Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад вайсковым пляцам на Фолюшы ў Горадні аказаліся пахаваньні ваеннапалонных зь нямецкага шталагу 324. Сёньня адбываюцца раскопкі.

Фолюш — вайсковы гарадок і жылы раён побач на паўночным захадзе гораду. Лягер для савецкіх ваеннапалонных існаваў на гэтай ускраіне крыху больш за год — да восені 1942-га. Афіцыйна прынятая лічба: у ім загінулі васемнаццаць тысяч чырвонаармейцаў і камандзіраў. Тэрыторыя была немалая — прыблізна пяцьдзясят гектараў. Пасьля вайны ў гэтым месцы быў савецкі фільтрацыйны лягер: прывезеных зь Нямеччыны людзей — цывільных і ваеннапалонных правяраў «Смерш». Каму пашанцуе — адпусьцяць, іншых — у Гулаг.

Пра тысячы шкілетаў пад нагамі было агульнавядома. Але разбудоўваўся жылы мікрараён, пашыраўся вайсковы гарадок. Ясна: калі будоўля, капаюць катлаваны, земляныя работы адбываюцца пастаянна, косьці не маглі не трапляцца. Але ў савецкія часы ніхто асабліва «ня парыўся». Я сам, прыехаўшы ў Горадню, першым часам жыў на Фолюшы. Аб масавых пахаваньнях ніхто не ўспамінаў.

Эксгумацыяй салдацкіх парэшткаў у раёне Фолюша займаюцца з 2007 году. Косткі хаваюць но новых могілках «Аўльс» на паўночным усходзе Горадні (паводле гісторыка Андрэя Вашкевіча, Аўльс — лацінскі тэрмін, абазначае спрэчную тэрыторыю). Знойдзеныя тысячы чарапоў, шкілетаў або частак. Аб гэтым цяпер пастаянна пішуць газэты, кожны новы выпадак абмяркоўваецца ў інтэрнэце.

Пытаньне падставовае: чаму раней не зьвярталі такой увагі на масавыя салдацкія магілы, як сёньня? Перш, ясна, са сталінскіх часоў было прынята лічыць палонных «здраднікамі радзімы». Нездарма ацалелых перавозілі з фашысцкіх лягераў за тысячы кілямэтраў – у савецкія. Дый сам чалавек, тым больш яго сьмерць, могілкі рэальна не былі важнымі ў час «будаўніцтва камунізму».

У савецкія часы, зрэшты, зрабілі пачатковую эксгумацыю, перазахавалі частку парэшткаў і паставілі на гэтым кропку. Канечне, каб адкапаць, вывучыць васямнаццаць тысяч шкілетаў, патрэбны высілкі, грошы. А грошы ішлі на танкі, што стаялі на Фолюшы.

Год таму нямецкі бундэстаг вырашыў выплаціць па 2500 эўра былым савецкім ваеннапалонным — тым, хто яшчэ жыве. Нямала дэпутатаў было супраць. Яны ня лічаць савецкіх ваеннапалонных ахвярамі нацызму. І казалі: тады ўжо зрабіць выплату ўсім астатнім — англічанам, французам, амэрыканцам. Аднак сьмяротнасьць сярод палонных заходніх армій не перавышала двух адсоткаў, а савецкіх зьнішчалі масава. Проста абгароджвалі калючым дротам вялікую тэрыторыю, заганялі дваццаць-пяцьдзясят тысяч чалавек, не будавалі звычайна ніякіх баракаў. Бундэстаг прыняў гэтыя абставіны пад увагу.

Адным з такіх лягераў, дзе палонных трымалі пад голым небам, быў шталаг 324 на Фолюшы ў Горадні. Частка палонных, праўда, атрымала магчымасьць разьмясьціцца ў зямлянках. Цяпер гарадзенцы дзівяцца: у савецкі час і пазьней праводзіліся парады, гралі фанфары, маладых салдат частавалі дамашнімі прысмакамі, а пад асфальтам — капнуць рыдлёўкай, на глыбіні паўмэтра шэрагі шкілетаў.

Сёньня знаходзяцца абаронцы савецкіх часоў: тады паставілі знак на месцы лягера, частку парэшткаў перазахавалі, што яшчэ трэба? Колькі будуць сёньня ў камэнтарах шумець «сьвядомыя»?! Але калі зыходзіць з такой лёгікі і прызначаць вінаватымі «сьвядомых», то атрымаецца, што трэба перакрэсьліць высілкі салдат 52-га пошукавага батальёну Узброеных сілаў РБ, якія займаюцца эксгумацыяй парэшткаў ваеннапалонных. Калі ў часы СССР «усё было зроблена належным чынам», то чаму цяпер траціцца столькі высілкаў, каб адкапаць, перазахаваць салдацкія косткі? Якія былі рэсурсы ў СССР для гэтага і якія мае сёньня РБ, хіба можна параўноўваць? Прычым: важны чыньнік — на Фолюшы стаяла танкавая дывізія Савецкай арміі, маршыравалі на касьцях байцоў гэтай жа арміі і нічога. Могілкі пад нагамі, пад салдацкімі ботамі ліквідаваць думкі не ўзьнікала. Цяпер гэта мусяць рабіць вайскоўцы беларускай арміі, хоць фармальна яна ня мае дачыненьня да Чырвонай арміі, палонных якой трымалі і зьнішчалі на Фолюшы немцы.

Пытаньне мэтазгоднасьці сёньня нібыта таксама прысутнічае: ну, перанесьлі косткі з заходняга берагу Нёмана (дзе Фолюш) на ўсходні (дзе могілкі «Аўльс»), а ці шмат прозьвішчаў удалося высьветліць? Пытаньне прадметнае. Сапраўды, вынікі бываюць мізэрныя. Чаму? Пры шкілетах знаходзяць альбо жэтоны, альбо «мэдальёны» — капсулы з паперкай. Але часта яны пустыя. Чаму? Закрываліся яны няшчыльна, паперка магла за 75 гадоў сатлець, зьнікнуць. Бывала, што яна захавалася, але надпіс, зроблены хімічным алоўкам, — не. Хто піша на гэтую тэму, любіць у якасьці прычыны ўказаць забабоннасьць байцоў: калі пакладзеш паперку са сваімі дадзенымі, то дакладна загінеш. Ці гэта насамрэч так было — невядома, спытаць асабліва няма ў каго. У 1942-м замест мэдальёнаў сталі выдаваць чырвонаармейскія кніжкі.

Што датычыць жэтонаў, то іх выдавалі ў лягеры для ўліку і кантролю немцы. Ці захавалася лягерная дакумэнтацыя — таксама пытаньне. Аднак паведамляецца, што за час пошукаў на Фолюшы ўдалося высьветліць сотні прозьвішчаў байцоў, косткі якіх ляжалі раней безназоўна літаральна пад нагамі. Ну дык значыць вынік ёсьць, ёсьць сэнс у тым, каб пахаваць з вайсковай цырымоніяй тых, хто пахаваны насамрэч па-сапраўднаму ня быў. Немцы не хавалі салдат, яны проста закапвалі трупы. І ніякіх знакаў зьверху. Ні капцоў, нічога. Немцы не лічылі савецкіх ваеннапалонных за вартых людзей. Сталіну іх таксама было не шкада. За калючым дротам загінулі мільёны. І васемнаццаць тысяч толькі на Фолюшы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG