.


Паколькі ў Маскве лічаць па-старому, то бок па 132 даляры за адну тысячу кубоў прыроднага газу, то Расея ацаніла даўгі Беларусі за газ з пачатку сёлетняга году па красавік у 125 мільёнаў даляраў. У Менску называюць справядлівай цану ў 73 даляры і лічаць, што ніякага доўгу няма.

Бакі, нагадаю, час ад часу праводзяць перамовы. Чарговы раўнд прайшоў 17 траўня ў Маскве, аднак сустрэча ня мела посьпеху. Расея па-ранейшаму адмаўляецца даваць Беларусі зьніжку.

Падобна, што справа ўсё ж будзе разглядацца ў Міжнародным арбітражным судзе пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце. Чаму менавіта ў Менску пройдзе суд? А таму, што ў суд зьвярнулася беларуская «дачка» «Газпрому», якая афіцыйна зарэгістраваная ў Беларусі. Гэта, дарэчы былое стратэгічнае беларускае прадпрыемства «Белтрансгаз», якое напрыканцы 2011 году цалкам прадалі «Газпрому». У выніку атрымалася, што былая беларуская кампанія цяпер судзіцца зь Беларусьсю.

І на заканчэньне, чаму так атрымліваецца. Да гэтага дайшло з ініцыятывы самога Менску. Як кажуць, «за что боролись на то и напоролись». Доўгі час Беларусь дамагалася ад Расеі, каб кошт газу быў непасрэдна зьвязаны з коштам нафты. Нарэшце расейцаў уламалі, і тыя пагадзіліся. І пакуль нафта каштавала болей за 100 даляраў за барэль, для Беларусі ўсё было цудоўна.

Беларусь сама трапіла ў пастку прывязкі да цьвёрдай цаны за нафту.


Але пасьля таго, як кошты нафты абвалілася ўтрая, высьветлілася, што Беларусь сама трапіла ў пастку прывязкі да цьвёрдай цаны за нафту.

А цяпер пытаньне да вас, калегі. Як вы думаеце, што нясе новы віток газавай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй?

Дракахруст: Калі міністар Новак кажа пра тое, што нешта адбудзецца праз 9 гадоў, гэта вельмі нагадвае знакамітую казку пра Хаджу Насрадзіна, які абяцаў навучыць ішака за 20 гадоў гаварыць па-пэрсідзку з разьлікам на тое, што за 20 гадоў ці сам Хаджа, ці ішак, ці шах, якому ён гэта абяцаў, памрэ.

9 гадоў у цяперашніх стасунках — гэта вечнасьць. Магчыма, праз 9 гадоў і цяперашняя формула будзе больш зручнай для беларускага боку. Відавочна розная трактоўка бакамі розных пагадненьняў. Так, ёсьць кантракт, які напісаны хутчэй на карысьць расейскай інтэрпрэтацыі. Але існуюць іншыя пагадненьні, паводле якіх гэтыя самыя роўнадаходныя цэны павінны былі быць яшчэ з пачатку 2015 году. І Беларусь спасылаецца менавіта на гэтыя пагадненьні, маўляў, вось ёсьць абяцаньне, давайце нашыя стасункі прывядзем у адпаведнасьць зь ім.

Моцным аргумэнтам расейскага боку зьяўляецца так званы прынцып «настойлівага пярэчаньня», дакладней, яго парушэньне.


На мой погляд, даволі моцным аргумэнтам расейскага боку зьяўляецца так званы прынцып «настойлівага пярэчаньня», дакладней, яго парушэньне. Сутнасьць гэтага прынцыпу ў тым, што права нейкай дзяржавы прызнаецца ў тым выпадку, калі пры яго парушэньні дзяржава ад самага пачатку настойвала ўвесь час на яго выкананьні, увесь час заяўляла, што яно парушанае. Мы бачым такія паводзіны Ўкраіны адносна анэксіі Крыму. Так, гэта зусім іншае, але прынцып той жа самы: мы ад самага пачатку і ўвесь час гаворым, што адносна нас паступілі няправільна.

А зараз расейцы гавораць: «Беларусы, дзе вы былі? Ужо некалькі гадоў цяперашняя формула фармаваньня цаны на газ дзейнічала, пры гэтым вы ані слова не пярэчылі, а зараз прачнуліся. Зразумела, вам невыгодна, але дамовы павінны выконвацца».

Так што да вырашэньня гэтай спрэчкі яшчэ вельмі далёка. Добра тое, што гэта вырашаецца праз суд. У 2010 годзе запазычанасьць была сувымерная зь цяперашняй (зараз ідзе гаворка з пункту гледжаньня расейцаў пра 120 мільёнаў, тады 190), але мы памятаем, што тады было: перакрывалі заслонку, Беларусь не атрымлівала газ. А зараз суд — ён будзе цягнуцца доўга. Экспэрты гавораць, што некалькі гадоў, а Беларусь плаціць ня будзе, пакуль гэта ня вырашыцца. За некалькі гадоў доўг назапасіцца велізарны, але, магчыма, тады будуць іншыя абставіны і з доўгам прыдумаюць, як абысьціся. Нават калі Расея выйграе гэты суд.

Цыганкоў: Беларусь трапіла ў пастку прывязкі да цьвёрдай цаны на газ, за якую Менск у свой час вельмі доўга змагаўся. Калісьці гэта было афіцыйнаму Менску выгадна, але пасьля таго, як цана на нафту на сусьветным рынку ў тры разы ўпала, то беларусы сталі закладнікамі формулы.

У развагах пра тое, як вырашыцца гэты крызіс, можна абапірацца на гісторыю. Звычайна такія крызісы спачатку вырашаюцца на ўзроўні міністэрстваў, нават часам даходзяць да прэм’ер-міністра. Усё гэта дзейнічае па прынцыпу «габлюй, габлюй, сынку, прыйдзе бацька — падправіць» — у тым сэнсе, што калі разьвіваецца актыўна нейкая фаза згоды, то даходзіць да вышэйшых кіраўнікоў дзяржаваў, і яны вырашаюць гэта на палітычным узроўні.

Расея цяпер змагаецца за кожны даляр, усё менш схільная саступаць, і гэта новая непрыемная для афіцыйнага Менску рэальнасьць.


Як звычайна гэта бывала за гісторыю апошніх 20 гадоў, за некаторымі выключэньнямі, усё вырашалася на карысьць беларускага боку. Зараз, калі абстрактна паглядзець на магчымасьці газавай вайны, то на дадзены момант ідуць цывілізаваныя спрэчкі і вайны зараз не павінна быць, бо расейцам не хочацца губляць і беларускі газавы рынак, і беларускія транзытныя магчымасьці. Акрамя ўсяго, ёсьць геапалітычны аспэкт — ці не апошні больш-менш спакойны саюзьнік. Мы ня ведаем, зразумела, што там можа адбывацца ў крамлёўскіх галовах, але палітычна і лягічна гэта пакуль невыгодна.

Такая спрэчка мае больш шанцаў альбо як мінімум зацягнуцца, альбо быць вырашанай на карысьць беларускага боку. Відавочна, што Расея стала больш дробязнай. Раней бы на суму 120 мільёнаў даляраў не зьвярнулі б увагу. Хоць яна мае магчымасьць нарастаць, але вось ў 90-я гады Беларусі сьпісвалі, даравалі мільярды даляраў — а яны на той момант былі намнога больш важкія, чым цяпер. Расея цяпер змагаецца за кожны даляр, усё менш схільная плаціць, саступаць, і гэта новая непрыемная для афіцыйнага Менску рэальнасьць.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG