Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Velcom пачне збор старых непатрэбных тэлефонаў і пляншэтаў


Проста выкідаць стары ці зламаны апарат у сьметніцу нельга, гэта моцна шкодзіць прыродзе.

Беларускі мабільны апэратар velcom усталюе 23 траўня ў сваіх цэнтрах продажаў і абслугоўваньня кантэйнэры для збору старых тэлефонаў і пляншэтаў. За апарат, здадзены на ўтылізацыю, абанэнтам не заплоцяць і не дадуць бонусаў, але і здаць апарат можна бясплатна. Дый для самой кампаніі velcom праект не камэрцыйны і не прынясе прыбытку, запэўніваюць Свабоду ў прэс-службе апэратара.

Як толькі кантэйнэр запоўніцца, электроніку здадуць на перапрацоўку ў ААТ «БелВТІ» — velcom абяцае прасачыць, каб апараты ўтылізавалі «з улікам экалягічных інтарэсаў»:

«Выкарыстоўваючы комплексную сыстэму ўтылізацыі, практычна мінімальныя рэшткі неперапрацаваных адкідаў, а асноўныя матэрыялы, як плястык, мэталы і іншыя, могуць быць вернутыя ў другасную вытворчасьць. Гэта дазволіць зьнізіць шкоду, якая наносіцца экалёгіі, зьменшыць спажываньне матэрыялаў, скараціць выдзяленьне парніковых газаў».

Падобным чынам даўно зьбіраюць выпрацаваныя батарэйкі і акумулятары, якія, калі іх проста выкінуць у сьметніцу, будуць ня менш шкодзіць прыродзе (velcom кажа: адна пальчыкавая батарэйка можа забрудзіць цяжкімі мэталамі каля 20 кв.м глебы). Кантэйнэры для збору батарэек можна знайсьці ў цэнтрах мабільных апэратараў і ў крамах.

А тэлефоны і пляншэты зьбіраць такім самым чынам пачнуць у Беларусі ўпершыню.

XS
SM
MD
LG